Вы тут

Перцы будуць расці і на падаконніку


Завяршаюцца агародныя справы на садовым участку. Дні становяцца халаднейшымі, па начах пачынае падмарожваць, і многія цеплалюбівыя расліны завяршаюць вегетацыю і гінуць. Але некаторыя з іх можна выратаваць, даць ім магчымасць развівацца дома.

7-2

Вырошчванне агародніны ў кватэры — справа няпростая. Спачатку трэба падрыхтаваць тару (ёмістасці, кантэйнеры) і глебагрунт.

Кантэйнеры павінны быць пранікальнымі для паветра, забяспечваць сцёк лішкаў вады пасля паліву. Грунту трэба на кожную расліну ад 1 да 8 л.

Для нармальнага развіцця і плоданашэння раслін абмежаваны аб'ём глебы пад кожнай з іх павінен мець дастатковы запас пажыўных элементаў. Гэта дасягаецца добрай першапачатковай запраўкай грунту арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі і наступнымі падкормкамі. Глебавыя сумесі лепш зрабіць самім.

Для агурка, кабачка: садовая, дзярновая зямля — 40—75%; гнаявы перагной — 20-35%; торф нізінны — 20—40%. Для тамата, перца: садовая, дзярновая зямля — 40—70%; гнаявы перагной — 20—30%; нізінны торф да 20% ці кварцавы пясок —10%. Для капусты і салаты: садовая, дзярновая зямля — 40—50%; гнаявы перагной — 40—60%; торф да 20%.

У падрыхтаваныя глебавыя сумесі трэба таксама ўнесці і мінеральныя ўгнаенні.

Першай культурай, якую трэба ратаваць, з'яўляецца перац.

Неабходна ўлічваць біялагічныя асаблівасці перца. Паходзіць ён з краін трапічнага пояса, што тлумачыць яго высокую патрабавальнасць да ўмоў вырошчвання. Ён патрабуе шмат цяпла і святла. Перац на ўсіх этапах развіцця вельмі святлолюбівы. Пры зацяненні ападаюць бутоны і завязі, жоўкне лісце. Таму яго лепш трымаць на сонечным акне. Аптымальная тэмпература росту і развіцця складае 20-28 °С днём і 15-20 °С уначы, глеба павінна мець тэмпературу 20 °С. Неабходна памятаць, што пры тэмпературы 15 °С і ніжэйшай яго рост запавольваецца, а пры тэмпературы 13 °С прыпыняецца. Доўгае знаходжанне ў такіх умовах можа негатыўна адбіцца на развіцці раслін і ўраджаю.

Пладаносныя расліны разам з невялікімі пладамі і завязямі ў цяпліцы выкопваюць з вялікім комам зямлі, дабаўляюць неабходную колькасць грунту і высаджваюць у трох- ці пяцілітровыя кантэйнеры і ёмістасці, якія маюць дрэнажныя адтуліны. Догляд раслін у хатніх умовах заключаецца ў падтрыманні светлавога і тэмпературнага рэжыму, своечасовым паліве і падкормках.

Перцы патрабуюць больш частых паліваў, бо не пераносяць нават кароткачасовага падсушвання глебавага субстрату. У перыяд плоданашэння іх паліваюць праз 3-4 дні. Пры невялікіх аб'ёмах гаршчкоў паліў праводзіцца часцей. Перац адмоўна рэагуе на пераўвільгатненне, што патрабуе паліву невялікімі дозамі, але часта.

Расліны падкормліваюць праз 10-16 дзён. Перыядычна выдаляюць жоўтае лісце, выродлівыя плады і выразаюць бясплодныя парасткі. У хатніх умовах перац будзе добра расці і плоданасіць да канца лістапада і можна атрымаць спелыя чырвоныя плады.

Такім жа чынам можна выкапаць, перасадзіць і вырошчваць на хатнім агародзе і іншыя культуры.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.