Вы тут

Парламентарыі зацікаўленыя, каб выбары адпавядалі міжнародным стандартам


Пра гэта спікер палаты прадстаўнікоў казаў міжнародным назіральнікам напярэдадні дня выбараў.

У суботу, 10 кастрычніка, прымаючы групу міжнародных назіральнікаў ад Міжпарламенцкай Асамблеі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў, перш за ўсё падзякаваў калегам за згоду працаваць на прэзідэнцкіх выбарах у нашай краіне і ўжо праведзеную імі немалую работу.

– Нам  вельмі прыемна, што ў складзе місіі СНД удзельнічаюць парламентарыі амаль усіх дзяржаў – удзельніц Садружнасці, – сказаў спікер ніжняй палаты. – Думаю, што ў вас будзе магчымасць не толькі праводзіць міжнароднае назіранне, але пры жаданні, і  двухбаковыя сустрэчы. У  парламенце Беларусі створана 61 рабочая група па супрацоўніцтву з парламентарыямі іншых дзяржаў.

Уладзімір Андрэйчанка назваў выбары Прэзідэнта вельмі важнай грамадска-палітычнай падзеяй не толькі для Беларусі, а для любой дзяржавы, дзе адбываецца падобная электаральная кампанія, бо ад яе вынікаў у многім залежыць будучае краіны.

– Мы робім усе магчымае, каб гэтыя выбары прайшлі адкрыта, празрыста і дэмакратычна, – запэўніў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Ён заўважыў, што зараз у Беларусі ёсць сацыяльная стабільнасць,  грамадзянскі мір і няма міжнацыянальнай, міжканфесійнай варожасці. “Усё гэта, дзякуючы таму, што такую палітыку праводзіць кіраўнік нашай дзяржавы, створана адпаведнае заканадаўства і, канешне ж, дзякуючы мудраму беларускаму народу – перш за ўсё, – дадаў Уладзімір Андрэйчанка. – Бо мы перажылі  вельмі шмат узрушэнняў, асабліва тое, што датычыцца Вялікай Айчыннай вайны, падчас якой загінуў кожны трэці беларус. Таму тут ўсе ведаюць, наколькі важна, каб у краіне быў  мір, спакой і згода.”

Кіраўнік ніжняй палаты беларускага парламента заўважыў калегам з іншых краін СНД, што зараз у Беларусі ёсць пэўныя эканамічныя праблемы, бо сусветны фінансава-эканамічны крызіс не абмінуў краіну.

– Мы некалькі запаволілі тэмпы  росту валавога ўнутранага прадукту: за 8 месяцаў бягучага года ён склаў 96,5% ад леташняга ўзроўню, тым не менш мы настроены  да канца года выйсці на ўзровень мінулага года, – праінфармаваў Уладзімір Андрэйчанка. – У цэлым у нас складаецца ўсё нармальна з выплатамі пенсій, дапамог грамадзянам, няма ніякіх запазычанасцяў па заработнай плаце. І  мы, канешне, усё робім для таго, каб забяспечыць бяспеку краіны і дабрабыт нашага насельніцтва.

Па словах старшыні Палаты прадстаўнікоў , менавіта з гэтага пункту погляду заканадаўчая ўлада краіны зацікаўленая,  каб выбары адпавядалі міжнародным стандартам і  каб  усе жадаючыя маглі ўдзельнічаць у назіранні. Па дадзеных на 7 кастрычніка, на выбары акрэдытаваныя 922 міжнародныя назіральнікі, ў тым ліку па лініі СНД – 385. Запрашэнні ад Нацыянальнага сходу Беларусі былі накіраваныя ў Парламенцкі Сход Беларусі і Расіі, Парламенцкую Асамблею Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (ПА АБСЕ), Парламенцкую Асамблею Савета Еўропы.

Спікер ніжняй палаты беларускага парламента таксама паведаміў, што Выбарчы кодэкс Беларусі адпавядае міжнародным стандартам, і дазваляе браць удзел у выбарах усім, хто “ўпісваецца ў наша заканадаўства”, стварае магчымасць канкурыраваць палітычным ідэям і поглядам.  “Пацвярджэннем таму з’яўляецца тое, што ў нас зарэгістраваныя  чатыры кандыдаты ў Прэзідэнты, гэта – дзеючы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікі розных палітычных партый,” – сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Разам з тым, за апошнія пяць гадоў выбарчае заканадаўства карэктавалася тройчы, у асноўным, па рэкамендацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ. “Мы гібкія, мы заўсёды рэагавалі на ўсе  заўвагі, якія былі”, – пракаментаваў старшыня ніжняй палаты беларускага парламента.

Ён нагадаў, што Беларусь летась далучылася да Канвенцыі СНД аб стандартах дэмакратычных выбараў і заўсёды актыўна ўдзельнічае ў Міжпарламенцкай Асамблеі СНД, працуе над удасканаленнем мадэльнага заканадаўства Садружнасці, плённа супрацоўнічае з Міжнародным інстытутам маніторынгу развіцця дэмакратыі, парламентарызму і захавання выбарчых правоў грамадзян дзяржаў  – удзельніц МПА АБСЕ. “Мы, канешне, зацікаўленыя пашыраць гэту работу і ўдзельнічаць у міжнародных, вельмі аўтарытэтных арганізацыях па назіранню за выбарамі”, – дадаў Уладзімір Андрэйчанка.

Вяртаючыся да тэмы прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, ён выказаў гатоўнасць выслухаць усе заўвагі і прапановы, якія будуць выказаныя міжнароднымі назіральнікамі, у тым ліку па лініі МПА СНД і ўлічыць іх. Наколькі гэта будзе дазваляць беларускае заканадаўства.

– У дадзены момант мы таксама гатовы аказаць неабходнае садзейнічанне, пры вашай згодзе,  у выкананні вашага адказнага мандату, і разлічваем, што ваша работа будзе садзейнічаць таму, каб выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прайшлі празрыста. І, канешне, мы разлічваем на аб’ектыўнае заключэнне.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.