Вы тут

Тое, што нас аб'ядноўвае


Чытанне дапамагае аб'яднаць сям'ю, сведчыць аб адукаванасці грамадства і робіць дарослых маладзейшымі, калі яны разам з дзецьмі бавяць час з кнігай у руках. Праз друкаванае слова чалавек фарміруе каштоўнасці, якія робяць яго асобай. Такія думкі агучылі ўдзельнікі круглага стала «Моцная сям'я — моцная дзяржава», абмяркоўваючы старт рэспубліканскага праекта «Сямейнае чытанне», які мусіць прывіць беларусам моду быць начытанымі.

Чытаем разам

Новае пачынанне выклікала жывы водгук у суразмоўцаў: нельга не пагадзіцца са своечасовасцю прапаганды чытання ў грамадстве.

Марыяна ШЧОТКІНА

— Менавіта грамадская суполка фарміруе каштоўнасці, якія перадаюцца наступным пакаленням. Іх нельга навязаць зверху, адміністрацыйнымі метадамі. Тое, што дзяржава заклапочана, каб людзі чыталі, вельмі добра. Трэба рабіць акцэнт менавіта на сямейным чытанні — на стварэнні пэўнай сямейнай бібліятэчкі, — зазначыла Марыяна ШЧОТКІНА, старшыня Беларускага саюза жанчын. — Нішто не можа выхаваць лепш, чым уласны прыклад бацькоў і кніга. Высокаадукаванае, культурнае грамадства — гэта тое, якое чытае. Аднак калі бацькі не чытаюць, то і дзеці не будуць рабіць гэта, таму трэба скіраваць вектар працы так, каб ахапіць усіх.

Удзельнікі круглага стала выказалі пэўныя прапановы па папулярызацыі друкаванага слова ў краіне.

Мікалай ЧАРГІНЕЦ

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ узгадаў часы, калі здабыць многія мастацкія выданні было нялёгкай справай, але ў кожнай сям'і была бібліятэка. Ён параіў і зараз ствараць у сем'ях пэўны бібліятэчны фонд, які б дапамагаў выхоўваць у дзяцей найлепшыя якасці. Для заахвочвання людзей чытаннем Мікалай Іванавіч прапанаваў развіць конкурс «Моцная сям'я — моцная дзяржава» і ў фармаце дзіцячых садкоў.

— За гэты год мы правялі больш за 200 конкурсаў сярод школьнікаў і студэнтаў, і яны пішуць такія творы, якімі проста зачытваешся. А дух спаборніцтва і эмоцыі, якія ўзнікаюць у дзяцей і іх бацькоў падчас правядзення конкурсаў, — гэта сапраўдная скарбніца. Можна ўручаць кнігі як сувеніры, як узнагароды. Трэба палепшыць рэкламу і культуру чытання кніг на тэлебачанні і радыё.

Мікалай Чаргінец дадаў, што ў краіне ўжо распрацаваны ўмовы конкурсу на найлепшую чытаючую сям'ю, такім чынам, трэба думаць, што хутка стартуе яшчэ адна рэспубліканская акцыя.

Антаніна МОРАВА

Антаніна МОРАВА, сустаршыня Беларускага саюза жанчын, узгадала акцыю «Маміна казка», якая два гады таму праводзілася БСЖ сумесна з Міністэрствам інфармацыі. Тады цудоўныя выданні, якія выйшлі ўжо трэцім тыражом, былі падораны дамам-інтэрнатам. Антаніна Пятроўна адзначыла, што зараз у кране мала айчынных прапаноў кніг для самых маленькіх.

— На днях майму чацвёртаму ўнуку спаўняецца два гады, і я панясу яму кнігі — такія цудоўныя выданні, дзе адчыняюцца акенцы, перасоўваюцца фігуркі... На жаль, гэта расійскія кнігі, бо сваіх выданняў такога кшталту ў нас не хапае, хаця яны карыстаюцца вялікім попытам, і трэба неяк выпраўляць становішча. Папяровая кніга нясе не толькі выхаваўчую функцыю, гэта таксама сэнсарная, эмацыйная і нават фізічная нагрузка на чытача.

