Вы тут

«Выбары праходзяць у максімальна дэмакратычных умовах»


«Звязда» распытала давераных асоб кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь пра ўмовы і ўражанні ад галоўнай электаральнай кампаніі 2015 года.

9-24

9-24

 

Алег Гайдукевіч, давераная асоба кандыдата Сяргея Гайдукевіча:

«Упэўнены, што наша выбарчае заканадаўства дамаглося значнага прагрэсу»

— Наколькі можна параўнаць сёлетнюю палітычную кампанію з той, што была ў 2010 годзе?

— Кампанія 2015 года радыкальна адрозніваецца ад усіх прэзідэнцкіх выбараў, якія былі ў краіне. Прычын шмат. Іх можна падзяліць на знешнія і ўнутраныя. Калі ўзяць знешнія, то з моманту выбараў 2010 года ў свеце адбыліся значныя змены. У першую чаргу яны прывялі да нестабільнасці, у тым ліку і ў нашым рэгіёне — і ва Украіне, і ў Еўропе, дзе востра стаіць праблема з бежанцамі. Эканамічная сітуацыя таксама пагоршылася. Безумоўна, гэта тыя фактары, якія паўплывалі на прэзідэнцкую кампанію.

Унутраныя прычыны заключаюцца ў тым, што беларускае грамадства прайшло пэўны шлях, стала больш сталым. З моманту атрымання незалежнасці нашай краіны грамадзянская супольнасць стала іншай: цяпер людзі больш разбіраюцца ў палітыцы, лепш разумець, чаго яны хочуць, менш прыслухоўвацца да папулізму.

Наша партыя лічыць, што трэба не разбураць, а ўдасканальваць. У 1991 годзе, калі распаўся Савецкі Саюз, мы атрымалі незалежнасць і змаглі яе захаваць. Заслуга дзейнай улады — у захаванні суверэнітэту. Зараз трэба рухацца далей.

У грамадстве ўжо не прымальныя радыкалізм і рэвалюцыі. Радыкальныя палітычныя сілы засталіся за бортам прэзідэнцкай кампаніі, яны нават не змаглі сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў.

Гэтыя выбары адрозніваюцца значнай дэмакратызацыяй і лібералізацыяй выбарчага працэсу. Падчас збору подпісаў мы праводзілі пікеты, дзе хацелі. Падчас агітацыі мы таксама адчуваем камфорт. За гэты перыяд мы ўжо раздалі каля 900 тысяч агітацыйных лістовак, правялі каля 1000 пікетаў па ўсёй краіне. Нідзе не было перашкод: ні ў абласных цэнтрах, ні ў малых гарадах.

Яшчэ адзін момант, які хочацца адзначыць, як на гэтых выбарах працуюць журналісты. Такога маштабнага асвятлення палітычнай кампаніі не было ніколі. Кожную раніцу нам тэлефануюць з тэлеканалаў, друкаваных выданняў, цікавяцца, дзе і якія мерапрыемствы праходзяць з удзелам кандыдата ў Прэзідэнты. І мне падабаецца, што асвятляецца ўсё вельмі аб'ектыўна. Няма тэндэнцыйнасці, павялічанай увагі толькі да аднаго кандыдата.

Калі дзейнага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку паказваюць па тэлебачанні больш, то мы не бачым тут праблемы. Таму што ён — дзейны Прэзідэнт, і калі ён, напрыклад, выступіў у ААН, то гэта, прабачце, важна для ўсіх, у тым ліку і для нас, для апазіцыйнай палітычнай структуры, таму што гэта падзея сусветнага маштабу. Мы не адчуем у сувязі з гэтым дыскрымінацыі.

Здаровая канкурэнцыя палітычных ідэй садзейнічае развіццю грамадства. Мы ўпэўнены, што пасля выбараў яна застанецца. Больш дыскусій, больш «круглых сталоў», больш тэлевізійных дэбатаў — гэта вельмі важна, таму што ў спрэчцы нараджаецца ісціна, таму што канструктыўны дыялог вядзе да развіцця. Дрэнна, калі ўсе ідуць у адным кірунку і здаецца, што іншых напрамкаў няма. Так быць не павінна.

Не важна, хто пераможа на выбарах, галоўнае, каб была выказана воля народа. Важна, каб той, хто пераможа, пачуў сваіх апанентаў. Яшчэ хацелася б, каб выбары Прэзідэнта сталі сапраўдным святам для людзей. Гэта галоўная палітычная падзея ў жыцці любой краіны, пэўны этап, пасля якога яна павінна зрабіць значны крок наперад.

— Раскажыце пра свае назіранні ў якасці даверанай асобы.

— Сустрэчы з выбаршчыкамі і пікеты паказваюць: большасць людзей прыйдзе на выбарчыя ўчасткі. Мы не бачым апатыі, мы бачым, што людзі вельмі жыва цікавяцца выбарамі, разумеюць іх значнасць, таму нават агітаваць за тое, каб толькі прыйшлі галасаваць, няма патрэбы. Але, безумоўна, на кожнай сустрэчы мы нагадваем, што апатыя, абыякавасць загубілі не адну краіну. І агрэсіўная меншасць заўсёды мацнейшая за пасіўную большасць. Мы бачым падзеі ва Украіне, трагічную сітуацыю ў іншых краінах. Каб такога ў нас не адбылося, трэба ўдзельнічаць у выбарах — альтэрнатывы няма. Толькі выбары вызначаюць лёс краіны, толькі яны могуць палепшыць жыццё людзей.

