Вы тут

БАТЭ адкладае чэмпіёнства


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра поспех нашага суайчынніка на этапе Гран-пры па дзюдо, вынікі выступлення беларускіх спартсменаў на чэмпіянаце Еўропы па настольным тэнісе і адкладзенае чэмпіёнства БАТЭ.

1.Футбалісты барысаўскага клуба не змаглі абыграць мікашэвіцкі «Граніт» у матчы 22-га тура чэмпіянату краіны, такім чынам, барысаўчане адклалі святкаванне чарговага чэмпіёнскага тытула. У хатнім паядынку яны змаглі давесці матч з «Гранітам» толькі да нічыйнага выніку — 1:1.

Галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч пасля матча папрасіў прабачэння ў заўзятараў, якія гатовыя былі павіншаваць футбалістаў з 12-м па ліку чэмпіёнствам і арганізавалі аншлаг на трыбунах (больш за 5 тыс. гледачоў).

— Нам не ўдалося перамагчы, а мне — дастукацца да хлопцаў. Просім прабачэння ў балельшчыкаў за сарванае свята. У першым тайме склалася ўражанне, што футбалісты яшчэ дагульваюць матч з «Ромай». Добра, што ў выніку забілі. У Мілунавіча атрымаўся выдатны гол. Было відаць, што хлопцы не ў сваёй талерцы. Ну а сапернікаў віншую з добрым вынікам, — адзначыў настаўнік БАТЭ.

Два прэтэндэнты на медалі ў выхадныя сустракаліся ў Салігорску. Мясцовы «Шахцёр» у напружанай барацьбе адолеў «Мінск» 1:0, дагнаўшы яго па набраных ачках. На другім месцы ў турнірнай табліцы размясцілася мінскае «Дынама».

2. Беларус Дзмітрый Шэршань стаў бронзавым прызёрам этапу Гран-пры па дзюдо ў Ташкенце з прызавым фондам 100 тыс. долараў. У вагавай катэгорыі да 66 кг у паядынку за бронзавую ўзнагароду ён быў мацнейшым за славенскага спартсмена Адрыяна Гомбача.

Пятае месца ў катэгорыі да 52 кг заняла нядаўняя ўладальніца бронзавай узнагароды чэмпіянату свету па дзюдо, адна з лідараў жаночай каманды Дар'я Скрыпнік.

Адзначым, што прызавыя месцы на этапах Гран-пры па дзюдо дазваляюць спартсменам набіраць рэйтынгавыя ачкі, якія вызначаюць пападанне на кантынентальныя чэмпіянаты, чэмпіянаты свету і Алімпійскія гульні.

3. Вікторыя Азаранка паднялася на адзін радок у рэйтынгу ВТА па выніках мінулага тыдня і займае 22-е месца. Лідзіруе па-ранейшаму амерыканка Серэна Уільямс, румынка Сімона Халеп займае другое месца, а расіянка Марыя Шарапава — трэцяе.

Нагадаем, Вікторыя Азаранка праз траўму знялася з турніру катэгорыі «Прэм'ер» у Пекіне (прызавы фонд — $4,7 млн), які стартаваў
3 кастрычніка ў кітайскай сталіцы.

4. Беларускія спартсмены не змаглі прабіцца ў лік прызёраў у асабістых турнірах чэмпіянату Еўропы па настольным тэнісе.

Лідар беларускай каманды Уладзімір Самсонаў, які займае 10-е месца ў сусветным рэйтынгу, у матчы 1/16 фіналу саступіў расіяніну Кірылу Скачкову.

У спаборніцтвах жаночых пар у 1/16 беларускі дуэт Аліна Арлоўская/Аліна Нікітчанка прайграў расійскаму тандэму Марыя Доўгіх/Паліна Міхайлава 0:3. Беларуска Аляксандра Прывалава і чэшка Дана Чэхава прайгралі яшчэ адной інтэрнацыянальнай пары Мацільда Экхальм (Швецыя)/Лея Ракавіч (Харватыя).

У камандным турніры мужчынская зборная Беларусі стала ўладальнікам бронзы, прайграўшы ў паўфінале камандзе Аўстрыі (1:3), якая ў вырашальным матчы за золата адолела нямецкую дружыну (3:2). Чэмпіёнам Еўропы сярод жаночых камандаў стала зборная Германіі, якая разграміла ў фінале румынак (3:0). Уладальнікамі бронзы сталі зборныя Украіны і Расіі. Беларуская каманда заняла 15-е выніковае месца.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.