Вы тут

Колькі цэзію ў шчупаку?


У пітной вадзе і асноўных харчовых прадуктах, вырабленых у грамадскім сектары эканомікі, дзяржаўны санітарны нагляд не выявіў у першым паўгоддзі перавышэнняў радыенуклідаў цэзію-137 і стронцыю-90. Перавышэнні дапушчальнага ўзроўню па колькасці цэзію-137 рэгістраваліся ў малацэ і малочных прадуктах з прыватных гаспадарак, а таксама ў рыбе, грыбах, лясных ягадах і мясе дзікіх жывёл. Адсюль вывад: імкніцеся правяраць усё пералічанае, калі хочаце абараніць сябе.

6-5

У Гомельскай вобласці, напрыклад, пры лабараторных даследаваннях выяўлены перавышэнні дапушчальных узроўняў цэзію-137 у 35% проб мяса дзічыны, 33% проб грыбоў, 25% проб лясных ягад і 8% проб рыбы мясцовага ўлову. У некаторых раёнах Гомельскай вобласці ў пробах свежых і кансерваваных грыбоў рэгістраваліся амаль дваццаціразовыя перавышэнні дапушчальных нарматываў цэзію (пры норме 370 Бк/кг у некаторых пробах было звыш 6 тысяч Бк/кг), адзначае загадчыца аддзялення радыяцыйнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Валерыя САМКОВА.

Белы і польскі

Большасць відаў ядомых грыбоў нават у параўнальна чыстых лясах здольныя канцэнтраваць радыенукліды ў колькасці, небяспечнай для здароўя. Па здольнасці назапашваць цэзій-137 грыбы дзеляць на групы. Да грыбоў-акумулятараў адносяць, напрыклад, польскі грыб, масляк, махавік. Лісічка, баравік, падбярозавік, падасінавік — з сярэдняй здольнасцю назапашвання. У грыбоў з добра развітай ножкай (белы, падбярозавік, падасінавік, польскі) колькасць радыенуклідаў у шапачках да двух разоў большая, чым у ножках.

Сабраныя грыбы трэба ачысціць, у некаторых зняць з шапачкі лупіну.

Варыць 15-60 хвілін у салёнай вадзе з воцатам або лімоннай кіслатой і выдаленнем адвару праз кожныя 15 хвілін. Для падбярозавіка, падасінавіка, баравіка, польскага грыба патрабуецца больш часу.

Сушыць трэба толькі «чыстыя» грыбы, паколькі гэты спосаб нарыхтоўкі не зніжае колькасць радыенуклідаў у іх.

Ягадка да ягадкі

Сярод лясных ягад здольнасцю моцна назапашваць цэзій-137 валодаюць брусніцы, буякі, журавіны, чарніцы, крыху менш — суніцы, рабіна, яшчэ крыху менш — ажына, каліна, маліна.

Сабраныя ягады ачысціць ад лісця, глебы і некалькі разоў прамыць у праточнай вадзе.

Гатаванне варэння і кампоту з ягад не мяняюць агульнай колькасці цэзію. Зніжаецца хіба ўдзельная вага за кошт павелічэння аб'ёму пры дабаўленні цукру і вады.

Рыбны дзень

Рыбу рэкамендуецца лавіць у рэках і праточных вадаёмах. Найбольш забруджанымі з'яўляюцца такія прыдонныя рыбы, як карась, карп, лінь, акунь, шчупак, сом, найменш — тыя, што з верхніх слаёў вады (лешч, судак і інш.).

Перад гатаваннем рыбу добра ачысціць, вымыць, абавязкова выдаліць галаву, плаўнікі, вантробы.

Смак дзічыны

Канцэнтрацыя цэзію ў асноўных унутраных органах вышэйшая, чым у мясе.

Узровень забруджвання можна значна знізіць шляхам засолкі ў расоле. Таму мяса трэба прамыць у праточнай вадзе і вымачыць у саляным растворы. Можна таксама мяса адварыць і абавязкова выліць адвар пасля 10 хвілін гатавання.

Дзякуючы рабоце каля 1000 лабараторый радыяцыйнага кантролю розных міністэрстваў і ведамстваў, поўнасцю выключаецца пастаўка ў гандлёвую сетку прадуктаў з колькасцю радыенуклідаў звыш дапушчальнай нормы.

Забруджванне прадукцыі, самастойна вырашчанай або сабранай, набытай на рынку, можна праверыць у...

...тэрытарыяльных цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі;

...лабараторыях радыяцыйнага кантролю лясгасаў, размешчаных на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях;

...лабараторыях радыяцыйнага кантролю Белкаапсаюза, размешчаных на рынках;

...мясцовых цэнтрах радыяцыйнага кантролю.

Прадаўцы на рынку павінны мець сертыфікат, выдадзены лабараторыяй радыяцыйнага кантролю. Калі вы папытаецеся, вам яго абавязаны паказаць.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.