Вы тут

Паркоўка на мётлах забаронена. Працуе эвакуатар


Смех як стратэгія перамогі над злом паводле спектакля Яўгена Карняга.

Не, я не такая... Чорная сукенка з аголенай спінай ажно да таго месца, дзе пачынаюцца ногі, — усё ж занадта. Хоць і эфектна... Але не маё. Я добрая: мне шкада забітых немаўлят, пра якіх гаворыцца ў Евангеллі ад Мацвея. І я люблю маму (чуеш, родненькая?). І яшчэ: мне не 3000 гадоў (згодна з пашпартам).

2-27

Можна выдыхнуць: я не вядзьмарка. Але логіка не ратуе, таму што недзе глыбока свярбіць пытанне, колькі гэтай вядзьмарскай энергіі можа насіць у сабе асобна ўзятая істота, нават не здагадваючыся. Але пры пэўных абставінах яна можа і выбухнуць, атручваць свет, псаваць жыццё іншым, прыводзіць да вялікіх чалавечых трагедый. Можна збягаць ад пытання ці хаваць адказ для сябе. Але яно прагучала ад імя рэжысёра Яўгена Карняга ў спектаклі «Інтэрв'ю з вядзьмаркамі» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і ўсё не адпускае. Нібыта разважанні на жаночую тэму (так падаецца па ходзе спектакля) выглядаюць лагічным працягам карнягаўскіх «Латэнтных мужчын», але разам яны ўтвараюць дыпціх, паводле якога М+Ж далёка не заўсёды можа азначаць Л. Наадварот, пачварнажаночае ў камплекце з латэнтнамужчынскім вядуць да разбурэння любові. Усё, «хана» чалавечай гармоніі ў такім свеце.

Нездарма ж нават вонкава ўсё чорнае ў спектаклі «Інтэрв'ю з вядзьмаркамі». Як ні дзіўна, чарната адзення нават падкрэсліваецца цёмным фонам. Сцэнаграфія Таццяны Нерсісян пакідае толькі галоўнае — саміх гераінь, стол-трансформер і тое-сёе з вядзьмарскага антуражу. На нейкай хвіліне, наогул, прыгадалася байка з дзяцінства, якую мы любілі распавядаць у піянерлагерах, калі выключалі святло і клаліся спаць: «У чорным-чорным горадзе, на чорнай-чорнай вуліцы...» Напрыканцы такіх гісторый, як правіла, гучаў смех. І насамрэч, гэта цудоўная зброя разумных людзей, каб перамагаць (маральна) у, здавалася б, безнадзейных бітвах. Перамога дабра — закон любой байкі-казкі, дзе можа быць некалькі злых герояў адначасова. Тут іх тры. Сучасныя, прывабныя.

Яны распавядаюць гісторыі, вельмі падобныя на казкі. Толькі ў казках злосныя персанажы не галоўныя, а тут ім раздолле, процілеглых наогул няма. Асновай спектакля сталі казкі братоў Грым, некаторыя з іх вядомыя, але ў іх дабаўлены спасылкі на рэальную гісторыю, дзе зло праяўляла сябе з розных бакоў і вызначала паводзіны людзей (дастаткова ўзгадаць толькі адно мінулае стагоддзе з яго войнамі). Гісторый гучыць шмат, у кожнай з трох актрыс нібыта жыве некалькі персанажаў адначасова, хоць усё ж пазначаны архетыпы. Тры ўмоўныя гераіні — своеасаблівыя носьбіты жаночага: гром-баба, жанчына-маці і дзеўка, зацыкленая на ўласнай прыгажосці. Адна ненавідзіць дзяцей (варыць з іх ежу), другая шчасце мацярынства прамяняла на магчымасць шантажу караля забойствам яго (і сваіх) дзяцей дзеля выгады, трэцяя настолькі занята сабой, што на сустрэчы з мужчынамі не мае часу, таму ніяк не пазбавіцца ад цнатлівасці, хоць і сапраўдная ведзьма — як жа яна заварожвае самой магчымасцю ўзляцець на стойцы мікрафона (мётлы даўно саступілі месца сучасным прыладам, таксама як і карэты для папялушак).

Мікрафон трэба было яшчэ адбіць у сябровак, якім таксама хацелася падзяліцца сваімі поглядамі на жыццё. У пачатку спектакля вам будзе здавацца, што гераіні наогул пазнавальныя і рэальныя. Але гэтая гульня ў пазнавальнасць дае прастору для вольнасцей: рэплік, дзеянняў, эпізодаў, якія расстаўляюць патрэбныя сэнсавыя акцэнты і не даюць патануць у чарнаце дзякуючы гумару, разраджаюць сітуацыю (чытанне гараскопа ўспрымаецца як гумарэска, напой з трэцяй станоўчай выглядае як сок, пошук цнатлівай жанчыны ў зале пераадрасуе пытанне: і хто тут вядзьмаркі?).

