Вы тут

Шчасце ў жываце,


або Адукацыя, за якую не даюць «корачак».

У жыцці большасці жанчын рана ці позна надыходзіць трапяткі перыяд — яны даведваюцца аб сваёй цяжарнасці. Дакладней, аб тым, што цяжарная іх сям'я. Бо з гэтай хвіліны пачынаецца прывыканне абаіх, жонкі і мужа, да сваёй новай, магчыма самай адказнай і жаданай, ролі мамы і таты.

1-3

...Вы ўжо наведалі тры галоўныя УГД і цяпер знаходзіцеся ў дэкрэтным водпуску. Самы час разабрацца са зменамі на фізіялагічным і духоўным узроўнях! На шчасце, заняткаў па падрыхтоўцы да родаў хапае: яны ладзяцца пры радзільных дамах, можна звярнуцца і да прыватных псіхолагаў. Акрамя таго, час ад часу для будучых мам праводзяцца трэнінгі і майстар-класы. Адна з такіх сустрэч нядаўна прайшла ў рамках праекта «Шчасце ў жываце». У нефармальных умовах (дэгустуючы прадукцыю беларускага вытворцы дзіцячага харчавання і прымаючы ўдзел у конкурсах з прыемнымі падарункамі для будучых сыноў і дачок) цяжарныя жанчыны змаглі яшчэ больш акунуцца ў атмасферу чакання свайго цуду, задаць хвалюючыя пытанні і выслухаць меркаванні псіхолагаў, спецыялістаў па сямейных адносінах, педыятраў і акушэраў-гінеколагаў.

З уласнага вопыту (бо сама знаходжуся ў чаканні свайго цуду) скажу, што спачатку паток новай інфармацыі пакідае сумбур у галаве. Таму я паспрабавала з усёй разнастайнасці парад і рэкамендацый выбраць самае каштоўнае менавіта для сябе.

Па-першае, чым раней вы навучыцеся правільнаму глыбокаму дыханню, пачняце гутарыць са сваім «шчасцем у жывоціку», спяваць яму калыханкі, пазітыўна настроіцеся не толькі на выхаванне дзіцяці, але і яго з'яўленне, тым больш лёгкімі і прыгожымі будуць вашы роды! І гэта не проста словы: псіхолагі сцвярджаюць, што пачуцці і думкі маці падчас цяжарнасці захоўваюцца на падсвядомым узроўні малечы на ўсё жыццё і фарміруюць будучую асобу.

Другі важны момант звязаны з уменнем працаваць у камандзе. Галоўным вашым партнёрам і дарадцам падчас родаў будзе акушэр-гінеколаг. Паверце, ён не менш за вас зацікаўлены ў паспяховым з'яўленні на свет здаровага немаўляці. Скажыце доктару аб тым, што вам патрэбна яго падтрымка і вы спадзеяцеся на яго вопыт. І не саромейцеся задаваць пытанні пра тыя прэпараты, кропельніцы і працэдуры, якія вам прызначаюць.

Калі вы плануеце нараджаць з мужам, то існуе паслуга партнёрскіх родаў. Аднак псіхолагі рэкамендуюць згаджацца на такі крок, толькі калі жаданне ўзаемнае. Муж на родах можа падарыць пачуццё апоры і псіхалагічнага камфорту адной сваёй прысутнасцю або дапамагчы зрабіць болесуцішальны масаж. Усё астатняе: правільнае дыханне, рэлаксацыя, візуалізацыя пазітыўных момантаў у жыцці і шчаслівага нараджэння немаўляці — ляжыць цалкам на будучай маці.

Па-трэцяе, усе людзі на зямлі ўнікальныя, таму нават калі вы шмат гадоў жывяце з мужам, не будзе лішнім час ад часу абмяркоўваць будучыя змены ў сямейным жыцці. Вашы чаканні аб дапамозе па гаспадарцы і доглядзе дзіцяці рызыкуюць так і застацца чаканнямі, калі вы не падбераце патрэбныя словы. Да таго ж размеркаванне абавязкаў да родаў здыме значную частку магчымых рознагалоссяў з нагоды адаптацыі да новага распарадку дня пасля вяртання з радзільні. Псіхолагі нават рэкамендуюць мужу ўзяць адпачынак на перыяд, пакуль дзіця лічыцца нованароджаным (28 дзён), для таго, каб ужыцца ў новую ролю, прывыкнуць да зменаў. Гэта гарантавана станоўча адаб'ецца на адносінах паміж татам і малым.

Пасля нараджэння цуду цэлае мастацтва — балансаваць паміж адносінамі жонка—муж, мама—дзіця і тата—дзіця. Ідэальная сям'я — гэта па-ранейшаму закаханыя і чулыя адно да аднаго муж і жонка, якія жывуць разам з дзіцем, а не дзеля яго. Бо малечы патрэбны шчаслівыя і здаровыя бацькі не менш, чым бацькам моцнае і радаснае немаўля.

Такім чынам, эмацыйную сувязь мамы і таты з дзіцем не варта недаацэньваць на любой стадыі зараджэння новага жыцця і развіцця малога.

І яшчэ адно назіранне: у выніку асвойвання тоны літаратуры па цяжарнасці, па доглядзе дзіцяці і яго выхаванні з'яўляецца ўражанне атрымання яшчэ адной вышэйшай адукацыі — той, за якую не даюць «корачак» і дыпломаў, але якая ўзнагароджваецца атрыманнем ганаровай пасады Маці на ўсё жыццё, калі платай за штодзённую працу будуць шчаслівыя вочы немаўляці.

P.S. Інфармацыю пра будучыя сустрэчы ў рамках праекта «Шчасце ў жываце» вы можаце знайсці ў суполках пад аналагічнай назвай у сацыяльных сетках «Facebook» і «ВКонтакте». «Сямейная газета» жадае ўсім будучым мамам тым ліку і аўтарцы гэтага артыкула) лёгкіх і прыгожых родаў, дзеткам — шчаслівага лёсу і здароўя, а бацькам — цярпення і мудрасці!

Алеся НЕСЦЯРОВІЧ

nesterovіch@zvіazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.