Вы тут

Мадэль мікрасвету Віктара Альшэўскага


Гермес праносіцца над Мінскам з навінамі, у ГУМ ідуць статуі з Луўра, а стадыён «Дынама» становіцца Калізеем... Усё немагчымае становіцца магчымым у працах Віктара Альшэўскага, бо ён лічыць, што «мастацтва — гэта не тое, што мы бачым, а тое, што мы думаем». Ён прымушае думаць падчас персанальнай выставы «Мой Мінск. Сімвалы прасторы і часу». У сталічнай галерэі М. Савіцкага прадстаўлена каля 30 прац. Але хіба магчыма паказаць усё з таго, што сабрана ў яго важкіх каталогах? У майстэрні творцы, акрамя неверагодна прыгожых карцін і безлічы кніжных паліц, ёсць некалькі вялізных дрэў. Ён на адлегласці тысяч кіламетраў адчувае, як расліны пакутуюць. Акрамя раслін, ён добра адчувае і людзей — «без псіхалогіі мастацтва мёртвае». І яшчэ шмат што пра тое, як праз мастацтва адчуць любоў да краіны, распавёў нам Віктар Альшэўскі.

7-24

— Вас называюць беларускім Далі. А ці важны для вас імідж?

— Так, мяне называюць беларускім Далі, але не таму, што я да гэтага імкнуўся. Для мяне імідж — гэта, хутчэй, рыса, якая адрознівае ад іншых, нейкая асаблівасць. Вочы, усмешка, фізічны стан — усё гэта вызначае і энергетыку. Мне здаецца, што псіхалагічны стан чалавека фарміруе яго знешняе аблічча. Таму казаць пра тое, што можна стварыць імідж, я б не стаў: імідж без унутраных якасцей — пусты, ён павінен прыходзіць знутры. Калі імідж штучны — чалавека заўважаюць па прычосцы, напрыклад. Я не прыхільнік гэтага. Для таго, каб цябе пазнавалі, не абавязкова ставіць валасы тарчма. Імідж становіцца важным толькі тады, калі гэта гармонія знешнасці і ўнутранага свету, калі гэта арганічна і ненаўмысна. Імідж без творчасці — нішто, гэта тэатральны перфоманс, падман. Для мастака, калі ён не ўмее нічога, імідж не будзе выратавальным кругам. Гэта тое ж, калі замест хлеба атрымаць штосьці закамуфліраванае пад хлеб.

— Скажыце, а ці лёгка ў Беларусі зрабіць персанальную выставу?

— З гэтым няма ніякіх праблем, пытанне толькі ў тым — дзе і, галоўнае, каб у гэтым быў сэнс, каб гэта было мэтазгодна. Людзі, якія гоняцца за вялікімі пляцоўкамі, не разумеюць, што паказаць працы можна нават дома — і гэта будзе персанальная выстава. Не заўсёды яна павінна быць маштабнай і музейнафарматнай, бо эканамічнае пытанне арганізацыі любога мерапрыемства застаецца адкрытым. На маю думку, у Беларусі вельмі проста правесці выставу — усё залежыць ад ініцыятывы. Я выстаўляўся і ў маленькіх гарадах Беларусі, і за мяжой, цяпер — у Мінску, а хутка адкрыецца выстава ў Парыжы. Але выставы — гэта не самамэта, бо большая іх частка не прыносіць ніякага прыбытку, такія мерапрыемствы патрабуюць каласальных выдаткаў. Часам, укладаючы шмат, не атрымліваеш нічога. У нашай краіне няма мастацкага рынку, каб можна было прадаваць карціны ці працаваць з менеджарамі, як у Еўропе, але мастацтва там — гэта проста тавар.

[caption id="attachment_104342" align="alignnone" width="600"]7-23 Ста­рон­кі мін­скай гіс­то­рыі.[/caption]

— Што можа дапамагчы ў арганізацыі выставы: толькі творчасць ці ўзнагароды маюць значэнне?

