Вы тут

Як праходзіў першы дзень датэрміновага галасавання


Карэспандэнты «Звязды» наведалі выбарчыя ўчасткі ў розных рэгіёнах краіны.
7-48

 На выбарчым участку ў Гомелі.

Брэст: адны міма праязджалі, для іншых — традыцыя

Для мяне, якая ні разу не галасавала датэрмінова, такая высокая актыўнасць нашых грамадзян у першы дзень нават крыху здзівіла. Я разлічвала дачакацца аднаго-двух, ну, можа, трох выбаршчыкаў. Але за паўтары гадзіны на брэсцкім участку №3, размешчаным у будынку будаўнічага трэста па бульвары Шаўчэнкі, прагаласаваў добры дзясятак людзей. І першым, каго сустрэла ваша карэспандэнтка, стаў добразычлівы і гаваркі пенсіянер Анатоль Шмялёў.

Анатоль Дзмітрыевіч паведаміў, што заўтра ён збіраецца паехаць у Оршу, мае намер пагасцяваць у сястры, таму прыйшоў сёння выканаць свой грамадзянскі абавязак. Яшчэ ён сказаў, што галасуе за стабільнасць, бо не хоча ніякіх перабудоў, вялікіх перамен альбо ўзрушэнняў:

— Нарадзіўся я ў Сібіры, мае дзіцячыя гады прыпалі на вайну, у 1945-м загінуў бацька... Перад вачыма прайшлі гістарычныя падзеі, у іх ліку развал Савецкага Саюза, рэформы, перабудова — шмат чаго прыйшлося перажыць нашаму пакаленню. Хачу, каб мае тры сыны і дачка жылі ў спакойнай краіне, гадавалі дзяцей, радаваліся ўнукам, каб усе мы ездзілі адно да аднаго ў госці, — заключыў гараджанін.

Паліна Маркаўна Лычук, былая выхавальніца інтэрната чыгуначнага тэхнікума, сказала, што любіць парадак і арганізаванасць: «Ёсць магчымасць для датэрміновага галасавання, значыць, трэба яе скарыстаць». А выкладчыца Таццяна Раманоўская заўважыла, што праязджала з дачкой міма ўчастка, вось і вырашылі зазірнуць. Потым аказалася, у Таццяны Міхайлаўны няма з сабой пашпарта. Але ёй падказалі, што і вадзіцельскае пасведчанне падыдзе. Маці з дачкой, да іх агульнага задавальнення, здолелі выкарыстаць сваё выбарчае права.

Цікава абазначыла прычыну сваёй яўкі на ўчастак Людміла Рындзюк: «Мне мама загадала, — смяецца Людміла Пятроўна. — Маёй маме 81 год. Яна сказала суседзям, што заўсёды галасуе ў першы дзень і дочкі з яе бяруць прыклад. Мама заўсёды была неабыякавым, актыўным чалавекам. А мы, хоць самі дасягнулі пенсійнага ўзросту, ва ўсім яе слухаемся. А калі шчыра, то ў нашых сямейных традыцыях — працавітасць, законапаслухмянасць і свядомасць».

Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Аляксандра КАМЫШКАЛА паведаміла карэспандэнту газеты, што з 10 гадзін, як толькі адкрыўся ўчастак, сюды ідуць грамадзяне розных узроставых катэгорый. Зранку было двое студэнтаў, якія на выхадныя збіраюцца да бацькоў.

Першы дзень на ўчастку папярэдняга галасавання аказаўся асабліва насычаным на наведвальнікаў. Маю на ўвазе не толькі выбаршчыкаў. Супрацоўнік гарадскога аддзела МНС Ягор Барысенка праверыў наяўнасць вогнетушыцеля і патрэбнай дакументацыі. Зазіралі і прадстаўнікі санітарнай службы, якія цікавіліся санітарнымі ўмовамі ў будынку.

Пакуль мы гаварылі са старшынёй камісіі, падышлі маладыя муж і жонка Ганчаровы. У спісах Ганна значылася пад прозвішчам Цуканава, і, згодна з яе новым пашпартам, у дакументы ўнеслі папраўку. Прагаласаваўшы, выбаршчыца пацікавілася, ці можа гэта зрабіць муж, бо ён хоць і жыве ў Брэсце, пакуль зарэгістраваны ў іншым горадзе. Уладзіміра ўнеслі ў дадатковыя спісы і прапанавалі запоўніць бюлетэнь. Пакідалі ўчастак маладыя людзі з добрым настроем — гэта было іх першае сямейнае галасаванне. З чым іх ад душы павіншавалі не толькі члены камісіі, але і назіральніца Таццяна Сашко. Таццяна Яўгенаўна назірала за ходам галасавання ад прафсаюзнай арганізацыі. І ў гэты час ад групы назіральнікаў была адна. А ўсяго заявілі намер наведаць участак №3 назіральнікі ад ветэранскай арганізацыі, ад партыі БНФ, ад групы грамадзян, ад працоўнага калектыву.

