Вы тут

Нобелеўская прэмія для Беларусі: спачатку было Слова


І гэта было слова пісьменніцы Святланы Алексіевіч. І слова было пра нас. І тэмы для яе даваў той народ, часткай якога яна з'яўляецца. Першая ў гісторыі Беларусі Нобелеўская прэмія аддадзена пісьменніцы нават не за адзін канкрэтны твор, а фактычна за ўсе кнігі, якія створаны да 2015 года. Паказальная фармулёўка: «За яе шматгалосую творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час».

9-32

Фармулёўка, якая дазваляе меркаваць, што гэта прэмія сапраўды (і ў тым ліку) для Беларусі, якой вельмі шмат у творах пісьменніцы. Не проста шмат. Яна там — уся. Розная. Розных часоў. І з усімі драмамі і трагедыямі, якіх за ХХ стагоддзе праз адну тэрыторыю прайшло столькі, што наш народ набыў унікальны вопыт аднаўлення і выжывальнасці. Вопыт, у якім даводзілася не проста перажываць, а з болем вырываць з памяці ці сэрца ўспаміны, каб дараваць ці прасіць даравання, асэнсаваць і не вяртацца ў тупік, знайсці сілы ісці далей. Вопыт, які паказаў: чалавек павінен захаваць у сабе чалавечае і насамрэч у яго ёсць для гэтага неверагодныя ўнутраныя рэсурсы. Толькі трэба быць шчырым з сабой, назваць рэчы сваімі імёнамі, тады будзе зразумела, што каштоўнае, а што не, і яго можна смела адкінуць. Творы Алексіевіч дапамагаюць — яны спавядальныя. Дакументальная аснова, рэальныя людзі (яна зразумела, што кожны, нават маленькі, чалавек каштоўны, можа быць тады, калі пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ папрацавала ў раёнках, пабачыла, як жывуць людзі, спрабавала зразумець, чаму так). Гісторыі, якія прыйшлі ў кнігі і паказалі: што яшчэ тут дадумваць і ў які ўласны вобраз ствараць, калі ўсё кажа само жыццё? А кніга — яго люстэрка.

Рэальныя лёсы далі магчымасць не проста суперажываць, а перажыць усё разам з героямі. Ці то вайну разам з гераінямі кнігі «У вайны не жаночае аблічча» альбо дзецьмі таго часу — «Апошнімі сведкамі» жудасцяў Другой сусветнай, калі трэба было абараніць сябе і выжыць. Ці то шок ад таго, што можна было стаць удзельнікам чужой вайны, як гэта здарылася з «Цынкавымі хлопчыкамі» ў Афганістане. І нават вайна, якой у нас не было — але выбухнуў мірны атам — пакінула свае адбіткі на Беларусі, дзе ўжо тры дзесяцігоддзі шмат сем'яў узносяць сваю «Чарнобыльскую малітву», якую нібыта падслухала, занатавала Алексіевіч. І нават больш: нібыта прагучала малітва Беларусі за чалавецтва, якое не прыйшло да разумення, што свет пасля Чарнобыля стаў іншым, і, можа быць, трэба зразумець, што не варта выбіраць шлях самазабойства ці самазнішчэння як асобам, так і народам, наогул чалавечай культуры. Алексіевіч нібыта ўвесь час скіраваная ў свет — папярэджвала яго праз досвед Беларусі. І нават у такой кнізе як «Час second-hand (Канец чырвонага чалавека)» папярэджвае: чалавек можа быць сам сабе і ворагам, і выратавальнікам; і катам, і ахвярай. Нішто насамрэч не абуджае думкі мацней за само жыццё. Можа быць, таму Святлана Алексіевіч абуджае іх, жыццё адлюстроўваючы. Але каб выжыць, прыйдзецца асэнсаваць і нешта выправіць. Учытацца і ўгледзецца ў частку рэчаіснасці, якая ствараецца тут. Сведка яе ўнікальнасці ёсць, і, магчыма, не апошні.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

 

Літаратуразнаўца, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Уладзімір Гніламёдаў:

— Гэта і сенсацыйна, і прыемна — прысуджэнне «Нобеля» па літаратуры ў гэтым годзе. Я вітаю, што Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію. Але гэта вельмі нечакана, таму што ў яе літаратура своеасаблівая. Гэта вельмі блізка да журналістыкі, калі ёсць дакументальная аснова. Але кожны пісьменнік кіруецца сваёй інтуіцыяй, светапоглядам, талентам. Кожны творыць, піша, як ён хоча, як яму падказвае ўнутранае пачуццё. Ці можа прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Алексіевіч абудзіць літаратурны працэс у Беларусі? Скажу так: тых, хто не спіць, будзіць не трэба.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец:

— Гэта навіна прыемная для ўсёй літаратуры, для пісьменнікаў нашай краіны. Таму што ў свеце яшчэ больш увагі будзе да беларускай літаратуры з яе адметнымі тэмамі. Я думаю, што ў Беларусі, як нідзе ў іншых краінах, напісана шмат твораў пра вайну. Падыходы аўтараў былі розныя. У Святланы быў свой погляд, асабліва ў частцы ацэнкі вайны ў Афганістане. Можна з нечым пагаджацца, а з нечым не пагаджацца са Святланай, калі яна выказвае сваё бачанне вайны як чалавек, якому не прыйшлося ваяваць. Бясспрэчна, што вайна — гэта зло. А гэта тэма знакавая для беларускай літаратуры. Ацэньваюць заслугі Святланы Алексіевіч — такім чынам адзначаюцца высока заслугі беларускай літаратуры. Вядома, што за ўсю гісторыю прысваення Нобелеўскай прэміі па літаратуры было 112 пераможцаў. Прыемна, што 14-й па ліку сярод жанчын стала Святлана Алексіевіч. Гэта таксама знак для нашых пісьменніц: пісаць больш на карысць айчыннай літаратуры. Нобелеўскі камітэт адзначыў Святлану Алексіевіч як беларускую пісьменніцу, нягледзячы на тое, што яна піша не па-беларуску, а па-руску, што сведчыць: трэба адзначаць творы найперш па таленце аўтара. Мы павінны вітаць і віншаваць Святлану, зычыць ёй далейшых поспехаў, таму што гэта, хутчэй за ўсё, прыцягне дадатковую ўвагу да твораў беларускіх аўтараў.

Рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Полымя» Юлія Алейчанка:

— Гэта падзея не толькі для Беларусі, але ўвогуле для сусветнай супольнасці. Калі называецца імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры — ужо свята. Адметна і тое, што за яго мы павінны дзякаваць жанчыне. Наогул, у сучасным свеце жанчыны займаюць больш актыўную пазіцыю, заяўляюць пра сябе ў розных відах творчасці. На мой погляд, напрамак на прызнанне творчасці жанчын, жаночай літаратуры ў свеце — гэта прагрэсіўны крок сусветнай супольнасці. Трэба адзначыць, што сучасная беларуская літаратура мае не толькі мужчынскі, але і жаночы твар. Можна ўзгадаць часы Еўфрасінні Полацкай, калі трэба было кнігі толькі перапісваць, але з развіццём кніжнай культуры наша зямля нарадзіла іншых цікавых пісьменніц — прынамсі Элізу Ажэшка і Цётку. А цяпер жанчыны больш трывала ўваходзяць у літаратуру, узбагачаючы яе сваім поглядам, адчуваннем і адказнасцю за жыццё, што ёсць у творах Святланы Алексіевіч.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.