— Я б падзяляў гэтыя паняцці: тое, што дапамагае, і ўзнагароды. У Льва Талстога, напрыклад, узнагарод не было, але ў яго быў талент. Многія мастакі імкнуцца да таго, каб маніпуліраваць узнагародамі. Паняцце звання — гэта проста падтрымка, заахвочванне, калі чалавек працуе. Узнагарода не павінна мець значэнне, яна нават не мая — гэта ўзнагарода маіх бацькоў, майго настаўніка Міхаіла Савіцкага, маёй сям'і. Гэта прызнанне за калектыўную працу.

— Ваша творчасць — гэта тое, што ўнутры вас, ці тое, што вы бачыце вакол сябе?

— Творчасць — гэта ўсё. Гэта і гістарычная памяць, і падсвядомае, і несвядомае, і, натуральна, свядомае. Мастак можа проста маляваць прыроду, калі глядзіць на яе, а можа фарміраваць светаўспрыманне, калі прыдумвае ідэю сваёй карціны. Мастацтва непадуладнае кожнаму, бо чалавек бачыць толькі паверхню, а дэталі трэба аналізаваць. Але для мяне больш важнае, напэўна, тое, што бачу я. Я магу гэта ўспрымаць і адлюстроўваць праз уласнае бачанне. Мастак і прастора — гэта вечнае пытанне. Калі я малюю сюжэт, то гледачы ўбачаць плоскасць, яны павінны праз сябе прапусціць пейзаж і атрымаць уласны малюнак. У гэтым і ўзаемасувязь: чалавек не можа нараджаць штосьці, не напоўніўшы свой уласны сасуд.

— У вас ёсць серыя карцін, прысвечаных гістарычным асобам. Чым для вас важная гісторыя?

— Я спрабую зразумець прастору на 2-3 тысячы гадоў таму. Вось мая калекцыя «Музеі свету» створана для таго, каб людзі, якія прыйшлі ў Луўр, у Эрмітаж, трапілі не проста ў музей, а ў асяроддзе, дзе сутыкнуліся цывілізацыі, каб яны адчулі энергію розных пакаленняў, рухаліся ў лабірынце розных эпох. Зрабіць адкрыццё, не ведаючы, што было раней, проста немагчыма. Мастакі не робяць чагосьці звышнатуральнага. Мы ствараем новы прадукт, новае разуменне, магчыма, светаўспрыманне, у кантэксце гістарычнага мінулага.

— Што для вас творчы эксперымент у мастацтве?

— Калі ўзяць, напрыклад, матэматычную формулу — не заўсёды можна яе зразумець. Такая ж формула і мастацтва. Не заўсёды можна зразумець музыку, карціны. Глядач бачыць толькі паверхню, толькі частку айсберга, а каб зразумець карціну, каб расшыфраваць сімвалы — трэба пастарацца. Творчы эксперымент — гэта пастаянная праца над сабой, гэта перапрацоўка, каб дасягнуць дасканаласці, гэта барацьба з сабой. Творчы эксперымент — гэта праца, якая прывядзе да віртуознасці, гэта пастаянны пошук новага мыслення, гэта не новы прадукт, бо прадукт — гэта вынік.

[caption id="attachment_104341" align="alignnone" width="600"]7-21 Ле­ген­да Мір­ска­га зам­ка.[/caption]

— Вы калісьці былі маладым мастаком і працавалі са студэнтамі. Як рэалізавацца маладым у творчасці?

— У мяне ёсць рэцэпт: ведаць, чаго ты хочаш, быць прафесійна падрыхтаваным, не капіраваць настаўніка, а ўзяць найлепшае, быць паслядоўнікам, вынаходзячы новае. Трэба надаваць увагу дысцыпліне і працы. Кожны дзень у адзін і той жа час рабіць штосьці для свайго прафесійнага развіцця. Ніколі не трэба скардзіцца, што праца не атрымліваецца — гэта адгаворкі, праз некаторы час усё атрымаецца. Малюй абсурд, стаў сабе мэту, размазвай фарбу, стварай вобразы. Пастаянна трэба вучыцца, шукаць ва ўсім крыніцы і сімвалы. У творчых людзей ёсць шмат шанцаў для рэалізацыі — можна ўдзельнічаць у конкурсах, ёсць гранты. Самаадукацыя + праца + здольнасці кіраваць сабой — гэта і ёсць аснова.

