Вы тут

А ўсё магло б быць інакш


Кожная трэцяя цяжарнасць — незапланаваная. Чаму?

Прычыны банальныя. Галоўным чынам, ігнараванне кантрацэпцыі або нерэгулярнае, няправільнае яе выкарыстанне. У рэдкіх выпадках — абраны метад даў збой. Палова незапланаваных цяжарнасцей заканчваецца абортам. Ці можна іх выкараніць? Забараніць? Не дапусціць?

7-15

Гадоў трыццаць таму ў нашай краіне штогод выконвалася каля 300 тысяч перарыванняў цяжарнасці. Але сёння нашы спецыялісты не схільны азмрочваць сітуацыю, паколькі цяпер выконваецца каля 30 тысяч падобных маніпуляцый у год (у гэтую статыстыку, дарэчы, уваходзяць і выкідышы), што ў дзесяць разоў менш, чым было. Крымінальныя аборты лічацца казуістыкай. Тым не менш, тэму абортаў нельга скідваць з рахунку і заспакойвацца, таму што гэта надзвычайна сур'ёзнае ўмяшанне ў справы арганізма.

Аборты немагчыма забараніць. Гэта абавязкова прыводзіць да з'яўлення крымінальных маніпуляцый. У нашай краіне і трыццаць гадоў таму аборты былі цалкам легальнымі. Але паразмаўляйце з гінеколагамі, якія працавалі ў той час, і даведаецеся, што нават пры поўнай даступнасці такой спецыфічнай лячэбнай дапамогі жанчыны ўхітраліся нашкодзіць сабе па максімуме. У ход ішлі і «ядавітыя» напоі з траў, і спіцы, і парылкі, і газа... Дзякуй Богу, сёння такога няма, аднак гэта не азначае, што аборты можна ў прынцыпе звесці да нуля.

— Я не люблю выкарыстання слоў «бяспечны»-«небяспечны» ў дачыненні да абортаў, — кажа дацэнт кафедры акушэрства, гінекалогіі і рэпрадуктыўнага здароўя Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук Марына ЦЕСАКОВА. — Любое ўмяшанне такога кшталту, уключаючы вакуум-аспірацыю або «пяшчотныя таблеткі» — медыкаментозны аборт — з'яўляецца надзвычай небяспечнай працэдурай.

— Кожная аперацыя — гэта аперацыя, якая нясе з сабой рызыку развіцця ўскладненняў, — дадае дацэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук Алена КІРЫЛАВА. — Яны могуць быць звязаны з траўматызацыяй, крывастратай, наркозам, інфіцыраваннем, а ў перспектыве — з бясплоднасцю, невыношваннем, рызыкай узнікнення пазаматачнай цяжарнасці.

Не дапусціць развіцця падзей па сумным сцэнарыі дапамагае правільнае планаванне цяжарнасці і выкарыстанне сучасных метадаў кантрацэпцыі. Паводле даных абследавання, праведзенага ў 2012 годзе, 63 працэнты 15-49-гадовых жанчын (замужніх або тых, у каго «грамадзянскі шлюб») выкарыстоўваюць той ці іншы метад кантрацэпцыі.

Вядома, што самым эфектыўным метадам папярэджвання цяжарнасці з'яўляецца вазэктамія ў мужчын і стэрылізацыя ў жанчын. Трэба адразу сказаць, што нашы мужчыны на такую працэдуру амаль ніколі не пагаджаюцца, а што да жанчын, то тут вядучым будзе не толькі само жаданне, а наяўнасць дваіх дзяцей і дасягненне 30-гадовага ўзросту. Бывае, на такую працэдуру (яна платная) ідуць жанчыны, якія нарадзілі дваіх дзяцей метадам кесарава сячэння.

Наогул, існуе цэлы шэраг метадаў засцярог ад цяжарнасці — натуральныя (тэмпературны, каляндарны, перарванага палавога акта і інш.), бар'ерныя (прэзерватыў, дыяфрагма, матачны каўпачок) і хімічныя (аэразолі, свечкі, унутрыматачныя спіралі), а таксама ін'екцыі, пластыры і, нарэшце, аральныя кантрацэптывы, у склад якіх уваходзяць гармоны. У Беларусі сучасную гарманальную кантрацэпцыю выкарыстоўваюць ад 3 да 20 працэнтаў жанчын (у залежнасці ад рэгіёна і з улікам таго, што многія прымаюць гэтыя гармоны кароткімі курсамі, скажам, падчас планавання цяжарнасці). Між тым, у Германіі размова ідзе пра 48 працэнтаў такіх жанчын.

