Вы тут

Выбары-2015: ужо гісторыя


Учора ўвесь дзень карэспандэнты «Звязды» працавалі на выбарчых участках і ў Інфармацыйным цэнтры Цэнтрвыбаркама. Карэспандэнты аддзела палітыкі вялі адтуль бесперапынны анлайн-рэпартаж на нашым сайце. Гадзіна за гадзінай пісаліся новыя старонкі гісторыі нашай краіны. Гісторыі, якой мы былі непасрэднымі сведкамі, якую мы стваралі самі, прыйшоўшы на выбары...

12-41

12-41

 

У 9 раніцы адкрываецца Інфармацыйны цэнтр Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Сюды з'язджаюцца беларускія і замежныя журналісты, назіральнікі, эксперты. Менавіта гэтае месца ўчора было ў нейкім сэнсе «сэрцам» прэзідэнцкіх выбараў. Тут агучвалася самая актуальная інфармацыя, адсюль навіны рассылаліся па рэдакцыях айчынных і замежных выданняў. Карэспандэнты «Звязды», працуючы ў Інфармацыйным цэнтры, падрыхтавалі хроніку падзей: як Беларусь выбірала Прэзідэнта 11 кастрычніка 2015 года.

10.00.

Лілія Ананіч, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь, адкрывае Інфармацыйны цэнтр Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

— Тут разгорнуты 4 пляцоўкі нашых нацыянальных тэлеканалаў, тэлеканала «Мір», — паведамляе міністр, — арганізавана сістэма ўнутранай трансляцыі. Для работы журналістаў прэс-цэнтр абсталяваны стацыянарнымі камп'ютарамі з доступам у інтэрнэт, ёсць неабходная капіравальная тэхніка, забяспечана магчымасць выхаду на міжнародныя тэлефонныя лініі. Нагадаем, для асвятлення выбараў акрэдытавана 940 нацыянальных і замежных журналістаў.

У сваю чаргу старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына адзначае, што вынікі датэрміновага галасавання ў гэтым годзе рэкордныя — 36,05% грамадзян прагаласавала з 6 па 10 кастрычніка. За мяжой датэрмінова прагаласавала 38% выбаршчыкаў.

928 міжнародных назіральнікаў раз'ехаліся па ўсёй краіне, каб сачыць за выбарамі. Нацыянальных назіральнікаў — больш за 37 тысяч.

Адказваючы на пытанне, ці былі значныя парушэнні падчас датэрміновых выбараў, Лідзія Ярмошына паведаміла, што ніякіх надзвычайных здарэнняў не фіксавалася. Як праінфармавала старшыня ЦВК, па звестках МУС і МНС, гэтай ноччу ніякіх здарэнняў, што пагражалі б бяспецы выбарчых участкаў, не зафіксавана.

12.00.

У адным з раёнаў Гродзенскай вобласці былі развешаны лістоўкі аб «пераносе выбарчых участкаў». Пра гэта паведамляе Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, падчас прэс-канферэнцыі ў Інфармацыйным цэнтры апоўдні. Як адзначыў падчас відэасувязі старшыня Гродзенскай абласной камісіі Валерый Саўко, інфармацыя пра перанос выбарчых участкаў непраўдзівая, яна мае правакацыйны характар.

Адказваючы на пытанне пра тое, што сёння яе хвалюе больш за ўсё, Лідзія Ярмошына прызналася: яна турбуецца, каб на працягу дня не было правакацый, канфліктаў.

Бліжэй да гадзіны дня рэсурс Vуbоrу2015.bу абнародуе інфармацыю пра тое, што па краіне прагаласавалі ўжо 51,20% выбаршчыкаў. Выбары адбыліся.

12-47

12-47

 

14.00.

Галоўная навіна, пра якую паведаміў Мікалай Лазавік, сакратар ЦВК, — у абласцях прагаласавала 51,2% выбаршчыкаў, у Мінску — 39,29%. Паводле апошніх удакладненых звестак, колькасць акрэдытаваных нацыянальных назіральнікаў — 43 571. Значыць, у сярэднім па 7 чалавек на кожным выбарчым участку. Хоць у горадзе Мінску іх канцэнтрацыя часам удвая большая — да 15 чалавек.

На працягу гадзіны лічба ўдакладняецца. Усяго па рэспубліцы прагаласавала 64,9% выбаршчыкаў. Лідар — Гомельская вобласць (73,86%). У Мінску прагаласавалі 52%.

