Вы тут

Чалавек не ведае шмат чаго. І гэта натхняе


2 кастрычніка рэдакцыя “Маладосці” зноў сабралася ў канферэнц-зале выдавецкага дома «Звязда». Гэтым разам – каб сустрэцца з пісьменнікам Міколам Калядным, чыя аповесць “Ільвінае вока” была надрукавана ў майскім, чэрвеньскім і ліпеньскім нумарах выдання.

0188

Першае пытанне – ад галоўнага рэдактара Святланы Дзянісавай. Ёй, як і многім чытачам “Маладосці”, было цікава даведацца пра мінулае Міколы Каляднага, яго шлях да пісьменніцтва.

— Пісьменнікамі не становяцца проста так: павінна нешта гарэць унутры, — сцвярджае творца. – Я веру ў наканаванасць, існаванне хвалі, што вылучае чалавека працаваць у сваім накірунку. Пачынаецца ўсё з ручая, які ўліваецца ў рачулку сэнсу і кажа нашаму розуму: трэба рабіць так, а не інакш. Мяне з дзяцінства цягнула пісаць, таму я скончыў журфак БДУ, уладкаваўся ў камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні. Пасля адбылася дзіўная метамарфоза – раптам пайшоў служыць у КДБ. Служыў там досыць доўга, больш за 25 гадоў. Вядома, якая ў КДБ літаратурная творчасць? Але на сутыку гэтых заняткаў адчуў унутраны штуршок — і зноў захацелася пісаць. Некаторыя цяпер пытаюцца, чаму мае кнігі не пра шпіёнаў і прыгоды. А мяне захапіла зусім іншая плынь – неба, космас, беларушчына. Чалавек не ведае шмат чаго з таго, што існуе ў свеце, і гэта натхняе.

У гэтым месцы Мікола Калядны наблізіўся да пытання, падрыхтаванага рэдактарам аддзела прозы Анастасіяй Салдаценка. Пасля чытання “Ільвінага вока” яна не магла не зацікавіцца духоўнымі асаблівасцямі аповесці. Камусьці рэлігія і акультызм у творы могуць падацца несумяшчальнымі, але аўтар упэўнены: тут адно дапаўняе другое.

— Я перакананы ў тым, што няма рэлігіі вышэй за праўду. Калі ісці ад гэтага выразу, рэлігію робім мы, людзі. На зямлі існуюць розныя крытэрыі вялікага сэнсу і боскага значэння. Канчатковы адказ можна атрымаць толькі ў пошуку па-за ўсталяванымі намі межамі. Вышэй за праўду нічога нямашака, а яна з’яўляецца не тады, калі стаіш перад культавым збудаваннем (хаця я таксама хажу ў царкву), а шляхам роздуму, калі натхненне ідзе ад Бога. Адчуваеш, што ён прысутнічае, спакваля накіроўвае, дае магчымасць падумаць. Такі падыход надае больш веры, і хочацца сказаць Богу “дзякуй” за ўсё.

Пад кубачак гарбаты пісьменнік заўважыў, што ў беларускай культуры адбываецца трансфармацыя. Магчыма, мы пакуль не бачым яе, але змены ўжо пачаліся. Паступова надыходзіць уздым нацыянальнай культуры, і “Маладосць” таксама ўдзельнічае ў гэтай хадзе, бо адлюстроўвае зрухі ў свядомасці беларусаў.

— Праца розуму зойме сваё месца, бо думка пераможа ўсё. Мы здолеем зрабіць нешта такое, на што іншыя паглядзяць і скажуць: “Ого!” Чыталі ўсё жыццё пра балоты і хмызнякі, угнойвалі глебу, але захавалі вышэйшы сэнс, уздым, духоўнасць. Чаму ў нашай краіне так добра квітнее ІТ-сфера? Тут спее асяроддзе, адкуль пачнецца хада чагосьці больш высокага. Нездарма беларусаў ахоўваюць вышэйшыя сілы: колькі б нас ні знішчалі, мы ўсё-такі жывем, таму што думаем. Беларусь яшчэ пакажа сябе, бо сярод яе жыхароў вельмі многа разумных людзей.

 Дар’я Чарняўская, практыкантка “Маладосці”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».