Антаніна Морава ўзгадала вопыт Швецыі, дзе прынята дзяржаўная сацыяльная праграма, згодна з якой кожная раніца там пачынаецца з чытання газет і кніг. Яна заклікала падумаць над стварэннем падобнай праграмы і ў Беларусі.

Мацярынства, выхаванне, сям'я

Гэтыя тэмы цесна пераплятаюцца ў адзіны «клубок», што завецца сацыяльна арыентаванай палітыкай дзяржавы, таму не дзіўна, што круглы стол пазіцыянаваўся таксама як падзея, што распачала шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дню маці, які сёлета святкуецца цягам дзесяці дзён.

IMG_6715

— Сацыяльная тэма ўсе гады з'яўляецца адным з галоўных напрамкаў развіцця дзяржавы. Яна таксама блізкая кожнаму з нас. Шмат робіцца, каб словы «сацыяльна арыентаваная дзяржава» былі не толькі лозунгам, але і рэальнай паўсядзённай палітыкай па ажыццяўленні гэтай задачы. І ў гэтым кірунку ёсць пэўныя дасягненні. Па развіцці чалавечага патэнцыялу наша краіна займае 53-ю пазіцыю ў свеце, а па спрыяльных умовах для мацярынства лідзіруе сярод краін СНД, — выказалася Лілія АНАНІЧ, міністр інфармацыі Беларусі. — Развіццё прапаганды чытання ў рэспубліцы праз праект «Сямейнае чытанне» — гэта таксама добрае пачынанне на шляху сацыяльнага развіцця дзяржавы.

Віктар ЯКЖЫК

— Сацыяльныя даследаванні, праведзеныя сярод моладзі ад 14 да 30 гадоў, паказваюць, што сям'я займае безумоўнае першае месца ў сістэме каштоўнасцей беларусаў, — дадаў Віктар ЯКЖЫК, намеснік міністра адукацыі Беларусі. Я лічу дасягненнем і нашу сістэму дадатковай адукацыі, калі кожны школьнік мае магчымасць наведваць клуб па інтарэсах. Кожны год мы знаходзім новыя формы ўзаемадзеяння з бацькамі, часта яны самі праяўляюць ініцыятыву, прапануючы свае мерапрыемствы.

Алена БОГДАН

Тэма сям'і непарыўна звязана з тэмай здароўя і медыцынскай дапамогі, даступнасць якой падкрэсліла Алена БОГДАН, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя, і прапанавала пачынаць кніжную адукацыю адразу па выхаду са сцен раддома.

— Беларусь — трэцяя ў свеце сярод краін па даступнасці медыцынскай дапамогі пасля Канады і Брунея. Дзякуючы гэтаму, а таксама сістэме сацыяльных выплат цяжарным, у нас мала дачасных родаў — 3,9-4%, і нашу практыку матывавання жанчын пераймаюць іншыя краіны. У радзільных дамах мы праводзім акцыю «Нашы дзеці», у рамках якой дорым падарункі. Магчыма, сумесна з Саюзам пісьменнікаў і Саюзам жанчын можна было б стварыць тэматычнае выданне — «Мая першая кніга», якую матулі атрымлівалі б адразу пры выпісцы.

Надзея ЕРМАКОВА

— Гаворачы пра Дзень маці, нельга было не закрануць яго духоўны складнік. Гэты дзень прымеркаваны да царкоўнага свята Пакроваў Найсвяцейшай Багародзіцы, абарона якой дапамагае нам выхоўваць дзяцей у багатым духоўна грамадстве, — адзначыла Надзея ЕРМАКОВА, намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын.

— Сёння нікому ўжо не трэба тлумачыць ролю Дня маці ў жыцці людзей, — сказала яна. — Усе ўстановы стараюцца падрыхтавацца да гэтага свята, калі віншуюць таксама тых маці, якія дзяцей усынавілі. Я хачу пажадаць здароўя не толькі ўсім маці і іх дзецям, а найперш нашай агульнай і галоўнай матулі — Беларусі.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.