Вы тут

На новы ўзровень выйшла ахова здароўя Брэстчыны за апошнія гады


Адразу пасля сёлетніх калядных свят, калі ўрачыста адкрывалі новы корпус Брэсцкага абласнога анкалагічнага дыспансера, было сказана, што цягам гэтага года тут будзе ўстаноўлена найноўшае абсталяванне. І вось яно ў лячэбную ўстанову паступіла. Зманціравана, апрабавана. На мінулым тыдні старшыня аблвыканкама Анатоль ЛІС наведаў медыцынскую ўстанову, каб асабіста ўпэўніцца, як працуюць новыя тамографы ды іншыя апараты, пацікавіцца думкай медыкаў пра эфектыўнасць імпартнай тэхнікі.
[caption id="attachment_104013" align="alignnone" width="600"]Но­вы та­мог­раф у Цэнт­раль­най га­рад­ской баль­ні­цы. Но­вы та­мог­раф у Цэнт­раль­най га­рад­ской баль­ні­цы.[/caption]

Галоўны ўрач дыспансера Канстанцін ШЭЛЕПЕНЬ адзначыў, што некаторыя ўстаноўкі запушчаны нядаўна і ўжо ёсць добрыя вынікі. Гэта датычыць лінейнага паскаральніка «Варыян» для прамянёвай тэрапіі пухлін на суму 45,6 мільярда рублёў, камп'ютарнага тамографа «Філіпс» для дыягностыкі пухлін (22,9 мільярда рублёў), мамографа «Адані» (1,3 мільярда рублёў), брахіятэрапеўтычнага апарата «Мікраселектрон» і гаматэрапеўтычнага апарата для лячэння пухлін жаночых органаў (49 мільярдаў рублёў). Указаныя сумы былі выдаткаваны з рэспубліканскага бюджэту. Вобласць аплаціла мадэрнізацыю і рэканструкцыю памяшканняў пад устаноўку дарагога і высокатэхналагічнага абсталявання, што абышлося яе бюджэту ў 15,6 мільярда рублёў. Завяршаецца работа па рэканструкцыі радыенукліднай лабараторыі пад эмісійны тамограф — апарат плануецца ўстанавіць налета.

Для работы на такім абсталяванні патрэбны спецыялісты адпаведнага ўзроўню. Паводле слоў галоўнага ўрача, многія дактары з Брэсцкага анкадыспансера прайшлі навучанне ў Швейцарыі, Польшчы, Расіі, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Мінску. Варта адзначыць, што тут працуюць не толькі медыкі рознага профілю, але і фізікі, інжынеры. Бо асобныя аддзяленні і лабараторыі цяпер больш нагадваюць навуковыя цэнтры, чым бальніцу.

За прыведзенымі лічбамі стаіць штодзённая карпатлівая работа па ратаванні жыцця і лячэнні людзей ад адной з самых каварных хвароб нашага часу. Канстанцін Шэлепень прывёў разлікі, якія сведчаць пра тэндэнцыю да зніжэння смяротнасці ў рэгіёне ад злаякасных новаўтварэнняў пры тым, што захваральнасць ракам расце як у свеце, так і ў нашай краіне, і адпаведна — у вобласці. Тут ужо праглядаецца прамая сувязь з інвестыцыямі ў ахову здароўя, зробленымі ў Брэсцкай вобласці за апошнія дзве пяцігодкі.

Напрыклад, летась уведзены ў строй дзіцячая паліклініка №1 і абласны перынатальны цэнтр у Брэсце. Флагманам медыцыны рэгіёна заўсёды была абласная бальніца. За апошнія гады ў ёй праведзена рэканструкцыя і мадэрнізацыя корпусаў «А» і «Б», адкрыліся новыя аддзяленні, а старыя перааснашчаны на ўзроўні сусветных стандартаў (аддзяленне рэанімацыі і анестэзіялогіі, а таксама аперацыйны блок былі рэканструяваны раней). Дарэчы, у кардыяхірургічным аддзяленні названай установы штогод выконваецца каля 250 аперацый на адкрытым сэрцы і каля тысячы розных аперацый на сэрцы. Праведзена больш за 160 аперацый па перасадцы нырак, дзве — печані, адна — па трансплантацыі сэрца. Не раз на форумах медыкаў нават замежныя госці адзначалі, што Брэстчына з'яўляецца лідарам на постсавецкай прасторы сярод рэгіянальнай медыцыны.