— Як зрабіць так, каб дзяржава заўважыла творцу?

— У дзяржавы ёсць такая асаблівасць, што яна ў кожным пакаленні знаходзіць людзей, якія працуюць на сваю краіну, якія і ёсць краіна. Мастак узнагароджваецца ў першую чаргу за грамадзянскую пазіцыю і актыўную творчую дзейнасць. Менавіта такіх людзей, якія адчуваюць краіну, заўважае дзяржава. Але мала хацець месца пад сонцам, трэба паказваць вынік. Абвінавачваць кагосьці, што цябе не прызнаюць, — гэта тое ж, што абвінавачваць сябе ў непрызнанні іншых.

Дзяржава — гэта кожны чалавек. Мы не павінны ад яе штосьці патрабаваць. Дзяржава стварае для нас умовы, якія дазваляюць трымацца на паверхні. Калі такая сітуацыя не задавальняе, можна паехаць у якую заўгодна краіну, паказаць там сваё мастацтва. Але гэта не значыць, што ў іншай краіне мастак атрымае прызнанне. Мне ніколі не было ў Беларусі дрэнна. Я наадварот заўсёды хацеў сюды вярнуцца, ведаў, што мне тут будзе добра.

— Ці важна для вас быць зразумелым гледачу?

— Гледачоў вельмі шмат. Калі мастак будзе думаць выключна пра публіку, а не пра ўласнае разуменне свету, то ён проста згубіць сябе. Каб зразумець тое, што хацеў сказаць мастак, трэба спачатку зразумець сябе. Я, напрыклад, разумею ўсіх мастакоў, бо гляджу на іх вачыма іх магчымасцей, іх уласнага разумення. Я не гляджу праз сябе, я не магу даваць парады. Гэта ўласнае «Я» кожнага, і падстройвацца пад кожнага проста немагчыма. Трэба казаць тое, што хочацца, рэалізоўваць ідэі. Калі чалавек захоча зразумець твор, ён зразумее. Калі ён не разумее, значыць, яму гэта, верагодна, проста не патрэбна.

Да ведама

Віктар Альшэўскі, ураджэнец Магілёўшчыны, пасля заканчэння школы вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. Пасля працаваў мастаком у Навукова-даследчым інстытуце эканомікі, дзе адбылася яго першая персанальная выстава. Потым паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе пад уплывам Гаўрылы Вашчанкі, Анатоля Бараноўскага і Васіля Шаранговіча прайшло студэнцтва мастака. 4 гады працаваў і вучыўся ў творчай майстэрні Міхаіла Савіцкага, якому і цяпер дзякуе за свой поспех. Віктар Альшэўскі — сябра Саюза мастакоў, прафесар, выкладаў у Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Разам з аднадумцамі ствараў грамадскае аб'яднанне «Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва», кіраваў «Цэнтрам сучасных мастацтваў».

Віктар Альшэўскі з тых мастакоў, якія не толькі прадстаўляюць Беларусь за межамі, але актыўна выстаўляюцца ў самых розных гарадах роднай краіны: Барысаве, Светлагорску, Магілёве, Бабруйску, Шклове, Асіповічах, Бялынічах і іншых. У 2009 годзе Віктар Альшэўскі стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за серыю твораў для Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, у 2013 годзе мастаку быў уручаны медаль Францыска Скарыны.

Мастацкія працы можна ўбачыць не толькі ў Беларусі (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва) — яго творы захоўваюцца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве, у маскоўскім «Цэнтральным доме мастака», у галерэях Германіі, Нарвегіі, Польшчы, Італіі, Францыі, Іспаніі, Аўстрыі, ЗША і іншых краін.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маршрут па крынічным краі

Маршрут па крынічным краі

Пер­шы­мі яго па­ча­лі асвой­ваць гро­дзен­скія твор­цы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.