Вы тут

Апрануцца з густам,


або Чым нас хацелі ўразіць.

Шалікі з водарам, боты з партрэтам уладальніка, бялізна, якую не трэба прасаваць, і іншыя нечаканыя рэчы можна было сустрэць на выставе «БелТЭКСлегпрам. Восень-2015» у Мінску, дзе сабраліся прадстаўнікі больш як 140 кампаній з краін Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Турцыі і Узбекістана.

[caption id="attachment_104350" align="alignnone" width="600"]7-35 Ін­ды­ві­ду­аль­ныя прад­пры­маль­ні­кі не за­ста­лі­ся без ува­гі па­куп­ні­коў.[/caption]

Асартымент выставы ўразіў разнастайнасцю: адзенне, тканіна, сумкі, бялізна, купальнікі, абутак, вырабы прамысловасці, абсталяванне для фарбавання... У кожнай кампаніі была свая мэта: падпісаць кантракт ці знайсці дылера, заявіць пра сябе на рынку ці вывучыць, што патрэбна спажыўцам, уразіць навінкамі і эксклюзівам ці чарговы раз прэзентаваць вядомыя брэнды.

Кампанія «Трэнд Корнер» — вядомы пастаўшчык турэцкіх шалікаў з арыгінальным дызайнам — прывезла, напрыклад, летнюю калекцыю з водарам.

— Шалік можна мыць да дзесяці разоў, а водар усё будзе трымацца. Дарэчы, у трэндзе гэтага сезона вінныя колеры, бардо і ярка-фіялетавы,  падзялілася прадстаўніца кампаніі.

А вось айчынная кампанія «Дарбарстор» выстаўляецца ўпершыню, хоць працуе з кліентамі ўжо пяць гадоў. Яны збіраюцца запоўніць у Беларусі нішу па стварэнні недарагога адзення максімальнай якасці і заяўляюць, што ў стане ажыццявіць гэта.

— Наша палітыка — не рабіць канкрэтных стылізаваных калекцый, а выбіраць апошнія еўрапейскія, англійскія, італьянскія тэндэнцыі і паводле іх ствараць свае вырабы. Гэта і сукенкі, і вопратка — усё, што цікавіць кліента, — расказаў прадстаўнік кампаніі. — Апошні год мы працуем ужо як самастойны брэнд, зарэгістраваны ва ўсіх краінах СНД, і цяпер нам цікавыя запатрабаванні беларускага кліента.

Нягледзячы на тое, што выстава пазіцыянавалася як аптовая, набывалі ўпадабаныя рэчы і ў розніцу. Асабліва на стэндах з жаночым адзеннем ад айчынных прадпрымальнікаў і расійскай дзіцячай вопраткай кампаніі «Усё дзеткам!».

Увогуле, на выставе пры жаданні можна было адзецца з ног да галавы. Прадстаўлена было ўсё, пачынаючы ад эксклюзіўнай нацельнай бялізны і гарнітураў і заканчваючы футрам і ботамі. Дарэчы, пра боты. Усім вядомы «Белвест» здзівіў наведвальнікаў магчымасцямі малюнкавага эксклюзіву — на бот з дапамогай лазера цяпер можна нанесці любы арнамент, нават партрэт уладальніка рэчы.

На выставе можна было не толькі аднавіць гардэроб, але і набыць тавары для дома, айчынную сталовую і пасцельную бялізну. Апошнія навінкі ў сталіцу прывёз баранавіцкі вытворца хатняга тэкстылю «Блакіт».

Турэцкая кампанія «Ост анадулу Кімія» прэзентавала абсталяванне і фарбы для шаўкаграфіі. У яе асартыменце ўсе магчымыя віды фарбаў і хімічных дабавак: пластызолевыя, водныя, фарбы для вытраўкі, з бляскам.

— Мы нават не чакалі такой цікавасці з боку беларусаў. Наша прадукцыя вельмі спадабалася вашым вытворцам — цяпер будзем выбіраць, каго зрабіць нашым эксклюзіўным дылерам на тэрыторыі Беларусі, — кажа супрацоўніца кампаніі.

Па выніках выставы несумненнымі лідарамі сталі прадпрыемствы Віцебскай вобласці, якія атрымалі ўзнагароды ў чатырох намінацыях з пяці.

Ірына СІДАРОК. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.