Вы тут

Выбары Прэзідэнта праходзяць у Беларусі


Прэзідэнцкія выбары праходзяць сёння ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

У спісы для галасавання ўключана больш як 6,9 млн выбаршчыкаў, у тым ліку за межамі Беларусі - больш як 5,7 тыс. чалавек. Для таго каб атрымаць бюлетэнь, пры сабе неабходна абавязкова мець дакументы, што засведчваюць асобу. Акрамя пашпарта, можна прад'явіць даведку органаў унутраных спраў аб страце пашпарта, а ваеннаслужачым тэрміновай службы - ваенны білет. Калі ж у выбаршчыка няма пашпарта (напрыклад, пададзены ў пасольства на атрыманне візы), але ён унесены ў спісы для галасавання, бюлетэнь выдаецца на аснове службовага пасведчання дзяржслужачага, студэнцкага білета, пенсійнага пасведчання з фатаграфіяй або вадзіцельскіх правоў. Галоўнае, каб у гэтых дакументах быў фотаздымак грамадзяніна.

Свой голас на карысць таго ці іншага кандыдата на вышэйшую дзяржаўную пасаду можна аддаць з 8.00 да 20.00. Калі выбаршчык па стане здароўя або па іншых уважлівых прычынах не можа сёння прыйсці ў памяшканне для галасавання, ён мае права пісьмова або вусна звярнуцца ў адпаведную ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне па месцы яго знаходжання. Выбаршчык можа перадаць такую просьбу ва ўчастковую камісію пры садзейнічанні іншых асоб, напрыклад, сваякоў, суседзяў. Пры гэтым афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання не патрабуецца. У дзень выбараў па месцы знаходжання выбаршчыка галасаванне таксама арганізавана з 8.00 да 20.00, аднак просьба аб арганізацыі такога віду галасавання павінна быць пададзена сёння не пазней за 18.00.

Кандыдатамі ў прэзідэнты ў гэтай выбарчай кампаніі зарэгістраваны чацвёра: Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч, Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Улаховіч. Іх прозвішчы ў алфавітным парадку пазначаны ў бюлетэні для галасавання, які атрымліваюць грамадзяне, прыйшоўшы на ўчастак. Бюлетэнь змяшчае растлумачэнне аб парадку запаўнення, на адваротным баку павінны быць абавязкова прастаўлены подпісы не менш як двух членаў участковай камісіі. Таксама ў бюлетэні можна знайсці кароткую інфармацыю аб кандыдатах - даты нараджэння, пасады (заняткі), месцы работы і месцы жыхарства, партыйнасці. З правага боку ад даных аб кожным прэтэндэнце на вышэйшую дзяржаўную пасаду змешчаны пусты квадрат. У канцы пераліку кандыдатаў змешчаны радок "Супраць усіх кандыдатаў" з размешчаным з правага боку ад яго пустым квадратам.

Вызначыўшыся, выбаршчык накіроўваецца ў кабіну для тайнага галасавання, дзе павінен паставіць у бюлетэні любы знак (крыжык, птушачку, кропку) у пустым квадраце, размешчаным з правага боку ад прозвішча таго кандыдата, за якога ён галасуе. Калі выбаршчык галасуе супраць усіх кандыдатаў, ён ставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным з правага боку ад радка "Супраць усіх кандыдатаў".

Усяго для галоўнай электаральнай падзеі надрукавана амаль 7 млн бюлетэняў, колькасць рэзервовых складае не менш як 5 працэнтаў, і яны размеркаваны па ўчастках. У выпадку калі выбаршчык лічыць, што пры запаўненні бюлетэня зрабіў памылку, ён мае права звярнуцца да члена ўчастковай камісіі з просьбай выдаць яму новы бюлетэнь узамен сапсаванага. Сапсаваны бюлетэнь пагашаецца і ў далейшым не ўлічваецца. Акрамя таго, несапраўдным прызнаецца бюлетэнь неўстаноўленага ўзору (які адрозніваецца памерам, колерам, якасцю паперы, друкарскім шрыфтам і да т.п.) або калі на яго адваротным баку адсутнічаюць подпісы членаў участковай камісіі. Несапраўдны бюлетэнь, у якім знак пастаўлены больш чым у адным квадраце або не пастаўлены ні ў адным з квадратаў.

На гэтых выбарах створаны ўмовы для самастойнага галасавання інвалідаў па зроку, разам з бюлетэнямі надрукаваны спецыяльныя трафарэты, якія пры неабходнасці выдаюцца на агульных участках. Трафарэт уяўляе сабой папку-вугалок з тонкага кардону прамавугольнай формы памерам А4 з адкрытымі правым і верхнім краямі. На правым баку трафарэта знаходзяцца адтуліны круглай, квадратнай і адна прамавугольнай формы. Бюлетэнь для галасавання ўкладваецца правым бокам уверх у трафарэт, пры гэтым прозвішчы кандыдатаў і іншыя пазіцыі бюлетэня супадуць з адпаведнымі адтулінамі на трафарэце. Круглымі адтулінамі на трафарэце абазначаны прозвішчы кандыдатаў у прэзідэнты ў тым парадку, у якім яны размешчаны ў бюлетэні: адным кругам у першым радку - Гайдукевіч Сяргей Васільевіч; двума кругамі ў другім радку - Караткевіч Таццяна Мікалаеўна; трыма кругамі ў трэцім радку - Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч; чатырма кругамі ў чацвёртым радку - Улаховіч Мікалай Дзмітрыевіч.

У кожным радку справа ад круглых адтулін маюцца адтуліны ў выглядзе квадратаў, якія супадаюць з такімі ж квадратамі на бюлетэні. Выбаршчыку неабходна выбраць радок, што абазначае прозвішча кандыдата, за якога ён хоча аддаць свой голас, і ў квадраце справа ад патрэбнага круга (кругоў) паставіць любы знак. Для галасавання "супраць усіх кандыдатаў" унізе на трафарэце ёсць адтуліна ў выглядзе прамавугольніка, размешчанага гарызантальна, і адтуліна ў выглядзе квадрата справа ад яго. Пры галасаванні супраць усіх кандыдатаў трэба паставіць любы знак у квадратнай адтуліне справа ад прамавугольніка.

Такім чынам, выбаршчык з парушэннямі зроку можа прагаласаваць без дапамогі іншых асоб, аднак гэта не выключае яго права знаходзіцца ў кабіне для галасавання з асобай, якая яго суправаджае, або скарыстацца пры запаўненні бюлетэня дапамогай іншага выбаршчыка, які знаходзіцца ў памяшканні.

Што датычыцца вынікаў выбараў, іх не пазней чым праз 10 сутак пасля заканчэння галасавання ўстанаўлівае Цэнтральная камісія. Лічыцца, што выбары Прэзідэнта Беларусі адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш як палавіна грамадзян краіны, уключаных у спіс выбаршчыкаў. Кіраўнік дзяржавы лічыцца выбраным, калі за яго прагаласавала больш як палавіна грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Паведамленне аб выніках галоўнай электаральнай падзеі ЦВК перадае сродкам масавай інфармацыі для апублікавання не пазней чым праз тры дні з моманту падпісання пратакола аб выніках выбараў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».