Вы тут

Віталь КАРПАНАЎ: «Люблю атмасферу вёскі»


Гурт «Дразды» не зблытаеш з іншымі, бо там, дзе ён з'яўляецца, гучыць толькі жывая музыка, не спыняюцца жарты і танцы. Хлопцы не растрацілі свайго творчага запалу! Запісваюць песні, гастралююць, здымаюць кліпы, іх графік выступленняў распісаны... Як прызнаецца фронтмен калектыву Віталь Карпанаў, сакрэт просты — трэба жыццё ўспрымаць, як «хвалі», і ніколі не апускаць рук. Напярэдадні святкавання юбілею групы ён падзяліўся з намі разважаннямі пра папулярнасць,
любоў да беларускай вёскі і шкоднасць адпачынку.

8-23

— Віталь, сёлета гурт «Дразды» адзначае дзесяцігоддзе. Можна сказаць, што за гэты час ён стаў брэндам на нашай эстрадзе?

— Гэтае адчуванне з'явілася зусім нядаўна, недзе год таму. Добра памятаю, як, адзначалі наш пяцігадовы юбілей: святам тую падзею можна было лічыць з нацяжкай. Стан такі, калі святкуеш, аднак разумееш, што не дарос, не заслужыў. А цяпер я ўпэўнены, што мы маем для свята ўсе падставы. Ёсць песні, канцэрты, прыхільнікі... Магчыма, іх не так шмат, як у іншых артыстаў, але яны ёсць. І гэта з'яўляецца падмуркам нашага існавання.

— Пачыналася ўсё з конкурсу «Пяць зорак» — у Сочы вы занялі трэцяе месца. Якім запомнілі той час?

— Група з'явілася недзе на год ці два раней, але пунктам «адліку», лічым, стаў менавіта той конкурс... Нас паказвалі па тэлебачанні, і ўжо не трэба было (як рабілі тое раней) насіць свае песні на радыё. Нам самі тэлефанавалі і прасілі даць музычны матэрыял. Гурт хацелі слухаць. І тады я адчуў, што шоу-бізнес — гэта тое, чым я хачу займацца. Бывае ж, ты ідзеш да нечага, укладаеш сілы, а потым разумееш — не тое. А тут усё адбылося якраз наадварот: я паверыў у сябе і ў тое, што ўсе мае крокі былі недарэмнымі, нам удалося дабіцца выніку. Мы знайшлі тое, чым маглі і хацелі зарабляць сабе на жыццё.

— І ад поспеху закружылася галава?

— Пасля перамогі на конкурсе было дваістае адчуванне. З аднаго боку, разумелі: калі нам прысудзілі трэцяе месца — значыць, мы нечага вартыя. А з другога было ўсведамленне, што спаборніцтва скончылася, узнагароду атрымалі, і што цяпер? Ад такіх думак станавілася страшна. Тады я недзе каля года змарнаваў на «рэабілітацыю» ад стрэсу. Песні амаль што не пісаў. Але з часам усё ж паразумнеў і ўцяміў, што выйсце было толькі адно: трэба працаваць, зноў даказваць, чаго мы вартыя.

8-24

— Аднойчы ты сказаў: «Я не спявак, не музыкант. Я артыст». Чым, на твой погляд, у наш час вызначаецца сапраўдны прафесіянал на сцэне?

— Артыст — гэта той чалавек, які дае публіцы адчуванне, што яе чакае нешта неверагоднае на сустрэчы з ім. І тут трэба ўлічваць і як ён спявае, як рухаецца, як размаўляе са слухачамі. Я разумею, што не валодаю ніводнай з вышэйназваных «пазіцый» ідэальна, але часткова маю ўсё.

— На рахунку вашага гурта чатыры альбомы, шэраг кліпаў. Ці плануеце нейкі падарунак для прыхільнікаў у сувязі з юбілеем?

