Вы тут

Культура для жыцця


Дзень работнікаў культуры, што адзначаецца заўтра (у другую нядзелю кастрычніка), добрая нагода падвесці вынікі. Да свята, дарэчы, спрычынныя як мінімум шэсцьдзесят тысяч чалавек — працаўнікоў адпаведных устаноў. Увогуле ж культуру краіны ўвасабляюць у сабе звыш сямі тысяч арганізацый.

...А гэта ў тым ліку 27 тэатраў, 97 кінатэатраў, 152 музеі, 2 цыркі, 18 канцэртных арганізацый, больш за 3200 клубных устаноў і каля трох тысяч бібліятэк, суцэльная сістэма прафесійна-мастацкай адукацыі — ад дзіцячых школ да ВНУ.

На сферу культуры сёлета запланавана выдаткаваць больш за чатыры трыльёны рублёў, а гэта на 600 мільярдаў больш, чым у 2014 годзе. «Культурныя арганізацыі імкнуцца і самі зарабляць грошы: за восем месяцаў гэтага года яны атрымалі пазабюджэтны даход у памеры каля 800 мільярдаў рублёў», — каментуе першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. — Гэта не значыць, што дзяржава імкнецца перавесці ўстановы культуры на самаакупнасць. Падтрымка ёсць і застанецца асноўным падмуркам іх развіцця».

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што ў гэтым годзе тэатрамі было пастаўлена больш за дзевяноста новых спектакляў, а ў сферы кінамастацтва было праведзена два рэспубліканскія конкурсы, створаны з дзяржпадтрымкай тры фільмы ў ігравой форме, чатыры ў неігравой, чатыры летапісныя сюжэты і сем анімацыйных карцін. Адзін з пераможцаў перадапошняга конкурсу кінапраектаў — стужка «Беларусь. Дакументальная гісторыя» Галіны Адамовіч — ужо была прадстаўлена гледачам.

Культура — гэта не толькі лічбы, але і людзі. Напярэдадні Дня работніка культуры шмат абмяркоўвалася непрыгожая схема перадачы сцэнарыя фільма «Сляды на вадзе» рэжысёра Андрэя Голубева (праект перамог на апошнім конкурсе Міністэрства культуры) іншаму (дарэчы, замежнаму) рэжысёру. Карыстаючыся момантам, мы папрасілі спадарыню Дрыгу пракаментаваць сітуацыю, і першы намеснік міністра таксама адзначыла неабходнасць расставіць усе кропкі над «і»:

— У нас праводзіцца конкурс кінапраектаў, а сцэнарыі з'яўляюцца толькі іх складнікам. У конкурсе прыняла ўдзел і перамагла з праектам фільма «Сляды на вадзе» нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», яна над будучым фільмам і працуе. Кандыдатура рэжысёра не зацвярджаецца на конкурсе, склад здымачнай групы, у тым ліку рэжысёра, вызначае сама кінакампанія — можна спасылацца і на Указ Прэзідэнта №567 «Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематаграфіі», і на пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №174, якая вызначае парадак правядзення конкурсу. Кінастудыя адказвае за мастацкую якасць і прасоўванне будучага фільма, таму прыняла рашэнне, і мае на гэта права, аб прыцягненні іншага рэжысёра. На лёсе аўтара сцэнарыя гэта ніяк не адаб'ецца, аўтарскі ганарар будзе выплачаны. Мы, як Міністэрства культуры, не ўмешваемся ў справу вызначэння рэжысёра, а зацікаўлены толькі ў адным: каб быў зроблены высакаякасны праект, якім мы зможам ганарыцца.

Пераходзячы ад кінематографа да матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, трэба адзначыць, што ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў на гэты момант уключана больш за пяць тысяч аб'ектаў. Прадстаўнікі міністэрства кажуць, што праца са спісам і тым, што за ім стаіць, вядзецца амаль кожны дзень. На дзесяці аб'ектах вядуцца будаўніча-рэстаўрацыйныя работы, напрыклад, на кінастудыі «Беларусьфільм», Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку, Косаўскім палацава-паркавым ансамблі, музейным квартале як комплексе Нацыянальнага мастацкага музея ды іншых аб'ектах.

Культура Беларусі ідзе таксама ў напрамку міжнароднага супрацоўніцтва. На гэты момант падпісана пагадненне паміж урадамі Кітая і Беларусі аб узаемным заснаванні культурных цэнтраў, падпісаны мемарандум аб узаемапаразуменні з урадам Аўстраліі аб супрацоўніцтве ў сферы мастацтва і культуры, пагадненне аб супрацоўніцтве з Міністэрствам інфармацыі, тэлерадыёвяшчання і нацыянальнай спадчыны Пакістана, праграма супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры Расіі на 2015-2017 гады.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.