Вы тут

Даведацца загадзя


На выхадзе з участка ў вас могуць спытаць, за каго вы прагаласавалі.

У дзень выбараў апытанне грамадзян на выхадзе з выбарчых участкаў — экзітполы — будуць праводзіць тры арганізацыі. Гэта Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў рэспубліканскага саюза грамадскіх аб'яднанняў «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый», а таксама Інстытут параўнальных сацыяльных даследаванняў «Еўразійскі барометр». Спецыяльна для «Звязды» Давід РОТМАН, дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар сацыялагічных навук, прафесар, расказаў, у якіх выпадках вынікі экзітпола максімальна дакладныя і ці можна ім давяраць.

10-37

10-37

 

— Калі не было памылак пры распрацоўцы выбаркі, тады звесткі экзітполаў атрымаюцца максімальна блізкімі да афіцыйных вынікаў, — гаворыць Давід Генрыхавіч. — Такія апытанні ў першую чаргу дапамагаюць высветліць тэндэнцыю галасавання, напрыклад за каго аддадзена большасць галасоў, а за каго меншасць. Часам папярэднія звесткі выкарыстоўваюць для праверкі вынікаў падліку галасоў ЦВК.

Па словах дырэктара цэнтра, у любым выпадку галоўны чыннік для працы экзітполаў — непарушнае прытрымліванне правілаў. «Спачатку разлічваецца, на колькіх участках будуць праводзіцца апытанні. Умоўна кажучы, у Беларусі каля 6600 месцаў для галасавання. Разлічваем па формуле і высвятляем, што нам трэба наведаць, напрыклад, 303 з іх. Яны выбіраюцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі прапарцыянальна колькасці насельніцтва і ўчасткаў у рэгіёне, — паведаміў Давід Ротман. — Умоўна, у Мінску 60 участкаў. Усе яны выпісваюцца ў слупок, а пасля выпадковым чынам выбіраюцца». Для таго, каб звесткі былі набліжаны да рэчаіснасці, за дзень неабходна апытаць не менш за 10 000 чалавек. «У 2010-м мы праінтэрв'юіравалі каля 12 тысяч», — дадаў ён.

На кожным участку, дзе праводзіцца экзітпол, працуюць тры чалавекі — два інтэрв'юеры і адзін кіраўнік. «У кожнага з іх павінны быць бэйджы з пазнакай, якую фірму яны прадстаўляюць, а таксама пасведчанне з пячаткай і подпісам», — патлумачыў дырэктар ЦСПД. Па яго словах, каманды павінны знаходзіцца на ўчастку ад 8 гадзін раніцы і да 8 гадзін вечара, нягледзячы на надвор'е і любыя іншыя абставіны. «Адзін спыняе выбаршчыка і задае яму некалькі пытанняў, якія прапісаныя ў анкеце, і адзначае адказы. Пасля апошняга адказу другі інтэрв'юер не спыняе любога наступнага, а пачынае адлічваць так званы крок адбору. Ён разлічваецца загадзя асобна для кожнага ўчастка. Напрыклад, апытваецца кожны 5-ты, 10-ты ці 15-ты. На ўчастках у густанаселеных мікрараёнах, накшталт Каменнай Горкі ў Мінску, гэта можа быць і кожны 20-ты, — распавядае Давід Генрыхавіч. — Калі не прытрымлівацца гэтага кроку, тады губляецца адзін з элементаў выпадковасці адбору. Першы — па рэгіёнах, другі — па участках і трэці — гэты. Пры ўмове, што вытрымана тая лічба, пра якую згадвалася раней (10 тысяч чалавек), спрацоўваюць законы верагоднасці і атрымліваецца супадзенне з рэальным вынікам, як і ў любым іншым сацыялагічным даследаванні».

