Вы тут

«Ніякія сувеніры мяне так не радуюць, як «цукрыкі»


Мая бабуля нядаўна пачула па тэлевізары слова «глюкафіл». І пачала ў мяне дапытвацца, што гэта за хвароба ў гэтых людзей. Вы б бачылі, як яна здзівілася, калі даведалася, што глюкафілія — гэта калекцыянаванне аднаразовых пакецікаў з цукрам!

1-20

Яна Паўлава па адукацыі эканаміст. Дзяўчына мае вельмі рознабаковыя інтарэсы: фатаграфуе на плёнку, займаецца спортам, любіць кнігі і, вядома ж, калекцыяніруе «цукар». Гэтай справай яна пачала займацца 8 гадоў таму. Яна Паўлава — глюкафіл.

«Я звычайны чалавек. Часта падарожнічаю па гарадах Беларусі і заходжу ў кавярню. Каву і гарбату я п'ю без цукру, а пакецікі з ім заўсёды забіраю з сабой. Потым ужо знаёмыя сталі прыносіць новыя і новыя. Паступова колькасць цукру павялічвалася».

Калі ў Яны было каля 100 пакецікаў, то яна сфатаграфавала іх і размясціла ў сацыяльнай сетцы. Дзяўчыну знайшла калекцыянерка з Мінска, якая першая прапанавала памяняцца. Тады Яна і даведалася, што існуе абмен паміж калекцыянерамі.

Варыянты абмену розныя. Хто па пошце дасылае, хто на сустрэчах мяняецца. Дарэчы, у Беларусь прыязджаюць глюкафілы і з іншых краін, і такім чынам калекцыі мясцовых папаўняюцца. Акрамя абмену, цукар можна купляць. Напрыклад, сваю серыю «Рэклама ў СССР» Яна набыла ў мужчыны з Масквы, які сам вырабляе пакецікі: робіць эскізы, прыдумляе малюнкі. Але існуюць і аукцыёны, дзе можна знайсці цікавыя эксклюзіўныя і рарытэтныя экзэмпляры.

«Сябры ведаюць пра маё захапленне. Таму з падарожжаў заўсёды стараюцца прывезці «цукрыкі». Ні магніцікі, ні сувеніры мяне так не радуюць, як новы экзэмпляр у калекцыю. Сёння ў мяне больш за
3 тысячы пакецікаў цукру».

Зразумела, адна справа, калі ў цябе 100 пакецікаў. Ты памятаеш кожны «цукрык», як і адкуль ён табе дастаўся. Калі іх набіраецца больш за тысячу, то становіцца складана сачыць за кожным, нават чалавеку з эканамічнай адукацыяй. Таму існуе такі варыянт, як электронны ўлік сваіх пакецікаў. Глюкафілы запісваюць у табліцу назву, форму, горад, краіну, адкуль ён прыйшоў, ад каго...

Некаторыя глюкафілы аддаюць перавагу калекцыянаванню пустых пакецікаў. Бо з цягам часу цукар камянее і можа пашкодзіць паперку. Яна Паўлава лічыць, што «цукрык» павінен быць менавіта са змесцівам, таму што без яго пакецікі «нежывыя».

_MG_9511

У самым пачатку, калі дзяўчына была нявопытнай калекцыянеркай, яна выкарыстоўвала паўторныя «цукрыкі».

«Аднойчы я знайшла рэцэпт стравы, але ў мяне не было трысняговага цукру. Тады яго рэдка дзе можна было купіць. І я выкарыстала свой цукар з пакецікаў. Цяпер шкадую, што так зрабіла».

Глюкафілы — людзі азартныя. Часам у пошуках новага пакеціка прыходзіцца праехаць не адзін кіламетр, зайсці не ў адну кавярню.

«Раней у мяне было так званае «паляўніцтва на цукар». Я хадзіла па розных кавярнях, асабліва па тых, якія толькі адкрыліся, і брала пакецікі ў некалькіх экзэмплярах. Цяпер, калі шчыра, не заўсёды хапае часу на такія паходы. Таксама ў нас ёсць выраз «цукровы запой». Гэта калі перад сустрэчай ты пачынаеш праглядваць усе свае «цукрыкі», адкладваць паўторныя, каб потым іх абмяняць».

У кавярнях на захапленне Яны Паўлавай рэагуюць па-рознаму. Нехта пачынае цікавіцца, просіць расказаць больш, а нехта глядзіць, як на дзівачку.

Акрамя непасрэдна калекцыяніравання, Яна і яе сяброўка Вольга Шахрай займаюцца арганізацыяй сустрэч глюкафілаў. У Мінску яны стараюцца збірацца разы тры на год. Звычайна сустрэчы праходзяць у кавярні. Але з кожным разам шэрагі глюкафілаў папаўняюцца, таму цяпер дзяўчаты стараюцца падбіраць больш прасторнае месца. Звычайна на чалавек 15-20. Там яны абменьваюцца пакецікамі цукру. На адной з сустрэч, напрыклад, прысутнічаў самы малады калекцыянер Беларусі — 8-гадовы хлопчык, які прыходзіў з мамай.

«У нас з'явілася традыцыя: да кожнай сустрэчы мы самі робім эксклюзіўны цукар, які дорым кожнаму калекцыянеру. Усе глюкафілы розныя: па адукацыі, па ўзросце. Мы ўжо паспелі пасябраваць».

Калі на сустрэчу прыходзяць глюкафілы-пачаткоўцы, то ўсе стараюцца ім дапамагчы, дораць пакецікі з цукрам. Звычайна ў навічкоў мала пакецікаў для абмену, таму ім дазваляюць забраць увесь цукар, які застаецца. Навічок можа прыйсці з 50 пакецікамі, а пайсці — са 100.

Свой цукар Яна захоўвае ў скрынях.

«Я хачу ў будучыні зрабіць альбом з «цукрыкамі», каб потым мае дзеці змаглі разглядваць калекцыю. Магчыма, яны захочуць працягнуць збіраць пакецікі. Таксама я мару, што калісьці ў мяне і маёй сям'і з'явіцца свой дом. Там будзе асобнае памяшканне для захоўвання «цукрыкаў». Я, напрыклад, ведаю маладую пару з Жодзіна, у якой ёсць вясельны салон. Дык вось у гэтым салоне яны выставілі частку сваёй цукровай калекцыі ў выглядзе насценных карцін. Думаю, і ў мяне ўсё атрымаецца».

Марына ЛЯШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.