Вы тут

«Лілея» па пяць, а «Ласунак» — па тры


Прыйшоў час рыхтаваць «стратэгічны запас».

Сельскагаспадарчыя кірмашы для многіх жыхароў сталіцы становяцца добрай магчымасцю нядорага набыць гародніну і садавіну хоць на ўсю зіму. І не дзіва — кошты самыя прымальныя, асартымент — «выбірай — не хачу». Выгадна ўсім: вытворцы могуць абысціся без пасрэднікаў, пакупнікі — атрымаць сельскагаспадарчую прадукцыю. Карэспандэнты «Звязды» накіраваліся на некалькі мінскіх кірмашоў і паназіралі, як ідзе яе рэалізацыя.

7-27

Адна з агульнагарадскіх пляцовак знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска, побач з Палацам спорту. Яшчэ да 9 раніцы сюды прыехалі машыны з гаспадарак усёй краіны. На прылаўках гандлявалі мясной і малочнай прадукцыяй, рыбай, мёдам, але сельскагаспадарчым балем правіла гародніна. Бульба гатункаў «Ласунак» і «Журавінка» па тры тысячы рублёў за кілаграм (трохі танней, чым у гандлёвых сетках), даражэйшая «Лілея» — па пяць. Відаць, што «другі хлеб» сёлета ўрадзіў — прыгожыя буйныя клубні так і просяцца змяніць месца прапіскі.

Памідоры і агуркі ў горадзе можна знайсці і таннейшыя: іх аддаюць па кошце ад 10 да 20 тысяч за кілаграм. Затое гандляры ахвотна распавядаюць пра паходжанне гародніны. Калі камусьці важна ведаць, што яго гурок родам са Століншчыны, — калі ласка. Дарэчы, адтуль жа прыехала і некалькі машын з капустай: набыць кілаграм белакачаннай можна ўсяго за пяць тысяч. Па такім жа кошце ідзе цыбуля, якраз пры нас жанчына забірае цэлы мех — «лішняй не будзе».

Каляровая сястра белакачаннай каштуе ў сярэднім 20 тысяч. Зусім няшмат на кірмашы морквы, прадаюць яе па тры-чатыры тысячы. Часнок можна набыць за 10-15 тысяч. Зеляніну (зялёную цыбулю, пятрушку, кроп) аддаюць аднолькава — па пяць за пучок. А вось слуцкія буракі ідуць па восем тысяч за кілаграм. Гатунак «Бардо» з іншага рэгіёна каштуе танней — пяць тысяч.

7-28

Уражвае колькасць гарбузоў на прылаўках, кілаграм каштуе 15 тысяч. Балгарскія перцы можна набыць за 25 тысяч, чылі — даражэйшыя, аддаць давядзецца каля 80 тысяч.

Пераходзім да радоў з садавіной. Агрэсіўны маркетынг на адным з латкоў заклікае набыць «суперсалодкі яблык» — 12 тысяч рублёў. Не вельмі салодкі аддадуць і за 10. Груша родам з-пад Брэста каштуе 28 тысяч за кілаграм. Вінаград у залежнасці ад гатунку прадаюць за 20-25 тысяч. Дыня з Узбекістана — 13 тысяч. Кавун каштуе 4,5 тысячы за кіло, па словах гандляркі, беларуская паласатая ягада не горшая за панамскіх «сясцёр». Сярод ягад пераважаюць журавіны, кошт на іх ва ўсіх прадаўцоў аднолькавы — 40 тысяч за кілаграм.

Уражаныя асартыментам, аналізуем кантынгент — пераважаюць жанчыны пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Як ім дацягнуць да дому пакупкі? Адказ чакае непадалёк — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі арганізаваў для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і людзей сталага ўзросту бясплатную дастаўку.

7-29

Мы размаўляем з Арцёмам Кяшкіным, каардынатарам валанцёрскага руху БРСМ «Добрае сэрца». Хлопец кажа, што за чатыры гадзіны з пачатку гандлю маладыя людзі дапамаглі ўжо больш як трыццаці пакупнікам. Дзясятак актывістаў грузіць садавіну і гародніну ў аўтамабілі, давозяць да месца прызначэння, падымае ў кватэры. Некаторым ахвотным, праўда, даводзіцца пачакаць сваёй чаргі, бо колькасць «брыгад» абмежавана. Тым не менш больш за гадзіну стаяць не прыходзіцца. Па словах Арцёма, такія ж атрады будуць працаваць на кірмашах ва ўсіх раёнах сталіцы да канца кастрычніка.

Пэўна, на іншых пляцоўках дапамога валанцёраў будзе не так запатрабавана. Першае, што кідаецца ў вочы на кірмашы каля Лядовага палаца на вуліцы Прытыцкага, — пакупнікі больш маладога ўзросту, ёсць сем'і з дзецьмі. Відаць, жыхары найбліжэйшых дамоў сышліся «закупацца» на зіму. Гандаль ідзе нават больш актыўна. Кошты — аналагічныя тым, што мы бачылі каля Палаца спорту.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.