Каля будынка комплекснага прыёмнага пункта Вілейскага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва, што ў вёсцы Даўгінава, жанчыны жыва абмяркоўваюць мясцовыя навіны.
— Ці магу я пагутарыць з загадчыцай? — звяртаюся да іх.
— З прыёмшчыцай, — папраўляе мяне адна, відаць, самая бойкая маладзіца. — Пачакайце крыху, яна хутка будзе: заказ бабульцы панесла на дом, тая патэлефанавала, што не можа сама забраць, бо прыхварэла.
Сапраўды, праз хвілін дзесяць з'явілася Ганна Лазовік.
Жанчыны ўвайшлі ў памяшканне следам за ёй. І адразу пасыпаліся пытанні. Нехта цікавіўся, калі прывязуць новую партыю шампуняў, іншыя дапытваліся, калі будзе мыйны парашок канкрэтнай маркі, а хтосьці пачаў перабіраць рэчы, раскладзеныя на паліцах.
— Няўжо сродкі гігіены нельга купіць у крамах, якіх нямала ў Даўгінаве? — здзівілася я.
— Можна, але тут танней, — пачула ў адказ. — А яшчэ ў комплексным прыёмным пункце багаты выбар пасцельнай бялізны, посцілак, пледаў, коўдраў, ручнікоў, што прывозяць з раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Усё гэта, так бы мовіць, ручной работы, не тое, што на рынку.
— Сапраўды, мы прапаноўваем людзям толькі якасны тавар, — пацвярджае Ганна Іванаўна. — Напрыклад, пасцельная бялізна шыецца з бязі Баранавіцкага камбіната. Наматрацнікі — з тоўстай і шчыльнай тканіны. Гэтыя рэчы служаць доўга і не губляюць таварнага выгляду.
У асноўным у комплексным прыёмным пункце рэалізуюцца тавары, што карыстаюцца попытам у вяскоўцаў, у ліку іх вёдры, тазы, прадметы сельскагаспадарчага прызначэння, бытавая хімія. Калі ў наяўнасці няма рэчы, якая камусьці спатрэбілася, то яе прывозяць з райцэнтра пад заказ. Рэалізуюцца і вырабы швейнай фабрыкі «Світанак».
У спецыяльнай вітрыне вывешаны ўзоры адзення, у тым ліку і рабочага, вырабаў з трыкатажу. Любы наведвальнік можа выбраць фасон, што яму спадабаўся, Ганна Лазовік здыме неабходныя меркі, а ў раённым камбінаце сшыюць для яго абноўку. Штодзень з райцэнтра прыходзіць машына, якая прывозіць тавар, выкананыя заказы і забірае новыя. Двойчы на месяц прыязджае швачка: камусьці трэба падкараціць спадніцу, а некаму — падкласці ці абрэзаць штаны.
— На недахоп наведвальнікаў не скардзімся, — сцвярджае мая субяседніца. — Ёсць у нас і пастаянныя кліенты, якія ацанілі якасць і даступнасць тавараў і паслуг. Іх кошт у нас значна ніжэй, чым у горадзе. Гэта і зразумела, заробкі ў сельскай мясцовасці, як правіла, адстаюць ад гарадскіх.
— І якімі паслугамі найбольш карыстаюцца людзі? — пытаюся ў Ганны Іванаўны.
— Цяжка сказаць. Запатрабаваныя пашыў адзення, трыкатажу, пасцельнай бялізны, чыстка пер'евых падушак, шмат наведвальнікаў і падчас прыезду цырульніка.
У комплексным прыёмным пункце абсталяваны ўсім неабходным асобны пакой для цырульніка, які наведваецца ў Даўгінава раз на тыдзень. Цэны тут намнога ніжэй, чым у Мінску. Гэтым карыстаюцца нават сталічныя пенсіянеры, якія ў летні час практычна жывуць на дачах. Разам з тым для многіх катэгорый грамадзян дзейнічаюць зніжкі. У прыватнасці, для дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў, дзяцей-сірот, выхаванцаў са шматдзетных сем'яў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, інвалідаў І і ІІ груп, адзінокіх старых, у якіх пенсія ніжэйшая за бюджэт пражытковага мінімуму. Адзін раз на месяц бясплатна абслугоўваюцца інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.