— У сучасных выбаршчыкаў ёсць асаблівасці?

— Вырасла цэлае пакаленне маладых людзей, якія нарадзіліся ў незалежнай Беларусі. Яны не жылі ў СССР. Гэтыя людзі — наша будучыня. Усе хочуць жыць у суверэннай краіне. Мы не сустракалі іншых. Яшчэ адна рэч яднае беларусаў — яны цэняць мір, спакой і парадак.

9-23

9-23

 

Генерал-маёр Іван ГАРДЗЕЙЧЫК, давераная асоба кандыдата Аляксандра Лукашэнкі:

«Сустрэчы з даверанымі асобамі найбольш папулярныя»

— Якія вашы ўражанні ад антуражу і кампаніі?

— Аналізуючы тое, з чаго пачыналася незалежная Беларусь у 1990-я гады, лёгка прыйсці да высновы, што зроблена сапраўды шмат. 25 гадоў таму эканоміка краіны была развалена, у крамах немагчыма было свабодна купіць ежу, адбываліся пастаянныя перабоі ў падачы электрычнасці і вады — усіх бед не пералічыш.

20 гадоў — гэта адно імгненне. Мне ў тры разы болей, і зараз я магу за паўтары хвіліны расказаць, што са мной здарылася за гэты тэрмін. Лічыце: паўтары хвіліны на ўсё пражытае жыццё. А ў межах гісторыі 20 гадоў — невялікі прамежак, храналагічная мілісекунда. Аднак колькі за гэты час збудавана, адноўлена, выпраўлена! Варта паглядзець навокал і адэкватна ацаніць, у якіх умовах мы жывём. Я, шчыра кажучы, задаволены.

Так, праблемы ёсць, але Беларусь, і гэта самае галоўнае, — самастойная, незалежная дзяржава. Можна скардзіцца на праблемы, але лепш рабіць усё, каб наша краіна заставалася непадзельнай, свабоднай і шчаслівай, не ведала вайны і ўзброеных канфліктаў.

— А што можаце сказаць пра самі выбары ў Беларусі?

— На мой погляд, яны адкрытыя, празрыстыя і, галоўнае, бесканфліктныя. Усім без перашкод дазваляюць праводзіць пікеты. Гэта не толькі ў дачыненні да нашага кандыдата, але і да іншых. Створаны ўмовы для таго, каб беларусы болей даведаліся пра прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка краіны.

Людзі, як мне бачыцца, у асноўным вызначыліся, за каго аддаць свой голас. Бо разумеюць, што ім трэба для нармальнага жыцця. А трэба, каб свяціла сонца, чуўся радасны смех дзяцей, каб можна было без перашкод працаваць.

— Якія з форм агітацыі за вашага кандыдата найбольш папулярныя?

— Сустрэчы з даверанымі асобамі. Людзі на іх ахвотна ідуць, часта задаюць пытанні. Я правёў ужо каля 45 сустрэч, у тым ліку ў працоўных калектывах. Ёсць і такія, хто прыходзіць і заяўляе: «Буду галасаваць за іншага кандыдата ў прэзідэнты». Калі ласка! Я да гэтага стаўлюся спакойна. Паважаю кожнага з кандыдатаў, лічу іх магчымасці роўнымі.

— Што хвалюе людзей?

— Шмат пытанняў аб тым, ці будзе павышацца пенсійны цэнз. Вядома, што на постсавецкай прасторы ў Беларусі ён адзін з самых «маладых». Таму тэма актуальная. Хвалююць людзей і пытанні жылля, ЖКГ. Цікавяцца Украінай, колькасцю бежанцаў, якія прыбылі да нас. Тэрмінам службы ў арміі. У апошнія тыдні перачытаў не адзін стос даведак, бо людзям трэба адказваць і дапамагаць. Мала каго цікавіць, што па спецыяльнасці я ваенны. Хаця і пра гэтую сферу пытаюцца. Напрыклад, удзельнікаў ваенных канфліктаў цікавяць і льготы. Мы, па магчымасці, выпраўляем сітуацыю, калі яна таго патрабуе.

— Якое ў вас уражанне ад настрою выбаршчыкаў?

— Лічу, што яны ў гэтую кампанію даволі актыўныя і ў большасці сваёй пойдуць галасаваць. Людзі разумеюць, што так яны выбіраюць лёс для краіны, клапоцяцца пра будучыню дзяцей. Людзі жадаюць паляпшаць сваё жыццё. Яны даволі цвяроза ацэньваюць кандыдатаў і іх магчымасці.

— Што вы думаеце пра дзеянні апазіцыі?

— Думаю, апазіцыя таксама адэкватна ацэньвае, што людзям неабходна спакойнае жыццё, магчымасць працаваць і гадаваць дзяцей.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.