Вы тут

«Уключыць клоўна», або cмех скрозь слёзы


Інфарматызацыя, камп'ютарызацыя, глабалізацыя... Усё часцей мы чуем гэтыя словы. Час заўсёды дыктуе свае правілы, абавязковыя да выканання, патрабуе пэўных змен у грамадстве, у нашых поглядах і думках, але ўсё ж такі хочацца, каб мы не забываліся на тое, што сапраўды робіць нас людзьмі, — дабрыню. Менавіта яна прывяла Марыну Ермакову на псіхалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Сёння дзяўчына з'яўляецца стваральніцай і кіраўніком гомельскага гарадскога маладзёжнага дабрачыннага грамадскага аб'яднання бальнічных клоўнаў «Funny nose». Яна чапляе невялічкі чырвоны нос і разам са сваёй камандай наведвае медыцынскія ўстановы, у якіх знаходзяцца хворыя дзеці...

8-4

«Мы не цыркачы»

Вельмі часта аб нейкай прафесіі людзі мараць яшчэ з дзяцінства, аднак з Марынай такога не здарылася. Дзяўчына нават думкі не дапускала, каб спецыялізавацца ў псіхалогіі. Тым не менш, скончыўшы адзінаццаць класаў, яна падала дакументы на псіхалагічны факультэт. Інтуіцыя, унутраны голас — гэта можна называць па-рознаму, аднак Марына прызнаецца, што прынятае рашэнне было адным з самых правільных у яе жыцці.

Далей быў універсітэцкі праект па псіхалагічным суправаджэнні дзяцей, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў і знаходзяцца на лячэнні ў стацыянары бальніцы. Студэнтка дапамагала арганізаваць маленькім пацыентам вольны час, каб нават пасля яе сыходу яны не сумавалі. У кастрычніку 2008-га дзяўчына адпраўляецца на стажыроўку ў Італію, дзе знаёміцца з вопытам бальнічных клоўнаў «Vіvіamo іn posіtіve».

— Я прабыла разам з імі толькі тры тыдні, аднак гэтага хапіла, каб сапраўды загарэцца ідэяй, — распавядае Марына. — Ва ўніверсітэце я даўно займалася псіхалагічным тэатрам і зразумела, што бальнічная клаўнада вельмі блізкая да яго, таму вырашыла паспрабаваць. Я ўзяла свайго будучага мужа і пайшла ў адну з гомельскіх бальніц.

На той момант дзяўчына нічога не ўмела, але пачала экперыментаваць. А паралельна з гэтым запрацавала і так званае сарафаннае радыё: людзі выказвалі жаданне далучыцца да Марыны ў яе добрых пачынаннях. Акрамя таго, прадстаўнікі «Vіvіamo іn posіtіve» правялі ў Гомелі навучальны семінар, дзякуючы чаму з'явіліся і новыя ахвотныя. Так у 2009 годзе з'явілася група «Funny nose». Сёння аб'яднанне налічвае 20 удзельнікаў у Гомелі і яшчэ 5 — у Мінску, якія намагаюцца вярнуць дзяцінства тым, хто па волі лёсу яго пазбавіўся, знаходзячыся ў бальнічным пакоі.

— Для клоўнаў галоўнае — не нашкодзіць, як і ўвогуле ў медыцыне, — адзначае Марына. — Трэба адчуваць зону камфорту дзіцяці і разумець, што ты ў яе не ўмешваешся, не перашкаджаеш. Ад нас патрабуецца быць гнуткімі і чуллівымі, а яшчэ, безумоўна, тактоўнымі. Даволі часта можна пачуць параўнанне, нібыта палата бальніцы — гэта арэна, а хворыя дзеці — гледачы. Насамрэч так увогуле казаць нельга, — гаворыць дзяўчына. — Бальнічныя клоўны не цыркачы, у нас няма нейкай адзінай стандартнай праграмы. Заўсёды прыходзіцца падстройвацца пад сітуацыю. У хлопчыка, напрыклад, кропельніца стаіць, у дзяўчынкі тэмпература ўзнялася — мы павінны ўлічваць гэтыя абставіны, ні ў якім разе не перашкаджаць лячэбнаму працэсу. Таму ў нас заўсёды чыстая імправізацыя.

8-15

Павінны смяяцца дзеці...

— Смех — абавязковы складнік дзяцінства, — упэўнена Марына. — І калі дзіця не смяецца — гэта ненармальна. Наша задача — дапамагчы яму. Вядома, я адчуваю радасць і гонар за нашу дзейнасць, але, шчыра кажучы, калі маленькія пацыенты смяюцца, я нават гэтага не заўважаю. Пагадзіцеся, увагу прыцягвае нешта незвычайнае, асаблівае, а дзіця, якое шчасліва смяецца, бадай, самая звычайная з'ява на свете.

Тым не менш ёсць і адваротны бок медаля ў такой дзейнасці. Па-першае, фінансавыя цяжкасці. Дабрачыннае аб'яднанне ніколі не атрымлівала грашовай падтрымкі. Маладыя людзі аддаюць не толькі свае сілы, любоў, пяшчоту, але і фінансавыя сродкі. На шчасце «Funny nose» выйграла грант па праграме малых грантаў Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь, таму за існаванне ў гэтым годзе можна не хвалявацца.

