Вы тут

У аб'ектыве ваенкара


Рарытэтныя фотаздымкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны з найбуйнейшай у свеце калекцыі класічнай савецкай фатаграфіі экспануюцца ў Мінску.

Дзесьці на гарызонце ідуць у атаку савецкія салдаты. Пакідаюць родныя хаты і вяртаюцца — ужо на папялішчы — сяляне. Хаваюцца ад бамбёжкі дзеці. Знемагаюць ад болю параненыя. Здаюцца ў палон нямецкія салдаты, быццам на парадзе — каробкамі — ідуць па шырокім праспекце той краіны, гаспадарамі якой хацелі стаць. На мяне глядзяць толькі што вызваленыя вязні Асвенцыма, на спакутаваных тварах якіх цяжка распазнаць радасць. І ўжо не могуць глядзець тыя, чый попел, а таксама недагарэлыя часці цела віднеюцца з крэмацыйных печаў...

[caption id="attachment_104337" align="alignnone" width="600"]7-16 Са­ўла­даль­нік ка­лек­цыі «Borodulіn's collectіon» Аляк­сандр Ба­ра­ду­лін.[/caption]

Гэта не сон. Не падручнік па гісторыі. І нават не кінастужка, дзе сабраны вядомыя і не зусім эпізоды Другой сусветнай вайны. Гэта выстава-праект «Паспець паказаць...», што адкрылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Работы, якія з'яўляюцца класікай ваеннай фатаграфіі, у Мінск прывёз калекцыянер і фатограф Аляксандр Барадулін. Калекцыя сям'і Барадуліных — адна з найбуйнейшых і дарагіх у свеце калекцый савецкай фатаграфіі. Яе складаюць сапраўдныя рарытэты фотахронікі СССР з 1917 па 1991 год. Аўтары работ — прызнаныя класікі фотамастацтва: Яўген Халдзей, Макс Альперт, Дзмітрый Бальтэрманц, Анатоль Марозаў, Аляксандр Дзітлаў...

Няўжо вам не вядомы фотаздымкі, на якіх Ягораў і Кантарыя ўзнімаюць Сцяг Перамогі над Рэйхстагам, камбат з пісталетам у руцэ падымае ў атаку салдат, Чэрчыль, Рузвельт і Сталін сядзяць падчас Ялцінскай канферэнцыі, маршал Жукаў падпісвае акт аб капітуляцыі? Парад Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года, палонныя немцы, вязні Азарыцкага канцлагера — гэтыя і многія іншыя фатаграфіі знаёмы яшчэ са школьных падручнікаў па гісторыі, з хрэстаматыйнай літаратуры.

7-19

— Асноўны пласт ваеннай фатаграфіі трапіў да нас пасля Другой сусветнай, — расказвае саўладальнік калекцыі «Borodulіn's collectіon» Аляксандр Барадулін. — Мой бацька, Леў Барадулін, прайшоў вайну з першага па апошні дзень: ад Масквы да Берліна. Фатаграфаваць пачаў пасля. У асноўным здымаў салдат, якія вярталіся з фронту, — так зарабляў сабе на хлеб. Калі ўсур'ёз захапіўся фатаграфіяй, камандаванне папрасіла бацьку сабраць фоталетапіс палка, у якім той служыў. І ён пачаў хадзіць па масцітых фатографах, чые работы ўжо былі вядомы. Падчас гэтых сустрэч успаміналі вайну, пасля чаго фатографы аддавалі бацьку некаторыя здымкі. Ён, у сваю чаргу, плаціў за абед ці вячэру. Так пачала стварацца калекцыя.

Потым калекцыянаваць фотаздымкі ўваходзіла ў абавязкі Льва Барадуліна: ён працаваў штатным фотакарэспандэнтам часопіса «Огонёк». Рэдакцыйную фоталабараторыю дзяліў з вядомым фатографам Дзмітрыем Бальтэрманцам, чый фотаздымак «Гора», як і «Сцяг Перамогі над Рэйхстагам» Яўгена Халдзея, абышоў увесь свет і стаў сімвалам Другой сусветнай вайны. Натуральна, што «аганькоўцы» дапамагалі яму з калекцыяй. Больш актыўна Леў Барадулін пачаў яе папаўняць, калі пайшоў на пенсію. Потым да справы бацькі падключыўся і сын. Аляксандру Барадуліну, як фатографу, хацелася захаваць тое, што ў перыяд распаду СССР пачало знішчацца.

