Вы тут

Запаветная «макаўка Зямлі»


 

Арктыка зацвярджае статус адной са стратэгічных сусветных зон.

Арктыка — адно з нешматлікіх месцаў на планеце, якое яшчэ не зведала пэўнага нацыянальнага замацавання, бо спрадвекрэсурсы Запаляр не былі падзелены паміж краінамі. На арктычныя зоны прэтэндуюць прынамсі пяць дзяржаў: Расія, Нарвегія, Данія, Канада і ЗШA. Усе гэтыя краіны маюць выхад да ўзбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна. Нацыянальныя прэтэнзіі могуць у будучыні падмацоўвацца рознымі аргументамі, але зразумела, што галоўны з іх — практычны, рэальная гатоўнасць той ці іншай краіны актыўна асвойваць Поўнач.

6-15

6-15

 

Па марскіх «хайвэях»

Адна з апошніх падзей, якая датычыцца стратэгічнага паўночнага макрарэгіёна. У Анкорыджы, што ў амерыканскім штаце Аляска, прайшла міжнародная канферэнцыя па праблемах Арктыкі. Яе цэнтральным пытаннем сталі кліматычныя змены. Частка краін-удзельніц у сумеснай заяве прызнала, што хуткае пацяпленне арктычнага клімату аказвае сур'ёзны ўплыў не толькі на канкрэтна ўзятую тэрыторыю, але і на іншыя рэгіёны свету. Адпаведна быў агучаны заклік да пэўных дзеянняў, каб замарудзіць пацяпленне ў арктычных раёнах.

Канферэнцыя мела назву «Глабальнае лідарства ў Арктыцы: супрацоўніцтва, інавацыі, далучанасць і ўстойлівасць» (GLACІER). У ёй бралі ўдзел 20 краін. Апроч васьмі дзяржаў — удзельніц Арктычнага савета (Данія, Ісландыя, Канада, Нарвегія, Расія, ЗША, Фінляндыя і Швецыя), на сустрэчу таксама былі запрошаны Кітай, Францыя, Германія, Індыя, Італія, Японія, Рэспубліка Карэя, Нідэрланды, Польшча, Сінгапур, Іспанія, Вялікабрытанія і прадстаўнікі ЕС.

Як адзначаюць эксперты, у наступнае дзесяцігоддзе канкурэнцыя за Арктыку паміж краінамі будзе толькі нарастаць. Што, дарэчы, пацвярджае і склад удзельнікаў названай канферэнцыі. Як бачым, у гонку за дамінаванне ў рэгіёне, апроч «традыцыйных» членаў Арктычнага савета, актыўна ўключаюцца і новыя буйныя гульцы, такія як Індыя і Кітай.

Пра «арктычную гонку» ўсё часцей узгадваюць у ЗША, прычым зусім не на карысць Штатаў. Напрыклад, амерыканскі вайсковы аналітык Дэвід Хант у сваім артыкуле для выдання Amerіcan Thіnker адзначыў, што калі ЗША саступяць Расіі ў Арктыцы, яны рызыкуюць увогуле прайграць энергетычную вайну. На думку шэрагу аналітыкаў, Штаты стратэгічна прайграюць змаганне за ўплыў у Арктыцы на фоне росту ўвагі сусветных дзяржаў да гэтага рэгіёна, у тым ліку з боку Кітая.

Зусім не выпадковы тут візіт Барака Абамы. Праграма трохдзённага тура амерыканскага прэзідэнта на Аляску складалася з некалькіх пунктаў, што ўключалі наведванне рыбацкіх мястэчак на ўзбярэжжы штата і агляд тамтэйшых ледавікоў. Адна з «фішак» вандроўкі Абамы — удзел у тэлешоу Runnіng Wіld з тэлевядучым Беарам Грылзам. Падчас здымак амерыканскі прэзідэнт паснедаў ласосем, які не даеў, апярэдзіўшы яго, мядзведзь. Але, пэўна, жарты ў бок — галоўнай падзеяй, дзеля якой Абама адправіўся на поўнач амерыканскага кантынента, стаў менавіта ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па Арктыцы. Ён быў закліканы прадэманстраваць, што Вашынгтон мае намер карэнным чынам змяніць міжнародную сітуацыю па Арктыцы.

У Вашынгтоне занепакоены моцным адставаннем ад Масквы па памерах ледакольнага флоту. У сувязі з гэтым адміністрацыя Абамы распрацавала і мае намер унесці ў Кангрэс прапанову па паскарэнні спуску на ваду ледакола, які будуецца, і па будаўніцтве новых караблёў. У Амерыцы цяпер шмат кажуць пра тое, што ЗША прайграюць канкурэнцыю ў засваенні Арктыкі. Прычым не толькі такім буйным краінам, як Расія і Канада, але і нават маленькай Нарвегіі.

Найбольш вобразна пра адставанне сказаў сенатар Дэн Саліван: «У Арктыцы ледаколы можна параўноўваць з шашой. Рускія цяпер рухаюцца па Поўначы па суперхайвэях, а мы — па прасёлкавых дарогах з выбоінамі».