[caption id="attachment_104011" align="alignnone" width="600"]Но­вае аб­ста­ля­ван­не ан­ка­ла­гіч­на­га дыс­пан­се­ра па­каз­вае га­лоў­ны ўрач Кан­стан­цін Шэ­ле­пень. Но­вае аб­ста­ля­ван­не ан­ка­ла­гіч­на­га дыс­пан­се­ра па­каз­вае га­лоў­ны ўрач Кан­стан­цін Шэ­ле­пень.[/caption]

І гэтая высокая ацэнка заслужаная. Многія мільярды рублёў укладзены ў перааснашчэнне і мадэрнізацыю бальніц Пінска, Баранавіч, амаль усіх раённых цэнтраў. Падыходзіць да завяршэння рэканструкцыя абласной інфекцыйнай бальніцы, на завяршальнай стадыі работы ў гінекалагічным аддзяленні Баранавіцкага радзільнага дома, чакаецца ўвод у строй спальнага корпуса абласнога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі «Тонус». Спіс можна працягваць.

Вядзецца мадэрнізацыя і ў галоўнай бальніцы Брэста — цэнтральнай гарадской. На мінулым тыдні тут адбылася знамянальная падзея. Запушчаны ў эксплуатацыю адразу два тамографы новага пакалення: магнітна-рэзанансны фірмы «Філіпс» і рэнтгенаўскі камп'ютарны «Сіменс». Абсталяванне набыта за суму, якая крыху перавышае 5,3 мільёна еўра. Калі ўлічыць, што да гэтага, акрамя двух абласных медустаноў, тамографы працавалі толькі ў гарадской бальніцы №1 і ў названай цэнтральнай гарадской (расійскі 2002 года выпуску), то можна смела гаварыць пра рэвалюцыю ў справе дыягностыкі гарадской аховы здароўя.

Паводле слоў намесніка галоўнага ўрача ЦГБ Сяргея КОЎШЫКА, за поўны рабочы дзень на магнітна-рэзанансным тамографе можна абследаваць 25-30 чалавек. Прапускная здольнасць рэнтгенаўскага камп'ютарнага тамографа дасягае 60 чалавек. Вельмі важна, што новая апаратура падыходзіць для любога пацыента. Ранейшыя апараты мелі абмежаванні па вазе хворага (да ста кілаграмаў). Цяпер можа быць абследаваны фактычна любы чалавек.

У Цэнтральнай гарадской бальніцы працуе тры міжраённыя аддзяленні і абласное рэабілітацыйнае. Тут штогод праходзяць абследаванне і лячэнне больш за 20 тысяч чалавек. Апошнюю лічбу агучыў старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК, а таксама падкрэсліў, што кожны чацвёрты рубель у гарадскім бюджэце ідзе на патрэбы аховы здароўя.

У кантэксце гэтай размовы, мусіць, грэх было б не прывесці статыстычныя звесткі: на Брэстчыне самы высокі ўзровень нараджальнасці і адзін з самых нізкіх паказчыкаў смяротнасці ў краіне. Што ёсць, тое ёсць. І ў шэрагу прычын такіх аптымістычных фактаў, вядома ж, не на апошнім месцы знаходзіцца ўзровень аховы здароўя. Дастаткова параўнаць з тым, што было нейкае дзесяцігоддзе таму, каб пераканацца, што нам ёсць чым ганарыцца. Нехта скажа: колькі лічбаў напрыводзіла, фактаў нанізала! Калі скажа так, значыць, ён шчаслівы, не сутыкаўся блізка з магчымасцямі нашай медыцыны. А на маю сям'ю, напрыклад, за адзін мінулы год выпала аж тры аперацыі. Усе яны паспяхова праведзены ў Брэсце. Таму з поўным правам магу сказаць: калі на сабе адчуеш сутнасць мадэрнізацыі медыцыны (ну і майстэрства хірурга, вядома), тады і здолееш ацаніць карысць ад інвестыцый у гэтую галіну народнай гаспадаркі.

P.S. Учора ў другой палове дня ў Брэсцкай абласной бальніцы адбылася прэзентацыя новага ангіяграфічнага комплексу вытворчасці фірмы «Сіменс», прызначанага для правядзення шырокага комплексу дыягнастычных і іншых аперацый на сасудах сэрца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.