Вы тут

Ужо каля 480


Замежныя журналісты працягваюць акрэдытоўвацца для асвятлення выбарнай кампаніі.

Пастаянную акрэдытацыю пры Міністэрстве замежных спраў краіны маюць каля 250 замежных журналістаў, большасць з якіх асвятляюць грамадска-палітычную тэматыку і, такім чынам, будуць асвятляць выбары ў нашай краіне. Пра гэта на чарговым брыфінгу паведаміў Дзмітрый МІРОНЧЫК, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС.

— Акрамя гэтага, на сёння намі ўжо апрацавана і задаволена 228 заявак ад замежных журналістаў на часовую акрэдытацыю, — адзначыў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства. — Хачу адзначыць, што мы задаволілі сто працэнтаў просьбаў, якія паступілі ад замежных журналістаў, зацікаўленых у асвятленні выбарчай кампаніі ў нашай краіне. Чакаем паступлення дадатковых заявак. У прынцыпе, перыяд акрэдытацыі адкрыты намі да 7 кастрычніка. Мы будзем іх аператыўна апрацоўваць. Таму зыходзім з таго, што гэтая лічба яшчэ ўзрасце.

Процідзеянне тэрору патрабуе калектыўных мер

Адказваючы на пытанне наконт развіцця сітуацыі ў Сірыі ў свеце апошніх падзей — прыняцця Расіяй рашэння выкарыстоўваць там ваенна-паветраныя сілы, Дзмітрый Мірончык звярнуў увагу на тое, што Мінск аператыўна атрымаў адпаведную інфармацыю ад расійскіх партнёраў.

— Беларускі бок аператыўна, практычна праз некалькі гадзін пасля прыняцця рашэння Савета Федэрацыі, атрымаў адпаведную афіцыйную інфармацыю ад нашых расійскіх партнёраў, — заявіў прэс-сакратар МЗС. — Зыходзячы з міжнароднага права, і ў першую чаргу Статута ААН, прымяненне ўзброеных сіл за мяжой можа быць ажыццёўлена толькі ў выпадку звароту ад афіцыйнага ўрада дзяржавы або ў выпадку прыняцця адпаведнага рашэння Саветам Бяспекі. У дадзеным выпадку да Расійскай Федэрацыі паступіў зварот прэзідэнта Сірыі.

Гаворачы пра сітуацыю ў Сірыі ў цэлым, дыпламат падкрэсліў, што наша краіна чарговы раз заяўляе аб падтрымцы намаганняў міжнароднай супольнасці ў барацьбе з любымі праявамі тэрарызму, экстрэмізму і рэлігійнага радыкалізму ва ўсіх яго формах.

— Як ужо адзначалася МЗС Беларусі, імклівы рост тэрарыстычнай актыўнасці на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы і яго вынікі, якія выходзяць далёка за рамкі рэгіёна, актуалізуюць пытанне аб калектыўных мерах процідзеяння тэрору, — заўважыў прэс-сакратар МЗС. — Выкарыстанне для гэтага пляцоўкі ААН з'яўляецца асабліва запатрабаваным у цяперашняй сітуацыі.

Генасамблея ААН працягваецца

Падчас брыфінгу Дзмітрый Мірончык паведаміў, што з 30 верасня па 3 кастрычніка гэтага года намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў знаходзіцца ў Нью-Ёрку для ўдзелу ў працы 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

— Намеснік міністра прыняў удзел у адкрытых дэбатах Савета Бяспекі ААН на міністэрскім узроўні па тэматыцы ўрэгулявання канфліктаў на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, а таксама ў дэбатах па тэме процідзеяння тэрарыстычнай пагрозе ў рэгіёне, — праінфармаваў прэс-сакратар МЗС. — Акрамя таго, прадстаўнік МЗС Беларусі прыняў удзел у нефармальным мерапрыемстве высокага ўзроўню па тэме "Умацаванне супрацоўніцтва па пытаннях патокаў мігрантаў і бежанцаў у кантэксце новага парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця".

Падчас знаходжання ў Нью-Ёрку Валянцін Рыбакоў выступіць з трыбуны ААН з дакладамі аб падыходах Беларусі да ўрэгулявання рэгіянальных канфліктаў і да праблемы бежанцаў.

Лекцыю пра нашу краіну паслухаюць у Бразіліі

З 1 па 6 кастрычніка праходзіць рабочая паездка начальніка ўпраўлення Амерыкі Міністэрства знешніх спраў Алега Краўчанкі ў Бразілію і на Кубу. У рамках візіту адбудуцца двухбаковыя палітычныя кансультацыі з міністэрствамі замежных спраў Бразіліі і Кубы на ўзроўні начальнікаў структурных падраздзяленняў.

— Асобная ўвага будзе нададзена развіццю дагаворна-прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку дадатковай прапрацоўкі магчымасці бязвізавага рэжыму паездак грамадзян нашых краін па агульнаграмадзянскім пашпартах, — акцэнтаваў увагу Дзмітрый Мірончык.

Падчас знаходжання ў Бразіліі з 1 па 3 кастрычніка Алег Краўчанка правядзе шэраг рабочых сустрэч у Міністэрстве замежных спраў. Будуць абмеркаваны стан і перспектывы развіцця палітычнага дыялогу паміж нашымі краінамі, а таксама пытанні двухбаковага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Бакі таксама абмяркуюць рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых па выніках сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін 9 ліпеня на саміце БРІКС ва Уфе. Беларускі дыпламат выступіць з лекцыяй пра нашу краіну перад слухачамі Дыпламатычнай акадэміі Бразіліі (Інстытут Рыу Бранку) і правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі гандлёва-прамысловых палат і асацыяцый прадпрымальнікаў горада Бразіліа.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.