Тут ёсць усё!

Напэўна ж, цікавасць Штатаў да Арктыкі і занепакоенасць адставаннем у яе асваенні не ўзнікла на «роўным месцы». Колькі дэталяў да разумення, так бы мовіць, прадмета абмеркавання. Агульная плошча запаветнага для многіх сусветных гульцоў макрарэгіёна складае 27 мільёнаў квадратных кіламетраў.

Цікавасць да Арктыкі падаграваецца прагнозамі Амерыканскага геалагічнага таварыства, паводле якіх шэльф палярных мораў змяшчае больш за 20% неразведаных запасаў вуглевадароднай сыравіны. Прычым самыя перспектыўныя для здабычы — расійскія акваторыі. Сярод рэсурсаў ёсць таксама дыяменты і рэдказямельныя металы.

Апроч РФ, асноўнымі краінамі, што актыўна выкарыстоўваюць прыродныя рэсурсы Арктыкі, сёння з'яўляюцца ЗША, Нарвегія і Канада. Расія, у адрозненне ад іншых, пакуль канцэнтравалася на сушы. Аб'ёмы пошукавага свідравання на кантынентальным шэльфе Арктыкі дагэтуль раслі перш за ўсё за кошт Нарвегіі. Зараз шэльфавыя радовішчы робяцца прыярытэтнымі і для расійскіх кампаній.

«Менавіта там адзіны ў свеце ўнікальны рэзерв вуглевадародаў, у якіх мае патрэбу краіна і свет, — перакананы міністр прыродных рэсурсаў і экалогіі РФ Сяргей Данскі. — Таму расійскія кампаніі ўжо разглядаюць пытанні пра пачатак здабычы нафты ў Пячорскім моры. Праз два гады плануецца ўвод у эксплуатацыю Доўгінскага нафтавага радовішча. Яшчэ праз пару-тройку гадоў павінна пачацца здабыча газу на радовішчах на Обскай і Тазаўскай пляцоўках Карскага мора».

Запасы паліўна-энергетычных рэсурсаў арктычнай часткі Расіі складаюць больш як 1,6 трыльёна тон у нафтавым эквіваленце, а кантынентальны шэльф змяшчае каля чвэрці адпаведных запасаў вуглевадароднай сыравіны ў свеце. Апроч вуглевадародаў, у раёне Нарыльска Расія здабывае металы плацінавай групы. Таксама на арктычную зону прыпадае пераважная частка здабычы нікелю і кобальту. Інвестыцыі адной толькі «Раснафты» ў стратэгічны рэгіён у наступныя 20-25 гадоў могуць скласці 500 мільярдаў долараў.

Увогуле геапалітычны расклад можа змяніцца ўжо ў найбліжэйшы час. Так, стала вядома, што Расія падала заяву ў камісію Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па межах кантынентальнага шэльфа на пашырэнне расійскай тэрыторыі ў Арктыцы на 1,2 мільёна квадратных кіламетраў. Дарэчы, у адпаведнасці з марской канвенцыяй ААН ад 1982 года, дзяржава можа прасіць аб прадастаўленні эксклюзіўных правоў на эканамічную эксплуатацыю кантынентальнага шэльфа каля свайго ўзбярэжжа. Расія, якая кантралюе больш за сотню астравоў у Паўночным Ледавітым акіяне, настойвае на сваіх правах на тэрыторыю, што распасціраецца да Паўночнага полюса. Такая ўпартая барацьба за Арктыку таго вартая. Паводле звестак Інстытута геалагічных даследаванняў ЗША, у гэтым рэгіёне ёсць 90 мільярдаў бараляў нафты (13% сусветных запасаў) і каля 13 трыльёнаў кубаметраў прыроднага газу (30%). А тэрыторыя, на якую прэтэндуе Расія, уключае 65% згаданых запасаў нафты і 95% газу.

6-13

6-13

 

Выгада&экалогія

Відавочна, што галоўная задача цяпер — развіццё здабычы карысных выкапняў. Паводле даных Расійскага газавага таварыства, расійская частка арктычнага шэльфа захоўвае ў нетрах каля 106 млрд тон нафтавага эквіваленту, у тым ліку 69,5 трлн. кубаметраў прыроднага газу. Гэта ў дзясяткі разоў перавышае колькасць рэсурсаў нафты і газу Арктычнага марскога сектара ЗША, што здабываюцца, даказаныя запасы якога больш 3,3 млрд т нафты і 3 трлн т кубаметраў газу.

Наяўнасць такога аб'ёму карысных выкапняў прыцягвае да распрацоўкі арктычнага шэльфа і амерыканскія кампаніі. Так, адміністрацыя прэзідэнта ЗША выдала кампаніі Shell папярэдні дазвол на буравыя работы на арктычным шэльфе. Аднак дзейнасць расійскіх і амерыканскіх нафтавых кампаній у Арктыцы выклікае крытыку з боку эколагаў. Яны прадказваюць, што ў выпадку аварыі на буравой платформе ў паўночных шыротах разліў нафты можа ў некалькі разоў перавысіць маштабы катастрофы на платформе Deep Water Horіzon у Мексіканскім заліве, а экалогія рэгіёна будзе аднаўляцца на працягу прынамсі 30 гадоў.