Інтэрв'юераў часцей за ўсё выбіраюць са студэнтаў рэгіянальных універсітэтаў. Вопытныя супрацоўнікі экзітполаў вучаць іх правільна праводзіць апытанні, а пасля раздаюць неабходныя дакументы. «У старэйшага з групы, акрамя бэйджа, спецыяльнага пасведчання і пашпарта, павінен быць ліст, падпісаны старшынёй ЦВК, адрасаваны ўсім старшыням участковых камісій. Пасля дазволу ад апошняга група мае права праводзіць апытанне толькі па-за памяшканнем для галасавання. Таму што стоячы ў ім можна заблытацца, хто ўвайшоў, а хто выйшаў. Таму яны выходзяць у двор, адлічваюць ад ганка 30-40 крокаў і спыняюцца. Калі раптам на адным участку сустрэліся 2 экзітполы, яны дамаўляюцца, каб разысціся на 20 крокаў адзін ад аднаго», — гаворыць Давід Ротман.

— Усе трое павінны знаходзіцца ў двары ўчастка, — працягвае ён. — Пры неабходнасці адысці можа толькі адзін. Яны таксама не маюць права з кімсьці размаўляць і адказваць на пытанні. У крайнім выпадку кіраўнік можа сказаць: «Прабачце, давайце адыдзем убок і пагутарым». Бывае, падыходзяць людзі, задаюць пытанне, а пасля абвінавачваюць групу ў агітацыі за пэўнага кандыдата. А гэта ўжо скандал.

Пасля 8 гадзін раніцы група аператараў (чалавек 25-30), якія знаходзяцца ў галаўным памяшканні, робяць першы абзвон кіраўнікоў — праверка сувязі. Затым кожныя 2-3 гадзіны тэлефануюць сваім патранатам, збіраюць адказы, якія зафіксавалі групы, падсумоўваюць усе атрыманыя лічбы і фарміруюць агульны зрэз. І так да 19.30, калі робіцца апошні зрэз-тэлефанаванне, і да 20.15 становяцца вядомымі папярэднія вынікі галасавання.

Акрамя ўсяго, падчас кампаніі з іншых краін запрашаюцца высокапрафесійныя назіральнікі не выбараў, а менавіта экзітпола. «Гэта паважаныя прафесары з Еўропы. На гэты раз у нас будзе 4-5 чалавек з Іспаніі, Германіі, Швейцарыі і Вялікабрытаніі. Іх запрасіла фірма, якая праводзіць апытанне. Яны самі выбіраюць, на які ўчастак паехаць, каб не было і думкі, што на іх ідзе нейкі ціск. Назіральнікі не падыходзяць да груп, а глядзяць за імі збоку. У іх ёсць інфармацыя, які на гэтым участку павінен быць крок адбору, і яны падлічваюць яго. Калі ёсць парушэнне — тут жа адзначаюць. Да памылак адносяцца сітуацыі, калі меней чым 2 чалавекі праводзяць інтэрв'ю, а таксама размовы не па анкеце. Заўвагі назіральнікаў могуць ператварыцца ў небяспечныя заявы аб тым, што інфармацыя экзітпола недакладная», — гаворыць дырэктар цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў.

На пытанне «Ці можна адмовіцца адказваць прадстаўнікам экзітполаў?» Давід Генрыхавіч адзначае: «Так, безумоўна. Існуе спецыяльны ліст адмовы, у ім запісваецца, колькі людзей не дало згоды адказаць. Але калі чалавек адмовіўся, то ўсё адно адлічваецца той жа крок адбору. Значыць, мы апытваем не наступнага чалавека, а праз 5 ці 10, як і патрабуюць разлікі».

У 20.00 закрываюцца выбарчыя ўчасткі, і амаль праз 15 хвілін экзітполы абвесцяць папярэднія звесткі. Давід Ротман упэўнівае ў іх верагоднай слушнасці: «Па сваім досведзе магу сказаць, што часцей за ўсё яны супадаюць з тымі, што абвяшчае ЦВК».

Веранiка ПУСТАВIТ

pustavit@zviazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».