Вы тут

Працаваць без даўгоў


Ключавымі задачамі Мінсельгасхарча з'яўляецца паляпшэнне эканомікі сельскай гаспадаркі і павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Ужо сёння гэтыя напрамкі плануюць унесці ў праграму развіцця галіны да 2020 года. У ёй таксама прапануецца «аздаравіць» шэраг стратных сельгаспрадпрыемстваў, зняўшы з іх неабходнасць выканання даўгавых абавязацельстваў у кароткатэрміновай перспектыве.

Гаспадаркі пераспецыялізуюць

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц падкрэсліў, што большую ўвагу ў наступнай пяцігодцы плануецца надаць стратным сельгаспрадпрыемствам, якіх па краіне каля 29%. Прычым у гэты спіс трапілі нават некалі лепшыя прадпрыемствы, напрыклад, агракамбінат «Ждановічы». Уся справа ў тым, што на многіх з іх адбывалася мадэрнізацыя, укараняліся новыя тэхналогіі, набывалася тэхніка, і цяпер яны нясуць сур'ёзную крэдытную нагрузку.

«Мы прапануем адтэрмінаваць на пэўны час даўгі, даць прадпрыемствам магчымасць стаць на ногі, зарабіць, каб потым яны маглі спакойна разлічыцца па сваіх крэдытных абавязацельствах. А тыя гаспадаркі, якія нават пасля гэтага не будуць мець магчымасці разлічыцца, прапануем ліквідаваць, папярэдне закрыўшы ўсе даўгі», — канстатаваў міністр.

Акрамя таго, Мінсельгасхарч будзе вырашаць пытанні з фермерамі. Напрыклад, слабыя гаспадаркі хутчэй за ўсё зменяць уласніка. Зямлю іншых будуць прапаноўваць фермерам у арэнду, з правам выкупу. Яшчэ адным важным момантам стане пераспецыялізацыя прадпрыемстваў.

«Гаспадаркі павінны займацца толькі тым, што ў іх атрымліваецца добра, на чым яны зарабляюць», — растлумачыў Леанід Заяц.

Мяса даражэць не будзе

Да канца года ў краіне плануецца ўвесці адзінаццаць новых свінакомплексаў. «Гэта дасць магчымасць стабілізаваць вытворчасць свініны ў аб'ёме 480-500 тыс. тон. Менавіта гэты аб'ём неабходны для ўнутранага спажывання», — адзначыў Леанід Заяц.

Прадпрыемствы Мінсельгасхарча за першыя восем месяцаў сёлета сфарміравалі станоўчае сальда гандлёвага балансу ў памеры 1,1 млрд долараў. Гэта адбылося дзякуючы таму, што сёлета павялічылі пагалоўе буйной рагатай жывёлы на 56 тыс. галоў, птушкі — на 3 млн галоў, свіней — на 330 тыс. галоў. Вытворчасць малака вырасла за студзень—жнівень у параўнанні з аналагічным перыядам летась на 7,3%, або на 304 тыс. тон. Назіраецца і рост яго рэалізацыі — плюс 8,8%.

«Мы рэалізавалі на 334 тыс. тон малака больш. Продаж малочнай прадукцыі павялічыўся на 24%, продаж мяса застаўся на ўзроўні мінулага года. Але выручка скарацілася на 17%, бо сусветныя кошты на малако і малочную прадукцыю рэзка знізіліся, па некаторых пазіцыях — на 50%», — растлумачыў міністр.

Ён таксама паведаміў, што сёлета надоі прагназуюцца на ўзроўні 4,7 — 4,8 т малака за год на карову. Вытворчасць мяса ў 2015 годзе на прадпрыемствах ведамства вырасла на 7,1%, або на 72,9 тыс. тон.

«Усё гэта дазволіла нам стварыць неабходны запас прадуктаў харчавання ўнутры краіны, каб забяспечыць наш харчовы рынак і даць магчымасць прадпрыемствам рэалізаваць астатнюю прадукцыю на рынкі Расіі і трэціх краін», — канстатаваў Леанід Заяц.

Акрамя таго, ён адзначыў, што закупачныя цэны на ялавічыну і свініну ў Беларусі зараз расці не будуць. У краіне ёсць рэзерв для зніжэння сабекошту мяса.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.