Вы тут

У спакойнай абстаноўцы


Падчас фінальнага этапу выбарчай кампаніі важна стварыць максімальна бяспечныя ўмовы для тых, хто прыйдзе на ўчасткі.

— Пры правядзенні датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў прыняты дадатковыя захады па ахове грамадскага парадку, — паведаміў начальнік упраўлення аховы правапарадку ГУАПП Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Дзмітрый Кур'ян. — З 5 па 12 кастрычніка арганізавана кругласутачная работа аператыўна-сітуацыйнага штаба МУС і аналагічных штабоў у рэгіёнах. Разам з тым асабісты склад органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы.

Супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў наладзілі цеснае ўзаемадзеянне з выбарчымі камісіямі разнастайных узроўняў і з мясцовымі ўладамі. Увогуле ж службовая дзейнасць МУС падчас выбараў праходзіць па двух напрамках. Гэта арганізацыя аховы грамадскага парадку ды бяспекі падчас выбарчай кампаніі і падрыхтоўка ў адпаведнасці з заканадаўствам месцаў для галасавання на аб'ектах органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў.

— Супрацоўнікі тэрытарыяльных органаў узялі пад ахову ўсе ўчасткі пасля паступлення бюлетэняў, — працягвае Дзмітрый Кур'ян. — Цяпер мы не бачым фактараў, якія могуць аказаць негатыўны ўплыў на ход выбарчай кампаніі. Яна праходзіць у спакойнай абстаноўцы.

Яшчэ адзін важны аспект парадку на выбарчых участках — гэта проціпажарная бяспека. Упор супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях рабілі не толькі на прафілактыку магчымых узгаранняў, але і на тое, каб забяспечыць даступнасць праездаў да аб'ектаў, у якіх знаходзяцца выбарчыя ўчасткі. Не сакрэт, што многія ўнутрыдваровыя праезды ў кварталах шматпавярховай забудовы вельмі шчыльна запаркаваны аўтамабілямі, з-за чаго падабрацца цяжкай тэхніцы ратаўнікоў да патрэбнага месца няпроста.

— Мы правялі інструктажы са старшынямі ўсіх выбарчых камісій і кіраўнікамі аб'ектаў, дзе знаходзяцца ўчасткі для галасавання, праверылі, як працуюць сістэмы пажарнай сігналізацыі, звярнулі ўвагу на стан эвакуацыйных выхадаў, — зазначыў намеснік начальніка ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анатоль Балябін. — З асабістым складам праводзіліся дадатковыя заняткі па ліквідацыі пажараў на выбарчых аб'ектах. Ужо працуюць аператыўныя штабы па кантролі за падтрыманнем пажарнай бяспекі і нясеннем службы. У дзень правядзення выбараў на кожным участку будуць дзяжурыць нашы супрацоўнікі.

Як запэўніў начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя Алег Панчук, на ўсіх выбарчых участках створаны медыцынскія пункты. А ў бальніцах выдзелены рэзервовыя ложкі на той выпадак, калі кагосьці давядзецца неадкладна шпіталізаваць.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.