Форма інтэрв'ю дазваляе персанажам раскрыцца ва ўсёй іх шматаблічнасці, таму што жанчыны гавораць шчыра, як на духу, а з сярэдзіны размова наогул ідзе як з даўнімі знаёмымі. Тым не менш, інтэрв'юер кожны, хто прысутнічае на спектаклі, а пытанні маюцца на ўвазе (вядзьмаркі іх вымаюць з нашых галоў дзякуючы сваім звышзлосным магчымасцям). А вось звышчалавечымі магчымасцямі павінны валодаць актрысы, якія выконваюць складаныя рэжысёрскія задачы: спяваюць, кантактуюць з залай, іграюць драму, ператвараюць яе ў камедыю. Гэта актрысы Ганна Гаспадарык, Наталля Кот-Кузьма, Святлана Цімохіна.

Вераснёўская прэм'ера Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек мела поспех адразу (можна сказаць, на стадыі продажу квіткоў), спектакль быў адабраны для паказу ў рамках фестывалю «ТэАрт». Хто ведаў папярэднія працы Яўгена Карняга, той разумеў, на што ідзе. У рэжысёра ўжо ёсць свая публіка, якая такі тэатр прымае раз і назаўсёды. А калі не прымае адразу, то прыходзіць яшчэ, каб усё ж зразумець: ну пра што гэта? Таму што чапляе ўсё роўна — цісне на падсвядомасць, выцягвае эмоцыі, правакуе разумовую дзейнасць (нават калі думаеш, што прыйшоў расслабіцца), ужо самой формай гледача ўключаюць у дзею.

Тут няма выразнага сюжэту, дзе закручваецца інтрыга, таму што інтрыга ў кожнай дробязі, дэталі, у асобных слоўцах — іх трэба лавіць. Дзея складваецца з кавалачкаў, з маналогаў, кожны з якіх можа існаваць сам па сабе, як і гераіні. Яны нагрувашчваюць гісторыі, павышаюць тэмпературу напалу, і калі адна з іх выходзіць з бітай, то зразумела: у гэтым, відаць, тая першасная эмоцыя, з прычыны якой добрая дзяўчынка і дачка стала вядзьмаркай.

Усе гісторыі трэба складваць у карцінку, у якой звязваюцца не толькі асобныя маналогі, а кантэксты, эпохі. Яўгену Карнягу хацелася даследаваць вядзьмарскую сутнасць з розных бакоў, разгледзець яе пад лупай ва ўсіх падрабязнасцях. Ён прэпарыруе самыя розныя праявы зла, выварочвае, паказвае нутро і тлумачыць, адкуль яно бярэцца. Нараджаецца разам з чалавекам, вырастае з яго дзіцячых праблем, прыходзіць з адваротнага боку люстэрка, у якое глядзіцца прыгожая жанчына, якая бачыць наогул толькі сябе. Зло можа і не выглядаць злом, яно можа быць мілым, прыкідвацца дзіўнаватасцю і дурасцю, якую ў дробязях прасцей не заўважыць, вось так і культывуецца. Аднойчы не заўважыць, потым прамаўчаць, не спыніць — і канцэнтрацыя зла на душу насельніцтва спараджае вялікую глабальную бяду для чалавецтва, калі адны імкнуцца выжыць цаной жыцця іншых.

Нельга сказаць, што рэжысёр вядзе нас да канкрэтызацыі і гэта яго галоўная мэта. Але без канкрэтызацыі сама тэма была б вельмі абстрактнай і таму выключна забаўляльнай. На гэты спектакль прыходзяць не для таго. Сюды трэба прыходзіць думаць пра тое, як быць асцярожнымі і разгледзець вядзьмарскае ў сабе. Таму выкарыстоўваецца гіпербалізацыя: у некаторых сітуацыях нават вядзьмаркі могуць зніякавець. Сам рэжысёр, каб не стала зусім тужліва, расстаўляе нажыўкі для гледача, умее спыніць слязу і справакаваць смех, які і ёсць той самы напамін пра дабро, якога няма на сцэне (можа быць Карняг робіць так дзеля таго, каб яно перамагло ў нашых галовах).

У выніку зло не столькі прыцягвае, колькі надакучвае, відаць, і самім гераіням. Душа памерлай мамы, якая з'яўляецца дачцэ, адлятае на паветраных шарыках пад песню «На трибунах становится тише...». Яна можа зноў вярнуцца, ведаюць вядзьмаркі. І кожная з іх разумее, што, гуляючы з іншымі, сама рызыкуе аказацца лялькай у руках лёсу. Ад гэтай думкі неяк... хораша.

Але не, я ж не такая...

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.