Вы тут

У спадчыну ад еўрапейскай цывілізацыі


Перш чым сказаць пра будучыя выбары кіраўніка дзяржавы, я хацеў бы крыху звярнуцца да гісторыі.

Черно-белый мужик

У антычнай Грэцыі, якая з'яўляецца калыскай усёй еўрапейскай цывілізацыі і культуры, у VІІІ — VІІ стагоддзях да н. э. адбываліся сапраўды рэвалюцыйныя падзеі. На змену мікенскай палацавай цывілізацыі, даволі блізкай да ўсходніх манархій і дэспатый таго часу, прыходзіць поліс — горад-дзяржава, своеасаблівы сацыяльны і духоўны ўніверсум для чалавека антычнасці. Гэта была з'ява надзвычайнай важнасці, новая вяха, сапраўднае адкрыццё ў грамадскім і культурным жыцці.

Адной з важных адметных рысаў поліса была поўная публічнасць найбольш важных праяў грамадскага жыцця. Менавіта адсюль і бяруць свой пачатак выбарчыя працэдуры і тэхналогіі. Усе свабодныя грамадзяне былі абавязаны ўдзельнічаць у палітычным жыцці, засядаючы ў народных сходах. Воля народа, выяўленая галасаваннем у сходзе, набывала сілу закона.

У Старажытнай Грэцыі прымянялася адкрытае галасаванне і тайная балаціроўка з дапамогай жэрабя. «Бюлетэнем» быў каменьчык: белы азначаў «за», чорны — «супраць». Яны складаліся ў спецыяльную урну — пасудзіну для галасавання. У Афінах існаваў яшчэ адзін тып тайнага галасавання — «суд чарапкоў»: па ім абшчына мела права выганяць з межаў горада любога грамадскага дзеяча, калі яго папулярнасць пагражала асновам дэмакратыі. Працэдура галасавання выглядала так: удзельнік атрымліваў чарапок і пісаў на ім імя чалавека, якога лічыў патрэбным выгнаць з Афін, а затым змяшчаў чарапок у спецыяльнае абгароджанае месца на плошчы. Той, чыё імя паўтаралася большую колькасць разоў, аб'яўляўся выгнаным.

У Старажытным Рыме перадвыбарная кампанія пачыналася задоўга да дня галасавання. Кандыдат заяўляў органам улады аб сваім жаданні балатавацца. Пасля гэтага пачыналася перадвыбарная барацьба. Адбывалася гэта наступным чынам: кандыдат апранаўся ў беласнежную тогу, што азначала яго чыстае сумленне, і адпраўляўся ў публічныя месцы, просячы падтрымкі ў выбаршчыкаў. У дзень галасавання кожны выбаршчык атрымліваў маленькую дошчачку (выбарчы бюлетэнь), пісаў на ёй імя кандыдата і апускаў у урну.

З таго часу мінула шмат стагоддзяў, змянілася не адна эпоха. Змяняліся абрысы дзяржаў, уздымаліся і гінулі народы, новыя тэхналогіі змянялі старыя. Нязменным заставаўся галоўны прынцып дэмакратыі — удзел свабоднага грамадзяніна ў фарміраванні органаў улады праз выбары. Беларусь, безумоўна, належыць да еўрапейскай цывілізацыі і дакладна гэтак жа нясе яе спадчыну. Наш народ заўсёды імкнуўся саўдзельнічаць ва ўласным лёсе і лёсе сваёй дзяржавы. У розныя гістарычныя перыяды нашы продкі звярталіся да формы дэмакратыі: гарадское веча выбірала князя, аб'яўляла вайну або заключала мір, з розных саслоўяў выбіраліся дарадчыя органы; сейм уладай, дадзенай усімі грамадзянамі, выбіраў караля і вялікага князя.

У ХХ стагоддзі беларусам неаднаразова выпадала збірацца на ўсенародныя сходы, дэлегаваць сваіх дэпутатаў, выбіраць формы кіравання і ўдзельнічаць у будаўніцтве дзяржавы. «Гістарычны час», які выпаў беларусам у пачатку 1990-х, не быў упушчаны. Падзеі 1994 года, прыняцце Канстытуцыі і першыя прэзідэнцкія выбары Рэспублікі Беларусь паказалі, што менавіта ўдзел свабодных грамадзян, іх голас можа вызначыць лёс Айчыны на многія дзесяцігоддзі.

Прынцыпы антычнай дэмакратыі не страцілі для нас сваёй актуальнасці. Наадварот, на сучасным этапе, калі перад Беларуссю зноў стаяць складаныя выклікі і сур'ёзныя мэты, нам зноў трэба стаць саўдзельнікамі свайго лёсу.

Антон ДЗЯНІСАЎ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БНТУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.