З пазіцыяй эколагаў, зрэшты, не згодна пераважная большасць расіян: паводле апытання Фонду грамадскай думкі, 68% рэспандэнтаў лічаць дапушчальнай распрацоўку радовішчаў і здабычу карысных выкапняў у Арктыцы. Пры гэтым толькі 10% лічаць, што рабіць гэтага нельга. Прычым сацыёлагі адзначаюць, што так было далёка не заўсёды: менш за два гады назад прыхільнікаў і праціўнікаў здабычы выкапняў у паўночных землях было практычна пароўну (45 і 42% адпаведна).

Сходзяцца пазіцыі грамадства і бізнесу і па пытаннях патрэбы развіцця арктычнага рэгіёна ў цэлым: дзве трэціх расіян лічаць, што ўладанне часткай арктычнага ўзбярэжжа карыснае для Расіі (толькі 6% прытрымліваюцца процілеглай думкі). Найчасцей карысць трактуецца ў катэгорыях эканамічнай выгады («карысныя выкапні, біярэсурсы, Паўночны марскі шлях»), але нярэдка рэспандэнты кажуць пра стратэгічнае значэнне арктычных тэрыторый («марскі флот, мяжа, абарона»; «пункты для запуску балістычных ракет»), пра абсалютную каштоўнасць стратэгічных земляў.

Паўночны шлях

Саперніцтва сусветных дзяржаў за кантроль над рэсурсамі Арктыкі і акваторыяй Паўночнага Ледавітага акіяна працягвае нарастаць. Глабальнае пацяпленне і паскоранае раставанне льдоў у Паўночным Ледавітым акіяне спарадзілі здагадкі, што ўжо ў найбліжэйшай перспектыве арктычная зона адкрыецца для марскога суднаходства і здабычы карысных выкапняў, гэта, у сваю чаргу, сфарміруе новую геастратэгічную рэчаіснасць. Ідэя пра альтэрнатыўны шлях з Азіі ў Еўропу набывае ўсё больш прыхільнікаў.

Арктыка надзвычай прывабная і з транспартнага пункту погляду, бо паўночная тэрыторыя разглядаецца ў якасці таннейшай альтэрнатывы Суэцкаму каналу для транспартавання грузаў. Паралельна здабычы выкапняў і ўзнаўленню інфраструктуры плануецца развіццё Паўночнага марскога шляху. Дзякуючы зменам клімату тэрміны навігацыі на ім павялічыліся ўдвая, а на асобных пляцоўках і ўтрая. У выніку гэты маршрут робіцца ўсё больш прывабным.

Перадусім Арктыка ўяўляе цікавасць для марскога суднаходства. Даўно падлічана, што па Паўночным марскім шляху адлегласць ад Гамбурга да Шанхая на 4 тысячы міль меньшая, чым па маршрутах праз Індыйскі акіян. Гэта дазваляе скараціць час у дарозе (прыкладна на тыдзень) і выдаткі (паводле ацэнак, сума значная — каля 500 тысяч долараў толькі на паліва для кожнага судна). Альтэрнатыўны маршрут можа ў корані змяніць геапалітычны расклад і правілы гульні ў Сусветным акіяне.

На думку шэрагу экспертаў, Расія здолела аднавіць кантроль над стратэгічным рэгіёнам. Як адзначыў віцэ-прэм'ер РФ Дзмітрый Рагозін, арктычны кірунак з'яўляецца прыярытэтным і патрабуе развіцця Паўночнага флоту, каб зменшыць узровень пагроз нацыянальнай бяспекі. «Мы заўсёды лідзіравалі ў Арктыцы — пачынаючы з XVІ стагоддзя, яе асвойвалі нашы першапраходцы, — адзначае вядучы эксперт Цэнтра вайскова-палітычных даследаванняў Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў, доктар палітычных навук Міхал Аляксандраў. — Паўночны марскі шлях — выключна наша, расійскае дасягненне, і нічога падобнага ў свеце няма. Пасля перыяду заняпаду ў 1990-х Расія вяртаецца да разумення важнасці паўночных мораў і геапалітычнай значнасці Арктыкі. Што ж датычыцца ЗША, амерыканцы ніколі не надавалі шмат увагі арктычнаму рэгіёну. Але сёння геапалітычная выява свету змяняецца — прытым не на карысць Захаду, які губляе не толькі пазіцыі ў эканоміцы і палітыцы, але і слабее з ваеннага пункту погляду. У такой сітуацыі ЗША ўбачылі ў Арктыцы ключ да аднаўлення ранейшага геапалітычнага балансу. Чаму менавіта гэты рэгіён? Таму што ваенна-стратэгічная значнасць Поўначы сапраўды велізарная».

Мікалай ЛІТВІНАЎ

lіtvіnov@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.