Наўрад ці ўсур'ёз можна гаварыць аб тым, што беларускам перашкаджае водпуск гэтых прэпаратаў па рэцэпце. Звычайна рэцэпт выпісваецца мінімум на тры месяцы, ды і прыйсці па яго можна нават у суботу.

Верагодна, праблема хаваецца ў нізкай інфармаванасці, звязанай з цэлым шэрагам «барадатых» міфаў, якія паходзяць з тых гадоў, калі гармоны толькі з'явіліся і мелі сур'ёзныя пабочныя эфекты. Вядома, не існуе медыцынскіх прэпаратаў без пабочных эфектаў, аднак навука не стаіць на месцы, і кожнае новае пакаленне супрацьзачаткавых сродкаў мае ўсё менш проціпаказанняў і негатыўных наступстваў.

— Існуюць розныя тыпы камбінаваных аральных кантрацэптываў, у склад якіх уваходзяць розныя сінтэзаваныя гармоны ў розных дозах, — тлумачыць дацэнт кафедры акушэрства, гінекалогіі і рэпрадуктыўнага здароўя БелМАПА Дзмітрый БУР'ЯК. — Акрамя надзейнай кантрацэптыўнай абароны, яны валодаюць шэрагам дадатковых эфектаў: змяншаюць боль падчас менструацыі, скарачаюць аб'ём крывастраты, паляпшаюць стан скуры і валасоў, аказваюць станоўчае дзеянне пры наяўнасці перадменструальнага сіндрому. Сёння гэтыя прэпараты паказваюць сваю эфектыўнасць і ў прафілактыцы раку яечнікаў, эндаметрыю, тоўстай кішкі, увогуле станоўча ўздзейнічаюць на рэпрадуктыўнае здароўе.

Сучасныя камбінаваныя аральныя кантрацэптывы змяшчаюць, як правіла, два гармоны — эстраген і прагесцін. Гэта сінтэзаваныя варыянты ключавых гармонаў, якія кантралююць менструальны цыкл. Гармоны ў такой таблетцы аказваюць трайное дзеянне: перашкаджаюць авуляцыі (выхаду яйцаклеткі з яечнікаў), не дазваляюць сперматазоідам трапіць у матку (за кошт надта густой слізі), змяняюць структуру эндаметрыю (слой, які высцілае матку), што не дазваляе замацавацца аплодненай яйцаклетцы.

Кантрацэптывы апошняга пакалення ствараюцца такім чынам, каб максімальна адпавядаць прыроднаму стану арганізма. У Беларусі ўжо з'явіліся прэпараты з натуральным эстрагенам. Ёсць такія, што змяшчаюць метафалін, які да моманту планавання цяжарнасці назапашвае ў арганізме дастатковую колькасць фалатаў, неабходных для нармальнага развіцця плода.

Каб данесці да жанчын і мужчын рэпрадуктыўнага ўзросту важнасць кантрацэпцыі і клопату аб рэпрадуктыўным здароўі, Беларуская асацыяцыя ўрачоў пры падтрымцы кампаніі Bayer у хуткім часе плануе пачаць адукацыйную праграму для студэнтаў ВНУ, іх бацькоў і выкладчыкаў «Тваё жыццё. Твая будучыня». Галоўным чынам, гэта будзе магчымасць задаць спецыялістам любыя пытанні аб палавым жыцці і кантрацэпцыі, а таксама расповед пра тое, як важна планаваць нараджэнне дзяцей, а не дзейнічаць па сітуацыі.

— Ва ўсім свеце пары прымяняюць не толькі аральную кантрацэпцыю, але і выкарыстоўваюць прэзерватыў — бар'ер ад інфекцый, — кажа Марына Цесакова. — Мы павінны расказаць нашай моладзі, што жанчына пры адсутнасці гэтых дзвюх умоў вельмі рызыкуе не толькі з пункту гледжання непажаданай цяжарнасці, але і ў сэнсе заражэння палавымі інфекцыямі.

— Нашы мужчыны маюць вельмі слабае ўяўленне аб гэтай тэме, — зазначае старшыня Беларускай асацыяцыі ўрачоў Дзмітрый ШАЎЦОЎ. — Можна сказаць, яны знаходзяцца ў каменным веку. Падчас штогадовай дыспансерызацыі не набіраецца і 20 працэнтаў беларускіх мужчын, якія наведваюць уролага

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.