У Таццяны Сашко ніякіх заўваг не было. Яна адзначыла, што на ўчастку пануе добразычлівая атмасфера. На нумар тэлефона, які ўказаны ў запрашэннях, тэлефануюць выбаршчыкі і ўдакладняюць асобныя пытанні. У ходзе зверкі спісаў і па тэлефоне ўжо запісаліся 90 грамадзян, якія па стане здароўя пажадалі галасаваць дома. Побач з участкам несла службу міліцыянер Юлія Пастушэнка.

Гомель: жаданне быць першымі

На ўчасткі прыходзяць тыя, каму нязручна ў выхадныя заставацца ў горадзе. Многія пенсіянеры ідуць на выбарчы ўчастак №48 у Гомелі, бо хочуць быць першымі, хто аддаў свой голас за будучыню краіны.

Студэнты-другакурснікі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога Яўген Касцянка і Аляксандр Калеснік збіраюцца на выхадныя ад'ехаць да бацькоў у Мазыр і Лельчыцы. Таму прыйшлі адразу ж, як з'явілася такая магчымасць. Між іншым, участак для галасавання знаходзіцца ў тым інтэрнаце, дзе жывуць маладыя людзі. Дарэчы, хлопцы галасуюць упершыню, і таму памятныя сувеніры ім уручыў старшыня выбарчай камісіі Алена Конкіна.

— Цяпер адчуваю сябе па-сапраўднаму дарослым. Упершыню я самастойна буду выбіраць таго, каму аддам свой голас, — гаворыць Яўген. — Безумоўна, буду галасаваць за таго кандыдата ў прэзідэнты, якога лічу вартым, які можа палепшыць нашу краіну. Беларусь мне і цяпер падабаецца. Спадзяюся, што яна будзе толькі прыгажэць і багацець.

— Я — за квітнеючую і магутную Беларусь, — дадае Аляксандр. — Я павінен стаць добрым спецыялістам, металургам. Магчыма, і ў мяне атрымаецца зрабіць штосьці важнае ў сваёй прафесіі, а значыць, і для краіны. Для мяне важна адчуваць, што нешта ў грамадстве залежыць ад майго голасу.

Па словах старшыні Гомельскай абласной выбарчай камісіі Мікалая Стоша, усе ўчасткі для галасавання падрыхтаваны: на іх ёсць бюлетэні, усталяваны стэнды з інфармацыяй, неабходныя сродкі сувязі, аховы, арганізавана дзяжурства членаў выбарчых камісій:

— Напярэдадні мы правялі трэніроўку цэнтральнай выбарчай камісіі. Усе камісіі, якія ажыццяўляюць датэрміновае галасаванне, прыступілі да яго правядзення. Падрыхтоўка да галасавання, інструктаж членаў камісіі і назіральнікаў, шырокі доступ да ўсіх матэрыялаў, звязаных з выбарчым працэсам, з біяграфіямі кандыдатаў, дазваляюць гарантаваць, што выбары пройдуць паводле Выбарчага кодэкса і грамадзяне змогуць гарантавана рэалізаваць сваё права на свабоднае волевыяўленне. Людзі на выбарчыя ўчасткі ідуць. Не натоўпам, але многія, у тым ліку моладзь, прыходзяць галасаваць загадзя. Дарэчы, адначасова працягваюцца сустрэчы давераных асоб кандыдатаў у прэзідэнты з выбаршчыкамі.

Больш за палову урнаў для галасавання на Гомельшчыне — празрыстыя. У вобласці паспелі вырабіць каля 650 такіх скрынь. Усяго тут налічваецца 1070 участкаў для галасавання. Чакаецца, што большасць з 1 млн 101 тысячы выбаршчыкаў наведаюць іх за наступныя пяць дзён.

7-47

 На выбарчым участку ў Мінску.

 

Віцебск: А навічкам — нататнік на памяць

У першы дзень датэрміновага галасавання па выбарах Прэзідэнта на ўчастку, які знаходзіцца ў славутай alma mater — Віцебскім дзяржаўным ордэна Дружбы народаў медыцынскім універсітэце — каля 11 гадзін раніцы выстраілася чарга маладых выбаршчыкаў.

— Самыя першыя прыйшлі да адкрыцця ўчастка. Усяго ў нас зарэгістраваны 2224 выбаршчыкі. Акрамя жыхароў 18 дамоў, галасуюць студэнты — у асноўным малодшых курсаў. Тым, хто галасуе ўпершыню, дорым на памяць нататнік з лагатыпам універсітэта, — распавядае Ірына Гарадзецкая, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі №37 Кастрычніцкага раёна г. Віцебска.

На момант нашай з ёй размовы на ўчастак прыйшла прыгожая брунетка. Высветлілася, што яна ўпершыню аддасць свой голас на прэзідэнцкіх выбарах.

