Вы тут

Дыскусія на старонках


Часопіс «Беларуская думка» прэзентаваў спецыяльны выпуск, прысвечаны палітычнаму і эканамічнаму развіццю Беларусі. Пад яго вокладкай сабралі розных жанру і формы матэрыялы, але ўсе яны заклікаюць да аднаго — ацаніць, прааналізаваць тое, як працуе беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця.

— Калі чалавек прымае пэўнае рашэнне, ён павінен ацаніць тое, што ў яго ёсць, і зразумець, што б яму хацелася мець надалей. Гэты нумар — спроба ацаніць тое, чаго мы дасягнулі за апошнія 20 гадоў, — гаворыць Дзмітрый ЖУК, генеральны дырэктар БелТА. — У ім сабраныя думкі вельмі вядомых і аўтарытэтных людзей. І кожны ў пэўнай ступені спрабуе прааналізаваць, як мы сёння жывём. Каб адэкватна ацаніць тое, што маем, і зрабіць слушны выбар, куды нам ісці далей.

Адзін з галоўных матэрыялаў нумара — інтэрв'ю з Андрэем Беляковым, першым сакратаром ЦК БРСМ. «Паколькі гэты год — Год моладзі і ў той жа час асаблівай палітычнай адказнасці — выбараў, для нас асабліва важна правесці аналіз таго, як мы ажыццяўляем маладзёжную палітыку, дзе памыляемся, дзе робім поспехі, для таго, каб і надалей будаваць незалежную, моцную Беларусь», — сказаў ён, выступаючы падчас прэзентацыі. Па словах Вадзіма ГІГІНА, галоўнага рэдактара «Беларускай думкі», у часопісе ёсць спецыяльная рубрыка, прысвечаная развагам моладзі аб перспектывах развіцця краіны. Яна адна з самых неадназначных і часта выклікае шырокае абмеркаванне сярод чытачоў.

І яшчэ адна «разынка» выпуску — матэрыял Анатоля РУБІНАВА, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і вядомага грамадскага, палітычнага дзеяча. Падчас прэс-канферэнцыі ён вусна распавёў пра асноўныя думкі, якія выклаў у сваім артыкуле. «Заўсёды не пагаджаюся з тым, калі кажуць, што кіраўнік дзяржавы — гэта менеджар, маўляў, мы вас нанялі, майце ласку абслугоўваць нас... Але не так развіваецца цывілізацыя. Цывілізацыя развіваецца лідарамі, элітамі. Усюды і заўсёды. Асобы — гэта слупы, якія вызначаюць этапы развіцця. Прычым па ўсіх напрамках: у галіне культуры, навукі, тэхнікі і гэтак далей. А ўжо кіраўнікі дзяржаў, ад якіх залежаць лёсы людзей і развіццё краіны, — гэта асаблівая тэма», — сказаў ён.

«Трэба падвесці вынікі, асэнсаваць: можа, былі нейкія памылкі. Вось гэтыя разважанні я і пастараўся выкласці. Гэта мая асабістая пазіцыя», — падкрэсліў Анатоль Рубінаў. Ён дадаў, што не трэба любымі спосабамі падтрымліваць уладу і даказваць яе правату, а неабходна разважаць аб'ектыўна. Акрамя таго, Анатоль Рубінаў падкрэсліў, што за час свайго існавання часопіс «Беларуская думка» прайшоў вялікую эвалюцыю. Пры гэтым у ім публікаваліся дастаткова разнастайныя матэрыялы: ад літаратурных тэкстаў да навуковых артыкулаў.

«У апошнія гады, мне здаецца, часопіс знайшоў свой твар, выйшаў на пэўную дарогу. Гэта вельмі змястоўны часопіс, цікавы, у ім публікуюцца самавітыя аўтары. У ім няма фармальных і лозунгавых артыкулаў», — падсумаваў акадэмік.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.