Па-другое, удзельнікі аб'яднання не заўсёды адчуваюць падтрымку як ад бацькоў, так і ад медыцынскага персаналу.

— Медыцынскія сёстры і санітаркі, бывае, лічаць, што бальнічныя клоўны ствараюць хаос у аддзяленнях, — смяецца Марына. — Зразумела, у нейкай ступені гэта насамрэч так, таму для нас вельмі важна, каб наша сустрэча з дзецьмі не пераўтваралася ў суцэльны беспарадак, а ўяўляла сабой правільна выстраеныя адносіны, у якіх абавязкова прысутнічае выхаваўчы аспект. У свае гульні мы намагаемся ўключыць усіх: маленькіх хворых, іх бацькоў, медсясцёр. Ведаеце, вельмі моцна кідаецца ў вочы, што сучасныя дзеці не ўмеюць гуляць. Не хачу ва ўсім абвінавачваць камп'ютары, аднак іх уплыў вялікі.

І трэцяе, бадай, самае складанае — гэта псіхалагічны момант. Бальнічныя клоўны працуюць не толькі ў аддзяленнях звычайных устаноў аховы здароўя, але і ў розных карэкцыйных цэнтрах для дзяцей, у развіцці якіх ёсць адхіленні.

— На жаль, у некаторых на працягу гадоў зусім не назіраецца паляпшэння, — прызнаецца Марына. — Некага мы ўжо страцілі, і гэтую страту немагчыма не заўважыць. Мы можам казаць, што не прымаем усё да сэрца, не прывыкаем да дзіцяці, але ўсё гэта хлусня. Таму часта бяром невялікі адпачынак. Трэба ўсё абмеркаваць, зразумець, ці хочам займацца гэтым далей. Гэта вельмі глыбокая і цяжкая праца над сабой. Вось чаму адны з нас выходзяць з аб'яднання, а іншыя — вяртаюцца.

Займаючыся з такімі дзецьмі, здаецца, нельга не адчуваць да іх жалю. Аднак дзяўчына ўпэўнена: максімум, што можна сабе дазволіць, — гэта спачуванне.

— Я заўсёды стараюся стаць на месца іншага, — кажа Марына. — А потым пытаюся: ці хацела б я, каб са мной так сябе паводзілі? Ці хацела б, каб мяне шкадавалі? Адказ адназначны — не. Таму хвораму лепш сказаць: ты малайчынка! Так, табе вельмі цяжка, але ты змагаешся. Маці такога дзіцяці трэба таксама падтрымаць, нагадаць, што яна — адзіны рэсурс, з якога ён можа чэрпаць здароўе і моц.

Свая крыніца шчасця

Каб свяціць іншым, трэба несці сонца ў сабе. У кожнага з нас павінна быць свая персанальная крыніца шчасця. Для Марыны Ермаковай — гэта яе асяроддзе, сям'я, сябры і знаёмыя.

— У жыцці мне пашчасціла сустрэць вельмі добрых людзей. Ёсць сярод іх тыя, хто не з'яўляецца мне родным чалавекам, але яны зрабілі для мяне ўсё, што маглі. Нічога не пашкадавалі для выратавання майго жыцця, — кажа дзяўчына.

Калі ў Марыны нарадзілася дзіця і яна карміла яго грудным малаком, у яе арганізме ўтварыўся тромб. Была небяспека, што ён можа адарвацца. Дзяўчыне спатрэбіліся спецыяльныя лекі, якія можна было набыць толькі за мяжой. Але ж свет не без добрых людзей. Усё неабходнае знайшлі, Марына прайшла лячэнне — і праз год тромб знік.

— Калі сустракаеш людзей, якія так шчыра і адкрыта любяць цябе, ты адкрываешся таксама, — лічыць маладая маці. — У прафесійным плане мяне вельмі натхняе спецыяліст гомельскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання Іна Адарчанка, якая з'яўляецца нашай настаўніцай па акцёрскім майстэрстве і рэжысуры. Акрамя таго, яна цудоўна разбіраецца ў працы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Мне дастаткова паразмаўляць з Інай пяць хвілін, і адразу з'яўляюцца новыя думкі і ідэі. Яшчэ я вельмі прывязана да сваёй сям'і.

Марына прызнаецца, што «ўключае клоўна» нават дома, прычым адбываецца гэта само па сабе:

— Я жывы чалавек, які можа адчуваць злосць, раздражненне, стомленасць. І калі разумею, што «закіпаю», пачынаю жартаваць і крыўляцца. Негатыўныя эмоцыі выходзяць з мяне менавіта ў такой форме. Каб выратаваць становішча, ува мне прачынаецца клоўн.

***

Калі я была маленькая, ніяк не магла зразумець выказванне «Прыгажосць выратуе свет». А потым усё стала ясна: добры ўчынак заўсёды будзе прыгожым, дабрыня — гэта і ёсць сама прыгажосць.

Вы спытаецеся, без чаго я не ўяўляю будучыню? Без дабрыні. І на шчасце, так лічу не толькі я адна.

Таццяна СЫЧКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».