Вы тут

Зацікаўленыя ў захаванні Полацка


Сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі адбываецца абмеркаванне праблемы захавання гісторыка-культурнай спадчыны Полацка. У ім прымаюць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, Полацкага райвыканкама, чакаецца ўдзел намесніка прэм'ер-міністра Наталлі Качанавай. Выдавецкі дом «Звязда» ажыццяўляе інфармацыйную падтрымку гэтай ініцыятывы.

Удзельнікі пасяджэння абмяркуюць розныя прапановы па рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Полацка, паспрабуюць ацаніць стан гістарычных помнікаў, якія захаваліся ў старажытным горадзе, прадумаюць магчымыя захады па іх захаванні і аднаўленні.

Арганізатарамі падзеі выступілі Беларускі фонд культуры, Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) і Грамадская назіральная камісія пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Апошнюю ўзначальвае Анатоль БУТЭВІЧ, які адзначае:

— Большасць помнікаў, з якімі сёння вядзецца праца ў Полацку, датуецца XVІІІ стагоддзем. Аднак важна ў гэтым горадзе паказаць гісторыю розных часоў. Бо Полацк — старажытны цэнтр праваслаўя, цэнтр увогуле беларускага хрысціянства і дзяржаўнасці. Хацелася б, каб гэта было зразумела і па знешнім выглядзе горада, тым, што захоўваецца ў яго музеях. Мы абмяркуем і сітуацыю, якая склалася вакол полацкага замчышча — ці магчыма яго аднаўленне і якім чынам гэта можна зрабіць. Нагадаю, што канцэпцыя развіцця горада была прынята ў 2007 годзе. Трэба вызначыцца, адпавядае яна сучаснасці ці, мажліва, патрабуе ўнясення пэўных змен?

Гістарычная частка горада сёння мае статус нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка. Аднак падпарадкоўваецца запаведнік Віцебскай вобласці. Магчыма, падпарадкаванне яго наўпрост дзяржаве паспрыяла б прытоку большых інвестыцый, павышэнню статусу гэтага аб'екта, пра што таксама будзе весціся размова на пасяджэнні.

На думку Анатоля Бутэвіча, важны і сам факт далучэння грамадскасці да ўдзелу ў аднаўленні і захаванні такога значнага аб'екта.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.