Асобны куток адведзены для рытуальных паслуг. Тут сваякі могуць набыць усё неабходнае для таго, каб годна правесці блізкага ў апошні шлях: вянкі, кветкі, крыжы, труны. Дарэчы, у Даўгінаве адкрыўся і прыватны магазін рытуальных рэчаў — канкурэнт комплекснаму прыёмнаму пункту. У аграгарадку, на мой погляд, шмат прыватных магазінаў, дзе цэны цалкам прымальныя. Як сцвярджае мясцовая жыхарка Раіса Паўлаўна Ніжнік, на некаторыя прадукты, гародніну, садавіну кошт нават ніжэйшы, чым у Вілейцы ці на мясцовым рынку. Кожную нядзелю сюды з'язджаюцца гандляры і прадпрымальнікі з Мядзела, Вілейкі, Докшыц, прапануюць прадукты, прамысловыя тавары, свойскіх жывёл, птушак. Але на рынак бытавых паслуг прыватнік не спяшаецца. У першую чаргу бярэцца за аказанне тых паслуг, што прыносяць хуткі прыбытак.
Комплексны прыёмны пункт абслугоўвае не толькі аграгарадок Даўгінава, але і ўсе вёскі сельсавета. Сярод іх і аддаленыя, у якіх засталіся практычна адны пажылыя людзі. У многіх няма сіл і здароўя, каб дабрацца да цэнтра: адрамантаваць абутак ці набыць неабходную ў гаспадарцы рэч.
— Наведваюся ў суседнія вёскі калі пехатой, а калі і на машыне, прымаю заказы, затым гатовыя вязу назад, — кажа Ганна Лазовік. — Кручуся, як магу, пад ляжачы камень вада не бяжыць.
У кагосьці і часу нестае, каб зазірнуць у мясцовы «Дом быту». А зойдзе прыёмшчыца ў дом да чалавека — і ён абавязкова ўспомніць, што яму нешта трэба. Як той казаў, калі гара не ідзе да Магамета, то ён сам прыходзіць да гары...
— А навошта вам трэнажор? Няўжо нехта карыстаецца ім? — пацікавілася ў сваёй суразмоўцы.
— Такое абсталяванне купіць — не кожнаму па кішэні, — тлумачыць яна. — А ў нас можна ўзяць напракат. І карыстаецца такой магчымасцю не толькі моладзь, але і людзі сярэдняга ўзросту. Як правіла, на месяц атрымліваецца танней. Напрыклад, гадзіна заняткаў каштуе 6 300 рублёў, суткі — 21 800 рублёў, месяц — 84 700 рублёў. Ахвотна бяруць напракат і бытавую тэхніку. Напрыклад, адзін кліент трымаў халадзільнік амаль два гады, пакуль не набыў свой.
На бачным месцы знаходзіцца кніга прапаноў. Прагартала — адны падзякі.
— У людзей няма прэтэнзій да работы комплекснага прыёмнага пункта, — сказалі ў Даўгінаўскім сельскім Савеце. — Прынамсі, да нас іх не паступала. Вось, праўда, некалькі чалавек звярталіся з просьбай, каб цырульнік прыязджаў часцей...
На аўтобусным прыпынку двое мужчын чакаюць маршрутку на Маладзечна. Разгаварыліся.
— Якіх паслуг не хапае ў Даўгінаве, — запыталася ў іх. — Можа, фітнесу, мыйкі аўтамашын? Ці чаго іншага?
У адказ яны засмяяліся:
— Усё неабходнае ў нас ёсць. А машыну можна памыць і ў сваім двары — вады хапае. А што тычыцца фітнесу... Мая жонка даярка, а я механізатар, за дзень так напрацуемся, што нам не да фізкультуры...
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
lazovskaya@zviazda.by
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
Максімальнага значэння за летні сезон тэмпература паветра дасягнула 13 ліпеня на станцыі Жыткавічы і склала 37,9 градуса спёкі.
Напярэдадні дня нараджэння сталіцы прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя.