Вы тут

Колеры «Паланэзу»


...Ідэі не толькі візуалізуюцца, але і набываюць гучанне, нават водар, смак. Так, як гучыць «Паланэз» у Палацы мастацтваў — рэспубліканская выстаўка, прысвечаная 250-годдзю Міхала Клеафаса Агінскага.

2-30

Час, магчыма, мае сваё гучанне — пра гэта яшчэ на першым паверсе нібыта намякае інсталяцыя Ірыны Кузняцовай: на чатырох вешалках вісяць быццам бы расплаўленыя пласцінкі ад патэфона, на якіх — фотаздымкі, намаляваны гадзіннік і выведзены прыгожымі літарамі рэквіем.

Далей гукаў больш. Мастакі, магчыма, натхняліся музыкай Агінскага. І асабліва гэта адчуваецца ў пейзажах. Мяне кранулі сугучныя мяккія адценні блакітнага, зеленаватага і жаўтаватага ў «Поўдні» Аляксея Несцерава. Гэта ці не самы «спакойны» твор на выставе. Мікола Бушчык у «Натхнёным палёце» экспрэсіўна выявіў музыку Агінскага праз яркія фарбы і рэзкія мазкі. Здаецца, што сам Міхал Клеафас знаходзіцца ў самым сэрцы кампазіцыі, ён цалкам паглыбіўся ў свой твор. Здаецца, некаторыя мастакі паставілі перад сабой задачу — «напісаць» фарбамі альбо выявіць графічна мелодыю. Віктар Нікалаеў перадаў прастору белага гуку. На карціне — белыя вертыкальныя плямы, сярод якіх выглядвае карычневатае, быццам запыленае адценне. Толькі гэта не гукі, а паўза: ад твора ідзе цішыня. Назва «Прастора белага гуку» надае твору адметны сэнс. Калі мы слухаем музыку, менавіта паўза дае магчымасць нашай душы адгукнуцца на тое, што пачулі.

2-31

Генадзь Мацур у сваім графічным дыптыху «Развітанне з Радзімай» («Міхаіл Клеафас Агінскі. Кампазіцыя І», «Міхаіл Клеафас Агінскі. Кампазіцыя ІІ») увасобіў музыку ў лініях. На першы погляд — проста чорныя лініі на белым фоне. Але гэтыя лініі, на маю думку, «закадзіраваны» музыкай Агінскага. Думаецца, што аўтар хацеў злавіць рытм музыкі і зафіксаваць яго. Гэта як ноты, але ноты не музычныя, а графічныя. Ноты для мастакоў. Захапляюць і творы Соф'і Піскун і Сяргея Баленка. Цікава яшчэ паразважаць: чым звязаныя музыка і габелен? Зусім, здавалася б, розныя віды мастацтва. Але ж яны — своеасаблівыя тэксты. І габелен Святланы Баранкоўскай «...І адзіны вобраз ажывае...» хавае ў сабе інтэртэкстуальнасць — гэта і колер нітак, і ноты... Тут кожны будзе «Зачараваны» — як паказвае тонкая скульптура Аляксандра Шапо. Такім чынам, выстава «Паланэз» таксама мае сваё гучанне, усе творы гарманічна перацякаюць адзін у адзін, зліваюцца ў «сэнсавую прастору», прасякнутую музыкай Міхала Клеафаса Агінскага.

Вольга Ропат

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.