— Для ўсіх тых, хто цікавіцца і любіць нашу творчасць, робім невялікае свята. Мы гурт са стажам, але нашы прыхільнікі — людзі вельмі розныя, таму вырашылі проста сабраць усіх сваіх сяброў 22 кастрычніка на канцэрт у рэстаране «Сябры». Я пакуль яшчэ не вырашыў канчаткова, але, магчыма, зробім нават бясплатны ўваход. Усіх чакае вялікі танцпол і сюрпрызы ад нас, прэм'еры песень (з адной з якіх плануем пазмагацца на сёлетнім адборы на «Еўрабачанне»).

— Вы нядаўна знялі новы відэакліп «Павязу цябе ў вёску», у якім чарговы раз закранулі жыццё ў глыбінцы...

— Ведаеш, гэтая тэма ўвесь час жыве ўва мне.

Я вельмі люблю атмасферу вясковага жыцця. Многім было проста незразумела, як так — «Бульба ўзыходзіць, спеюць буракі... Ва ўласнасць аформлена зямля»? Мне шмат пішуць каментарыяў са словамі ўдзячнасці за песню. Я сам не так часта, як хацелася б, прыязджаю ў родную Сівіцу, але стараюся вырвацца туды хоць раз на тыдзень. І большага задавальнення, чым ад адпачынку там, нідзе не атрымліваю. Бо, прыязджаючы ў дом, дзе жывуць мае бацькі, дзе магу пагаспадарыць на сваім падворку, адчуваю сапраўднае шчасце!

Песня склалася даўно, але мы з хлопцамі паслухалі яе і адклалі на нейкі час. І вось летам я вырашыў зладзіць для нашай кампаніі «карпаратыў» у вёсцы: свежае паветра, лазня... І тады мне прыйшла думка, што трэба здымаць кліп. Паклікалі аператараў знаёмых — і пачалі тварыць. Атрымалася цудоўная імправізацыя, дзе, на мой погляд, паказана шчырая, сапраўдная гісторыя. І што мне найбольш падабаецца: у песні ёсць патрыятызм і ён натуральны.

8-25

— У вышэйназванай кампазіцыі ёсць прыгожая фраза «Я пакажу табе іншае жыццё...» Якое яно, па тваіх назіраннях?

— У вёсцы жыць складаней, чым у горадзе. Гэта не тое, як у гарадскіх, калі ты толькі ходзіш на працу і вяртаешся ў сваю кватэру, па дарозе зазірнуўшы ў краму. У той жа Сівіцы суседзі гадуюць авечак, трымаюць гаспадарку. І я шчыра захапляюся такімі людзьмі і паважаю іх. Большасць гараджан родам з вёсак. Мы едзем у горад вучыцца, застаёмся там працаваць... Але я цвёрда перакананы, што абавязкова вярнуся да зямлі.

— Мне здаецца, вёска па-іншаму фарміруе і характар чалавека...

— Калі толькі прыехаў у Мінск, то дакладна разумеў, што выкладвацца трэба напоўніцу, бо ў мяне проста так нічога не з'явіцца.

Я з першага дня паступлення ў Акадэмію музыкі думаў пра тое, дзе буду жыць праз пяць гадоў. І гэта стала добрым стымулам, каб працаваць і зарабляць на будучую кватэру. Такія перакананні і з'яўляюцца перавагай вясковых хлопцаў і дзяўчат — у іх ёсць стрыжань, працавітасць.

— Скажы, а колькі «Драздам» трэба адпрацаваць канцэртаў, карпаратываў, каб дазволіць сабе адпачыць дзень-другі?

— Мы не можам спыняцца, хаця, па вялікім рахунку, лічбы ганарараў для нас — не самае важнае. Проста, пакуль ты малады, маеш энергію, паўзы — самая страшная з'ява. Яны разбураюць нас і спыняюць у развіцці. У той жа час бываюць часам непаразуменні з нашымі сем'ямі, бо мы ж амаль увесь час у раз'ездах. «Дразды» для кожнага з нас — жыццё, і гэтая праца — на першым месцы (хоць у працоўных кніжках пазначаны іншыя сферы дзейнасці). Магчыма, калісьці мы стомімся, станем больш вопытнымі, і тады ўжо зусім па-іншаму будзем разважаць пра такія рэчы...

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».