7-17

— Як для бацькі, так і для мяне тэма Другой сусветнай вайны заўсёды была найважнейшай у калекцыі, — прызнаецца фатограф і і калекцыянер. — Я практычна вырас без сваякоў: іх адабрала вайна. Гэта 12 братоў і сясцёр маіх бабулі і дзядулі, якія загінулі ў Бабіным Яры, гэта мой дзядзька па матчынай лініі, які пайшоў у апалчэнне і паў пад Масквой, гэта сваякі з Польшчы, лёс якіх не вядомы і сёння. З вайны вярнуліся толькі мой бацька, які, атрымаўшы два раненні, цудам застаўся жывым, і яго брат. Усё гэта зрабіла гэтую частку калекцыі вельмі асабістай.

А надзвычай аўтарытэтнай робяць яе фотаздымкі Яўгена Халдзея. Нягледзячы на тое, што Леў Барадулін і вядомы фатограф былі добрымі таварышамі, работы, звязаныя з імем славутага фотамастака, трапілі ў калекцыю дзякуючы сыну.

— Яўген Халдзей быў бясстрашным і разам з тым дзіка ўзлаваным на фашыстаў чалавекам, — успамінае Аляксандр, які не раз сустракаўся з легендай савецкай фатаграфіі. — Гледзячы на свае фотаздымкі, ён ненавідзеў усё гэта. Лёс Яўгена Халдзея склаўся не вельмі паспяхова. У пэўны час яго звольнілі з усіх ганаровых выданняў. Фатограф быў нікому не патрэбен і, здавалася, забыты ўсімі. Жыў вельмі бедна. За тую суму грошай, якую я заплаціў яму за фотаздымкі, па тым часе можна было набыць у Маскве кватэру. Гэта выратавала яго становішча. Аднойчы, калі я даследаваў архіў Яўгена Ананьевіча, натрапіў на папку пад назвай «Зверствы фашызму». Там убачыў фотаздымкі ахвяр гітлераўцаў, не звязаныя з працай Халдзея. Аказалася, што ён збіраў іх усё сваё жыццё, каб людзі бачылі, да чаго можа прывесці вайна.

7-18

У экспазіцыі — каля 170 арыгінальных фатаграфій. Частка здымкаў, дарэчы, зроблена на тэрыторыі Беларусі. Некаторыя з іх дагэтуль ніколі не дэманстраваліся. «Ваша краіна вельмі пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — гаворыць Аляксандр Барадулін. — Калі глядзіш на фотаздымкі Мінска ваеннага перыяду і ўвогуле на ўсё тое, што тут адбывалася, валасы дуба становяцца. І мне б вельмі хацелася, каб будучыя пакаленні ўсё гэта ведалі і помнілі».

Фотаздымкі з калекцыі Барадуліных у Мінску прадстаўлены ўпершыню. Ідэя паказаць іх беларускаму гледачу з'явілася ў Маі Кацнельсан, якая стала куратарам выставы-праекта. «Убачыўшы гэтыя фотаздымкі толькі раз, забыць іх ужо немагчыма, — пераканана яна. — Кожнае фота — гэта шэдэўр, створаны ў прамым сэнсе на мяжы жыцця і смерці. Іх патрэбна паказаць менавіта зараз, каб задумацца і не паўтарыць больш ніколі».

Дарэчы, заснавальнік унікальнай калекцыі Леў Барадулін так і назваў яе — «Паспець паказаць». Ён вельмі баяўся, што не дажыве і не паспее расказаць аб фатаграфіях. На шчасце, калекцыянер яшчэ жывы. Толькі зараз пра іх расказвае ўжо яго сын.

Пабачыць унікальныя фатаграфіі, а таксама фотаапараты ваенных карэспандэнтаў з фондаў Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны можна, набыўшы ўваходны білет у музей. Выстава-праект «Паспець паказаць...» дзейнічае да 15 лістапада. Таму засталося не так шмат часу, каб паспець паглядзець.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.