Вы тут

Час збіраць... лісце (+ФОТА)


Ідэі для асенняга інтэр'ера.

Люблю Лошыцкі парк. Асабліва ўвосень, калі ён увесь засланы жоўта-барвовымі дыванамі. Якія, варта толькі падзьмуць ветрыку, ажываюць і пачынаюць вальсаваць: «Раз, два, тры. Раз, два, тры». На днях любавалася, як мамы з маленькімі дзеткамі кружлялі пад раскідзістымі клёнамі, выбіраючы самыя яркія і незвычайныя лісцікі. І адразу ж узгадала свае кляновыя букеты, якія потым ператвараліся ў закладкі для кніг ды падвескі на вокны. Лістападная пара ў самым разгары, таму і вы, шаноўныя чытачы, не губляйце часу — адпраўляйцеся на прагулкі ў парк усёй сям'ёй. Там зможаце атрымаць асалоду ад прыроды, падыхаць свежым паветрам, зрабіць рамантычныя фотаздымкі, адпачыць і, вядома ж, набраць «залатых» лісцікаў. Толькі вось што ж з імі рабіць потым, калі вернецеся дадому? Вядома, можна паставіць букет у вазу — гэта прыгожа, але крыху банальна... Вось мы і вырашылі падзяліцца з вамі некалькімі ідэямі выкарыстання лісця ў інтэр'еры. Ну што, гатовыя ўпусціць у свой дом восень? Пачынаем!

Душэўны падсвечнік

Падсвечнік са звычайнага шклянога слоіка, аздоблены асеннім лісцем, не толькі створыць утульнасць у вашым доме, але і «сагрэе» доўгімі зімнімі вечарамі. Зрабіць яго досыць проста. Для гэтага вам спатрэбяцца: клей ПВА ці спецыяльны, для дэкупажу, пэндзлік, слоік (любога памеру і формы), высушаныя лісцікі і маленькая свечка.

Слоік павінен быць ідэальна чыстым, інакш лісцікі не будуць трымацца. Таму мыем яго абястлушчвальным сродкам і праціраем спіртам. Пэндзлікам наносім на лісцікі клей. І прыкладаем іх да ўнутраных сценак слоіка. Каб лісце захавала форму і колер, папярэдне замачыце яго на некалькі дзён у растворы гліцэрыну (у суадносінах 1:2 з вадой), затым падсушыце. Рыльца слоіка можна ўпрыгожыць стужачкай. У сярэдзіну пастаўце свечку — арыгінальны падсвечнік гатовы!

Рамантычная падвеска

З асенняга лісця можна зрабіць і рамантычную падвеску на акно або сцяну. Выдатна будзе глядзецца — як на кухні, так і ў дзіцячым пакоі. Робіцца яна вельмі хутка. Больш часу пойдзе на шпацыр у пошуках падыходзячага — «самага лепшага» — матэрыялу. Да творчага працэсу можна падключыць і дзяцей.

Вам спатрэбяцца: высушаныя рознакаляровыя лісцікі (можна ад розных дрэў), тонкая галінка прыкладна 30 см у даўжыню і 0,5 см у дыяметры, ніткі, нажніцы.

1. Абвяжыце нітку вакол сярэдзіны галінкі і пакіньце канец даўжынёй, дастатковай для таго, каб падвесіць выніковую канструкцыю куды-небудзь на цвічок або кручок.

2. Нарэжце некалькі нітак (можна рознай даўжыні), прывяжыце іх адным канцом да галінкі, а другім — да «хвосціка». Прымацоўвайце лісты з розных бакоў ад цэнтра так, каб захоўвалася «раўнавага» — галінка не павінна хіліцца. Для гэтага падбірайце аднолькавыя лісцікі або мяняйце даўжыню нітак для ўраўнаважвання мабіля.

Пры жаданні можна ўзяць дзве галінкі і змацаваць іх тоўстай ніткай крыж-накрыж. Для вясёлага дэкору можна павесіць лісточкі і на прышчэпкі.

Каб лісцікі даўжэй радавалі ў асеннім інтэр'еры, прайдзіцеся па іх гарачым прасам праз газету або акуніце кожны ў расплаўлены воск.

Унікальныя карціны

Калі вы не ведаеце, якую карціну павесіць над ложкам, — ёсць ідэя! Можна зрабіць асенняе пано сваімі рукамі. Сухія лісцікі наклейваюцца на шпалеры ці іншую аснову, пасля таго, як высахнуць, пакрываюцца лакам і мацуюцца на сцяну. Ярка і арыгінальна!

Можна таксама зрабіць з дзецьмі арыгінальную карціну па тэхніцы адбіткаў, аформіць у рамку і аздобіць дзіцячы пакой. Вам спатрэбіцца: альбомны ліст, лісце з розных дрэў, гуаш, шырокі пэндзлік, слоічак з вадой. Для самых маленькіх гуаш можна замяніць пальчыкавымі фарбамі.

1. Бярэм лісцік і фарбуем у любы колер яго сподні бок (пры гэтым колеры можна змешваць, тады ў адбітка атрымаецца цікавае адценне).

2. Пакуль фарба не высахла, лісточак прыкладаем афарбаваным бокам да чыстага ліста паперы і шчыльна прыціскаем.

3. Затым лісточак падымаем, а атрыманы адбітак можна дапоўніць. Намаляваць ствалы дрэў, сонейка, хмаркі. Не стрымлівайце фантазію, і ў вас атрымаецца выдатная карціна! Акрамя таго, можна маляваць непасрэдна на саміх сухіх асенніх лісціках. А таксама выкладаць з іх мілых звяркоў. Гэта вельмі займальны занятак — калі звычайныя лісцікі, якія валяюцца пад нагамі, раптам ператвараюцца ў сланоў, куранят або вожыкаў!

Надзея ДРЫНДРОЖЫК


Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...