Вы тут

Лёс i для сябе, i для краiны


Для мяне сёлетнiя прэзiдэнцкiя выбары першыя. Тыя, што адбывалiся ў 2010 годзе, амаль не памятаю. Тады я вучылася ў 11-м класе, i ў думках было адно толькi паступленне. Напэўна, гэта да лепшага. Наўрад цi ў той момант я б змагла зрабiць асэнсаваны выбар. А цяпер i варыянтаў няма: працуючы ў аддзеле палiтыкi рэспублiканскай газеты, хочаш не хочаш, а будзеш ведаць пра ўсiх кандыдатаў i пра ўсе «фiшкi» кампанii.

10-36

Мяне шчыра здзiвiла, што самае дыскусiйнае пытанне сёлетняй выбарчай кампанii, калi меркаваць па СМI i iнтэрнэце, — iсцi галасаваць цi не. Не кандыдатура вылучэнца, не дзеяннi апазiцыi, а менавiта гэтая тэма выклiкала iнфармацыйнае цунамi, якое ўсё нiяк не з'едзе на нiшто. З пунктам гледжання дзяржаўным i кандыдатаў у прэзiдэнты ўсё зразумела. А вось погляды палiтычнай альтэрнатывы падзялiлiся. Далёка не ўсе прыхiльнiкi апазiцыi лiчаць байкот дзейсным.

Члены Аб'яднанай грамадзянскай партыi яшчэ ў сярэдзiне верасня выступiлi з афiцыйнай заявай, што ўдзельнiчаць у выбарах не будуць. I тым самым далi штуршок для палемiкi, якая разгарнулася ў сродках масавай iнфармацыi рознага кшталту. I сказаць, што гэта iдэя адшукала шмат адназначных прыхiльнiкаў, нельга.

З нагоды заявы партыi адзiн з вядомых калумнiстаў прааналiзаваў працу амерыканскага даследчыка Мэцью Фрэнкеля, якi вывучае, да чаго прыводзiць байкатаванне выбараў. Аказваецца, што толькi ў 4 выпадках са 100 апазiцыя перамагае i прыходзiць да ўлады. У астатнiх людзi перастаюць давяраць апазiцыi i яна губляе ўвесь напрацаваны аўтарытэт. Увогуле даследчык прыходзiць да высновы, што такую тэхналогiю змены ўлады нельга назваць эфектыўнай, бо тыя 4% поспеху — хутчэй выпадковы збег абставiн.

А гэта фраза на адным апазiцыйным рэсурсе вартая цытавання: «Цi магчыма прыйсцi да ўлады праз iгнор?». Яе аўтар выступае як прыхiльнiк аднаго з кандыдатаў у прэзiдэнты, якi, на яго думку, уяўляе сабой будучую ўладу з чалавечым тварам. I такая пазiцыя прымальная, бо аргументавана пунктамi праграмы кандыдата ў Прэзiдэнты i аўтарскiм бачаннем наступнага развiцця краiны.

Наступнае пытанне: за каго ўсё ж такi галасаваць? Я чула не ад адной маёй сяброўкi-аднагодкi, што ёй падабаецца пэўны кандыдат з-за знешнасцi цi ўмення трымацца перад камерай i на людзях. На пытанне «Цi чытала праграму таго кандыдата?» у лепшым выпадку дзяўчына сцiпла апускае вочы са словамi: «Я глядзела выступ па тэлебачаннi». Няўжо так робiцца адказны выбар? А як наконт таго, каб зразумець, якiмi сродкамi будуць дасягацца гучныя абяцаннi «бясплатнай адукацыi», напрыклад? Зiрнiце ў праграму i адшукайце, адкуль возьмуцца мiльёны долараў для гэтага. Цi ўвогуле прапiсана гэта?

Для нас, маладых, яшчэ вось якая аналогiя прыходзiць на розум. Свайго чалавека, з якiм марыш стварыць сям’ю, мы выбiраем сабе не толькi па знешнасцi, манерах i гожых словах. Хутчэй, шукаем чалавека адказнага i надзейнага, на якога можна абаперцiся. Тут выбар аднолькавы па значнасцi i толькi адрозны па сваёй маштабнасцi. У любым выпадку — лёсавызначальны.

Веранiка ПУСТАВIТ

pustavit@zviazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.