Вы тут

Зыркія маністы, каб запасці ў вока


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт tvrgomel.by або 3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Ну, а праверыць сваё веданне роднай мовы пасля таго, як праграма выйшла ў эфір, можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што:

Лякацца — палохацца, пужацца каго-небудзь. Вы толькі не лякайцеся — усё будзе добра.

Лунаць (адно са значэнняў) — плаўна лятаць, рухацца ў паветры. Прыгожа лунаюць у небе буслы.

Маністы — упрыгажэнне з каштоўных камянёў на шыю. Жамчужныя маністы ўпрыгожаць кожную жанчыну.

Шыпулька — ігліца ў хваёвых раслін. Вострыя шыпулькі тырчаць угору.

Зыркі (прыметнік) — яркі, асляпляльны. Зыркае полымя, зыркае сонца.

Золкі — сыры, пранізліва халодны. Восень прыходзіць з халоднымі золкімі начамі.

Запрэгчы ў ярмо — узяць пад сваю ўладу, прымусіць да нечага. Беларусы яшчэ скажуць: запрэгчы ў аглоблі, рускія — взять в свои руки, взять верх. Выраз «запрэгчы ў ярмо» ўжываецца ў пераносным сэнсе, бо ў прамым значэнні ў ярмо (правобраз хамута) раней запрагалі вала або быка.

Запасці ў вока — спадабацца каму-небудзь, звярнуць на сябе ўвагу, запомніцца. Беларускі сінонім — да душы, як маслам па душы, рускі — запасть в душу, по душе. Выраз «запасці ў вока» сустракаецца ў паэме «Бандароўна» Янкі Купалы. Пра пана Патоцкага паэт так распавядае:

Калі ж дзе ўпадзе ў вока

Хараство дзявоча, —

Абняславіць, абнячэсціць,

Бацьку плюне ў вочы.

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» раніцай кожную суботу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

astashkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маршрут па крынічным краі

Маршрут па крынічным краі

Пер­шы­мі яго па­ча­лі асвой­ваць гро­дзен­скія твор­цы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.