Вы тут

Здымем з сябе апошняе!..


Скажыце, мужчыны, вось у вас так бывала? Возьме аднойчы твая палавінка ў цябе кашулю ці якую майку «толькі памераць», надзене разок-другі, і рэч неяк незаўважна перакачоўвае ў яе гардэроб назаўсёды. «Яна вельмі мяккая, ну, ка-лі л-а-с-к-а», «табе ўжо малое», «о, у гэтым мне зручна мыць вокны». Якія яшчэ вы чулі варыянты? А калі памер той майкі відавочна для яе вялікі? «Буду ў ёй спаць!» Аргумент аргументаў! Пагадзіцеся, і сказаць у адказ няма чаго. («Па меры развіцця адносін адзін з дваіх абавязкова робіцца нахабным. Галоўнае — паспець першым». Ці вось яшчэ варыянт. «Шлюб — гэта адносіны, дзе адзін мае рацыю, а другі — муж»). Ды што тут скажаш — для сваёй жа... Як той казаў, твая кашуля бліжэй да яе цела.

8-26

А ў цэлым сёння многія дзяўчаты свядома аддаюць перавагу менавіта прадметам з мужчынскага гардэроба: і тым жа кашулям, і футболкам. У кожнай у шафе нешта ды знойдзецца (хоць насіць па-ранейшаму няма чаго). А ўжо пра тое, як многія рэчы, што некалі лічыліся выключна мужчынскімі, а потым назаўсёды былі «прыватызаваныя» прадстаўніцамі прыгожага полу, і гаварыць не даводзіцца. Памятаеце, што ласіны некалі насілі гвардзейцы, а высокі абцас быў на абутку вершнікаў, каб лепш трымацца ў стрэмені? Што яшчэ ў мужчын пазычылі жанчыны? Ды шмат чаго.

Я разумею, свет змяніўся, прадстаўнікі абодвух палоў ужо не тыя, што былі раней. («Я жанчына, а не пасудамыйка!» — «Я мужчына, а не банкамат!») Жанчыны сталі больш свабоднымі, мужчыны, на жаль, часам вельмі інфантыльнымі. («Кажуць, мужчыны не плачуць... Ды вы іх проста крыўдзіць не ўмееце!») Але, пачаўшы некалі працэс «адносна сумленнага адбірання» пэўных атрыбутаў у прадстаўнікоў моцнага полу, гэтыя чараўніцы ўжо не могуць спыніцца. Яны, напрыклад, бессаромна пасягаюць на самае святое, што ёсць у мужчыны: бяруць яго машыну. («Дарагі, мне трэба ехаць, я пакінула ўсе прадукты для баршчу, ты яго толькі звары і паеш». — «Добра, любая, вось табе ключы, у гаражы ўсе дэталі ад аўтамабіля, ты яго толькі збяры і едзь».) Іншымі словамі, «не так цяжка заваяваць мужчыну, як потым кожны дзень карміць яго ў палоне». Ды што машына? Гэта дробязі. Яшчэ жанчыны...

Вы не паверыце, але яны... пачалі хадзіць у тыя самыя гаражы! Уяўляеце? А гэта ж ужо замах на саму філасофію мужчынскага быцця! Раней жанчыны ішлі плакаць у ванны пакой, бо там акустыка лепшая. А цяпер што: яна пакрыўдзілася — і ў гараж? Ці проста так, між іншым, кажа, маўляў, ты тут уходжвайся, дарагі, а я Каці і Верцы абяцала ў гаражы дапамагчы?.. Ну не тое, каб яны хадзілі ў зусім такія ж гаражы, як мужчыны: з аўтамабілем, рознымі ключамі, зімнім/летнім камплектам шын, старой канапай, мяхамі бульбы і хатнімі нарыхтоўкамі. У свеце з'явіўся новы трэнд, які набірае ўсё большую папулярнасць, — «гаражы» для жанчын (Калі пераказаць на свой капыл словы аднаго з герояў фільма «Формула кахання»: нават назву ўзялі, не пагрэбавалі). Гаворка пра будаўніцтва спецыяльных дамкоў (нічога агульнага з дачнымі «шпакоўнямі») для адасобленасці, дзе дзяўчаты могуць прымаць сябровак і весці свае жаночыя размовы. Нехта выкарыстоўвае такія «гаражы» для таго, каб працаваць у іх, стварыўшы, напрыклад, майстэрню рамесніка. І потым шыць там, вышываць. Ну, карацей, і справай займацца, і нам, мужчынам, даць час адпачыць. («Я прагаладаўся і адкаркаваў піва. Гатаваць не так ужо і складана, не ведаю, чаго там жанчыны скардзяцца?») Для іншых гэта можа быць студыя для заняткаў ёгай. Хтосьці ставіць у «жаночым гаражы» гідрамасажную ванну для рэлаксу. Пры жаданні можна арганізаваць у доміку будуар (ага, і перанесці туды ўвесь гардэроб. Каб было, як у анекдоце: «Прыбіралася ў шафе. З яе ўсё вываліла, перамерала, нафарбавалася, натанцавалася... Усё — стамілася!»). Але я спадзяюся, што на нашай урадлівай для бульбы глебе гэтая традыцыя не прыжывецца. А то як: усе капаць, а яны — у свой домік? Алё, гараж!!!

І вось нядаўна даведаўся, як хлопцы вырашылі «паквітацца» з дзяўчатамі — іх жа зброяй. Без чаго не можа жыць ніводная сучасная прыгажуня? Правільна, без рэгулярнага выкладвання фотаздымкаў у «інстаграме»! («Апішыце ступень вашай адэкватнасці». — «Я не раблю сэлфі». — «Вы прыняты!») Ну, ведаеце, такіх: «вусны «качачкай», «а вось мая крутая «пятая кропка», «гэта мяне зняў каханы, пакуль я спала» і іншых. (Шкада, тут не пажартуеш кшталту «Адна дзяўчына так шмат чытала, што развучылася фатаграфаваць сябе ў люстэрку».) Дык вось хлопцы з адной суполкі паказалі ў сацыяльных сетках пародыю на дзяўчат «Якімі нас бачаць мужчыны». Ідэя спадабалася, і яе падхапілі мужчыны па ўсім свеце. Сутнасць жарту простая: хлопцы, пераймаючы манеры і, галоўнае, позы дзяўчат, пачалі фатаграфавацца, як гэта вельмі любяць рабіць апошнія. Напрыклад, лежачы ў пеннай ванне ў акружэнні мноства запаленых свечак... Ці там жа, але ў пялёстках ружаў... На фоне мноства раскіданых вакол пар абутку... Або прыціскаючы да сябе коціка ці сабачку... Што тут смешнага? Тое, што гэта робяць барадатыя хіпстары — даволі мускулістыя хлопцы. (Як гаварыў Астап Бэндэр: «Хто скажа, што гэта дзяўчынка, няхай першы кіне ў мяне камень».)

...Вядома ж, хлопцы жартуюць. Хоць і не без намеру. Дзяўчаты, будзьце сапраўднымі, а не «інстаграмнымі»! А кашуля... Як я там казаў? Нам і апошнюю для вас зняць не шкада!

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.