Вы тут

Выжывуць толькі палюбоўнікі


Істэрыя па сюжэтах з вампірамі пачалася пасля паспяховай экранізацыі кніг Стэфані Маер, першая з якіх, як і фільм, называлася «Змярканне». Выканальнікі не толькі галоўных роляў, але і эпізадычных, аказаліся ў цэнтры ажыятажу з прычыны раптоўнай любові да абсалютна іншага вобраза істоты. Вампіры ўжо не героі фільмаў жахаў і нават не інтэлігентна крыважэрныя, як, напрыклад, у фільме «Інтэрв'ю з вампірам» Ніла Джордана. Яны выключна гуманныя, бясконца адукаваныя і, вядома ж, прыгожыя.

2-24

Фільм «Выжывуць толькі палюбоўнікі» Джыма Джармуша («Зламаныя кветкі», «Больш дзіўна, чым у раі», «Мярцвяк», «Кава і цыгарэты») выйшаў у 2013 годзе і ідэальна ўпісаўся ў кан'юнктуру. Праўда, рэжысёр рыхтаваў праект сем гадоў, таму некаторае павярхоўнае супадзенне вобразаў персанажаў абсалютна выпадковае. Героямі карціны сталі вампіры Адам і Ева, кожнаму з якіх некалькі сотняў гадоў.

Яны не забіваюць і не ядуць людзей, добра ўпраўляюць сваім апетытам і маюць наладжаную сістэму харчавання, што ахвяраў не прадугледжвае. Адам у дэпрэсіі. Ева прыемна разважлівая. Яны любяць адно аднаго. Ева, якую сыграла Цільда Суінтан, — фанат літаратуры (калі яна рыхтуецца да пералёту, бярэ з сабою кнігі). Адам (Том Хідлстан) аказваецца таленавітым музыкантам.

Рэтраспекцыя на мінулае спрацоўвае на карысць як вобразам герояў, так і фільму. Татара-мангольскае іга, інквізіцыя, паэты часоў Шэкспіра, пакаленне бітнікаў — гэта стагоддзі развіцця чалавека, якія навісаюць над намі ўсведамленнем цяжару мінулага, якому мы таксама нечым абавязаны (узяць ад яго найлепшае і не паўтарыць найгоршае). Спакойнае наладжанае жыццё палюбоўнікаў парушаюць дэпрэсія Адама, нечаканае з'яўленне Авы, сястры Евы, і ўлюбёная для Джармуша тэма смерці.

Цільда Суінтан, якая запомнілася ролямі халодных, бяздушных, абыякавых жанчын («Пасля прачытання спаліць» братоў Коэн ці «Каралеўства поўнага месяца» Уэса Андэрсана), у «Палюбоўніках» выступіла якраз у «цёплым» вобразе, нягледзячы на сутнасць сваёй гераіні. Яшчэ адна актрыса — Мія Васікоўска, што выканала ролю Авы, — наадварот, сыграла ў сваім найлепшым амплуа: бязглуздай і крыху ненармальнай дзяўчыны.

Рэжысёр Джым Джармуш — адзін з галоўных (пры гэтым паспяховых) прадстаўнікоў незалежнага амерыканскага кіно. Ён, зразумела, супрацоўнічае з буйнымі прадстаўнікамі кінабізнеса, але можа сабе дазволіць пазбягаць чужога ўплыву на сваю творчасць. Джармуш — пасталелы госць і ўдзельнік Канскага кінафестывалю, і фільмы яго можна па няведанні аднесці да еўрапейскага кіно.

Прэм'ера фільма «Выжывуць толькі палюбоўнікі» прайшла на Канскім кінафестывалі 2013 года, дзе карціна ўдзельнічала ў асноўным конкурсе і прэтэндавала на Залатую пальмавую галіну.

«Выжывуць толькі палюбоўнікі» пакажа тэлеканал «TV1000».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.