— Прагаласавала датэрмінова, паколькі ў выхадныя дні трэба шмат чаго вучыць. Часу не будзе ў нядзелю прагаласаваць... Я вучыцца ў Віцебск прыехала з Магілёва, — сціпла адказала на пытанні журналіста Алеся Карпушэнка, студэнтка 4 курса лячэбнага факультэта вышэйзгаданага ўніверсітэта. Вучыцца яна добра. Пажартавала, што ўжо кандыдатка ў выдатніцы.

— Студэнты медыцынскага ўніверсітэта могуць быць у галоўны дзень галасавання на дзяжурствах у клініках. Дзяжураць у адпаведнасці з навучальным планам. Таму многія галасуюць таксама датэрмінова, — дадала старшыня камісіі.

Пацікавіўся ў яшчэ адной выбаршчыцы — дамы сталага веку — чаму яна сёння прыйшла на ўчастак.

— А я 11 кастрычніка прыеду дамоў увечары, калі ўжо галасаванне скончыцца. Вось і вырашыла датэрмінова прагаласаваць, — растлумачыла Ада Міхайлаўна Перунова.

На ўчастку ў дзень падрыхтоўкі рэпартажу былі зарэгістраваны 10 назіральнікаў. Скрынка для бюлетэняў празрыстая. За парадкам сочыць міліцыянер. Усё адпавядае патрабаванням.

11 кастрычніка на гэтым участку будуць арганізаваны выязны гандаль і вялікая канцэртная праграма. Выбаршчыкі ведаюць, што па добрай традыцыі тут гарантаваны і добры настрой.

Усяго ў Прыдзвінскім краі датэрмінова можна прагаласаваць на прыкладна 800 участках. У галоўны дзень выбараў запрацуюць яшчэ больш як 50 так званых закрытых участкаў: у бальніцах, прафілакторыях і гэтак далей. Маюць права прагаласаваць больш за 870 тысяч чалавек, у тым ліку каля 12 тысяч зробяць гэта ўпершыню.

Мінск: асаблівы настрой

Выбарчы участак №6 Кастрычніцкага раёна Мінска, што размяшчаецца ў філіяле Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта — Мінскім дзяржаўным політэхнічным каледжы, нягледзячы на тое, што галасаванне толькі пачалося, не пустуе.

Маладыя хлопцы і дзяўчаты заходзяць адразу па некалькі чалавек, распісваюцца насупраць свайго прозвішча, атрымліваюць бланкі і накіроўваюцца да кабінак для галасавання.

— Гэта нашы навучэнцы, — заўважыла журналістам Наталля Куноўская, старшыня ўчастковай камісіі. — Для тых, хто галасуе ўпершыню, падрыхтаваны невялікія сувеніры: ручкі і святочныя паштоўкі. Многія маладыя людзі загадзя цікавіліся, калі можна прагаласаваць датэрмінова.

З улікам таго, што вялікая колькасць выбаршчыкаў на гэтым участку — навучэнцы каледжа, аформлены спецыяльны стэнд: «Куток маладога выбаршчыка», на якім размешчана інфармацыя пра ўзрост, з якога чалавек мае права прагаласаваць, пералік дакументаў, якія неабходна браць з сабой для гэтага.

Аднак у выбарчых спісах гэтай камісіі не толькі студэнты, але і жыхары дамоў, што знаходзяцца паблізу.

— Тыя, хто галасуе ўпершыню, прыходзяць, як правіла, натхнёныя, з усмешкамі на тварах — відаць, што для іх гэта свята, — дзеліцца сваімі назіраннямі выкладчыца каледжа, член участковай камісіі Наталля Аўтушка. — Адчуваецца адказнасць, жаданне выканаць грамадзянскі абавязак. Як правіла, пытанняў не задаюць — ідуць галасаваць ужо падрыхтаваныя.

На той момант, калі мы прыйшлі на ўчастак, датэрмінова прагаласавалі ўжо каля 20 чалавек.

Сяргей, студэнт трэцяга курса Мінскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, якраз з тых, хто галасаваў упершыню.

— Пра кандыдатаў пачытаў загадзя, — расказвае хлопец.

Яго аднакурснік Уладзіслаў, які таксама галасуе на прэзідэнцкіх выбарах першы раз у жыцці, дадае:

— Уражанні прыемныя. Пра выбары чытаў, абмяркоўваў іх з сябрамі. Прыйшоў прагаласаваць, каб не быць раўнадушным.

На ўчастку прысутнічалі і назіральнікі. Уладзімір Буневіч, прадстаўнік грамадскага аб'яднання «Белая Русь», падкрэсліў: усё праходзіць на дастаткова высокім узроўні.

— Своечасова былі адкрыты скрыні для галасавання — за 15 хвілін да пачатку. Усе члены камісіі былі на месцах. Відаць, што моладзь актыўная, нават у першы дзень датэрміновага галасавання. Некалькі чалавек пажылога ўзросту таксама прыходзілі аддаць свае галасы. Арганізацыя на добрым узроўні, ніякіх заўваг не маю.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Ірына АСТАШКЕВІЧ

astashkevich@zviazda.by

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.