Вы тут

Каб любіць... Каб застацца


Я з таго пакалення, што нарадзілася і пайшло ў школу ў адной краіне, а атэстат сталасці атрымлівала ў зусім іншай. Памятаю буквар з партрэтам Леніна і пустыя паліцы ў крамах, чаргу па смятану, у якой трэба было стаяць са сваім слоікам. Памятаю, як з тэлеэкранаў нам пачалі паказваць неверагодны каляровы свет — усіх гэтых «кэпвэлаў», «простамарый» і багатых, якія ўвесь час плакалі, ствараючы адчуванне, што вось там, за мяжой, сапраўднае жыццё. Як у показцы таго часу: «Куды б ты хацеў паехаць? — У Санта-Барбару. Я ж там усіх ведаю...» Многія мае аднакласнікі марылі з'ехаць туды, дзе жыццё здавалася такім бліскучым і каляровым, як укладышы ад жуйкі, што паланілі дзіцячыя сэрцы. Сказаць маёй пляменніцы, што колісь жуйка магла быць выдатным падарункам на дзень народзінаў? Не, не зразумее. І гэтае адчуванне робіць мяне шчаслівай. Справа не ў тым, што на паліцах сёння можна знайсці ўсё што захочаш, а ў тым, што ў сучасных дзяцей ёсць выбар. Большы за жуйку/снікерс. Яны не мусяць пасля дзевяці класаў уладкоўвацца хоць на якую працу, каб падтрымаць сям'ю, а могуць атрымліваць сярэднюю ці вышэйшую адукацыю, пасля якой зноў-такі могуць выбіраць, дзе працаваць; яны могуць выбіраць музыку, кнігі, вопратку, сяброў (у тым ліку і на іншым канцы свету, дзякуючы інтэрнэту); яны могуць выбіраць, куды паехаць адпачываць і дзе жыць... Дарэчы, многія з тых, хто з'ехаў у 1990-я, вярнуліся. Каб застацца. І гэта іх Выбар.

10-33

Калі б мне ў дзяцінстве сказалі, што я пабачу не толькі гарады Беларусі, Маскву, Піцер, але і Парыж, Берлін, Амстэрдам, Варшаву, Баку, Браціславу, Батумі ды іншыя мясціны, я б не паверыла, напэўна. Сёння я думаю, што пабачыла пакуль не так і шмат. Зрэшты, у першым класе, дзе вучыцца мая пляменніца, усе дзеці без выключэння ляталі за мяжу. Па-праўдзе, пра якія межы вядзецца размова, калі іх сёння практычна няма! У тры гады малыя «інтэрнэт-карыстальнікі» ўжо абменьваюцца «лайкамі» на «Фэйсбуку» з сябрамі з іншых краін. Кепска гэта ці добра? Мяркую, што хутчэй добра, бо дае шанц шукаць у сеціве інфармацыю, цікавых людзей і добрыя творы. Так! З'ява апошняга часу — герояў робіць інтэрнэт: менавіта тут «раскручваюцца» аўтары і сустракаюцца паэты з кампазітарамі ці мастакі з літаратарамі. І няхай ім няма дваццаці гадоў, затое ў іх процьма праектаў і задум, яны гуртуюцца, «развіртуальваюцца» і ствараюць новае жыццё — магчыма, якраз такое, пра якое марылі ў дзяцінстве.

І самае цікавае, яны ўсё яшчэ пішуць вершы! І захапляюцца класікай (праўда, класіка ў іх разуменні крыху іншая)! І прыносяць іх, саромеючыся ды са здзіўленнем (а што, праўда, можна?), у «ЛіМ», «Маладосць», «Бярозку»... А пасля «перапошчваюць» сканы ці РDF-старонкі ў сваіх блогах. Яны гатовыя чытаць вершы нават на прыступках, як было падчас выстаўкі «СМІ ў Беларусі», калі гукі сцэны заглушалі галасы маладых творцаў — і літаратурныя чытанні з агульнай згоды было вырашана перанесці на вольнае паветра. Прыпыняліся, каб паслухаць маладых, і пенсіянеры, і маладыя жанчыны з дзецьмі, а некаторыя са слухачоў раптам самі выцягвалі з сумкі пашарпаныя нататнікі і прасілі дазволу «таксама пачытаць»...

У кожнай з краін, куды я трапляю, я пытаюся ў моладзі: «Каго з вашых пісьменнікаў вы ведаеце?» Называюць адно, сама болей два прозвішчы. Нават смешна было, калі ў цэнтры Баку я запыталася ў паліцэйскага, ці ведае ён творцу, якога завуць Анар, а ён адказаў, што не чуў пра такога. Між іншым, гэта старшыня Саюза пісьменнікаў Азербайджана, адзін з выдатных аўтараў гэтай краіны. Уявіць сабе аналагічную сітуацыю ў нас, думаю, цяжка. І яшчэ адно назіранне: нам, беларусам, усё больш зайздросцяць суседзі па СНД. Класічнае «ў вас спакойна» хутка можа ператварыцца ў яшчэ адзін брэнд Беларусі. Без жартаў, гэта мне казалі і грузіны, і азербайджанцы, і рускія з украінцамі...

Краіна, дзе чытаюць вершы... Краіна, дзе вершы пішуць... Краіна, куды хочацца вяртацца з усіх падарожжаў... Краіна, дзе спакойна...

Беларусь. Мая!

Таццяна СІВЕЦ, пісьменніца, журналістка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».