Вы тут

Электроннае галасаванне — неананімнае


На гэта звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытанне пра магчымасць у будучыні электроннага галасавання і такога ж падліку галасоў. Варыянт «прыйшоў на выбары, паставіў на спецыяльным маніторы (як пры атрыманні пасведчання кіроўцы) подпіс, а камп'ютарная праграма палічыла б усё вельмі хутка, або прасцей за тое — дома праз інтэрнэт прагаласаваў» хоць і просты, але мае шмат хібаў.

«Як мы тады будзем выконваць адзін з галоўных прынцыпаў выбараў — тайнае галасаванне? — задалася пытаннем Лідзія Ярмошына. — Бо галасаванне, калі камп'ютар тут жа адзначае волевыяўленне, дазваляе пракантраляваць голас кожнага выбаршчыка. Такім чынам магчыма паўплываць на гэты голас, а потым, можа, і расправіцца з гэтым выбаршчыкам, калі яго волевыяўленне не задаволіць тых, хто арганізуе галасаванне. Таму, вядома, такі спосаб не падыходзіць».

Старшыня ЦВК таксама звярнула ўвагу на той факт, што ў любую электронную сістэму можна запусціць вірус. «Альбо, калі нават адбудзецца звычайная паломка або аварыя на электрастанцыі, галасы выбаршчыкаў могуць быць знішчаны, — зазначыла яна. — І ў гэтым таксама ёсць пэўная праблема. Дадам, што гэта вельмі дарагая тэхніка, і яна імгненна маральна старэе. Я не ведаю, ці трэба Рэспубліцы Беларусь набываць гэтае абсталяванне; акрамя вялікіх грошай, яно патрабуе і вялікай колькасці спецыяльна навучанага персаналу, а затым яшчэ яго трэба захоўваць да наступных выбараў. А да наступных выбараў яно, магчыма, ужо састарэе. Ці трэба гэта? Няўжо ў нас ёсць лішнія грошы?»

Што тычыцца галасавання праз інтэрнэт, то, заўважыла Лідзія Ярмошына, «усе эксперыменты на гэты конт, якія праведзены разумнымі амерыканцамі, паказалі: падобнае хатняе галасаванне не стымулюе выбаршчыкаў удзельнічаць у выбарах наогул». «Знаходзячыся дома, яны забываюць прагаласаваць нават па інтэрнэце, — адзначыла старшыня ЦВК. — У той час, як наведваючы выбарчы ўчастак, яны ўдзельнічаюць у дэмакратычных працэдурах. Таму, я думаю, што тая дэмакратычная працэдура, якая ў нас існуе, спрыяе аб'яднанню грамадства і выхаванню ў яго пэўных дэмакратычных традыцый. І я не думаю, што ад яе трэба адмаўляцца».

У той жа час Лідзія Ярмошына лічыць, што галасаванне праз інтэрнэт «лагічна і апраўдана», і яго «трэба абавязкова ўжываць як дадатковую форму галасавання, напрыклад, для грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой або знаходзяцца ў дзень выбараў па-за межамі асноўнага месца жыхарства».

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.