Адбылося прамое ўключэнне са старшынёй Мінскай абласной выбарчай камісіі Віктарам Хацеевым. Па яго словах, усяго ў вобласці працуе больш за адну тысячу ўчасткаў. Маніторынг працэсу галасавання праводзяць 5767 нацыянальных назіральнікаў, а таксама больш за 100 міжнародных. Узровень яўкі дастаткова добры. Ужо на датэрміновым галасаванні прагаласавалі 36,9% выбаршчыкаў.

Падчас прэс-канферэнцыі Мікалай Лазавік заявіў, што з'яўляецца прыхільнікам мажарытарнай сістэмы: «Гэтае пытанне даволі дыскусійнае. Мы нават разыходзімся ў поглядах на гэтую праблему з маёй непасрэднай кіраўніцай — Лідзіяй Міхайлаўнай Ярмошынай. Скажу адназначна: я заўзяты прыхільнік мажарытарнай сістэмы, калі выбаршчык галасуе за канкрэтную асобу». Гэтае пытанне было зададзена ў сувязі з выказваннем кандыдата ў Прэзідэнты Мікалая Улаховіча пра магчымасць партыйнай сістэмы прасоўваць партыі і іх лідараў.

16.00

Лідзія Ярмошына паведаміла, што асноўныя скаргі, якія паступаюць у ЦВК, датычацца памылак у складанні спісаў выбаршчыкаў і галасавання па месцах часовага знаходжання. Таксама ёсць скаргі і ад назіральнікаў. У Віцебскай вобласці, напрыклад, адзін з іх зарэгістраваўся на трох участках. Падчас апячатвання урнаў яго не было ні на адным. Таму ад назіральніка паступіла скарга, што яго не папярэдзілі, калі будзе адбывацца апячатванне. Але гэтая працэдура адбываецца заўжды ў адзін і той жа час.

Лідзія Міхайлаўна пракаментавала таксама галасаванне на замежных участках. «Паводле звестак на 14.00, прагаласавала 66,8%», — сказала яна. Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, іх вынікі не маюць вырашальнага значэння, бо выбаршчыкаў за мяжой даволі мала, але такое галасаванне дапамагае «падтрымліваць сувязь з суайчыннікамі».

Яна таксама пацвердзіла інфармацыю, што на некаторых участках краіны (большасць — у Мінску), былі правакацыі ад назіральнікаў. Пакуль ЦВК не прымае мер і лічыць, што спакойна правесці выбары больш важна.

18.00

Мікалай Лазавік выказаў задаволенасць добрай яўкай выбаршчыкаў. «Мы ўжо ведаем, хто заняў першае месца з кандыдатаў, хто — другое, хто — трэцяе, хто — чацвёртае», — кажа сакратар ЦВК пра галасаванне ў бальніцах, якое ўжо закончылася, і абяцае абнародаваць гэтыя вынікі пасля закрыцця ўчасткаў. Ён растлумачыў, што калі загадзя абвясціць гэтыя звесткі, то гэта можа схіліць тых, хто яшчэ не прагаласаваў, на пэўны бок.

Сакратар ЦВК паведаміў, што скаргі ў камісію паступалі, але яны не павінны паўплываць на вынікі выбараў. На пытанне замежных СМІ пра тое, як удаецца забяспечыць такую высокую яўку на датэрміновым галасаванні, Мікалай Лазавік адказаў, што поспех забяспечыла добрая арганізацыя — людзі ведалі пра выбары і адказна аднесліся да галасавання. Ён таксама падзякаваў СМІ, якія належным чынам асвятлялі выбарчую кампанію.

Карэспандэнтка «Звязды» задала пытанне аб правакацыях. Сакратар ЦВК прывёў у прыклад інтэрнэт-выданне, якое стварыла надуманую праблему са студэнтамі, нібыта тыя жадаюць прагаласаваць па месцы пастаяннай рэгістрацыі, а не часовай. Яшчэ адно СМІ прадставілася пад іншым імем. Аднак гэта не крытычна, лічыць ён.

Мікалай Лазавік пракаментаваў пазбаўленне акрэдытацыі назіральніка, які арганізаваў анлайн-трансляцыю з участка. «Калі вы сочыце за захаваннем закону, то падпарадкоўвайцеся яму», — сказаў ён. Калі б назіральнік спытаў дазвол, то, магчыма, яму б і дазволілі здымаць. Але ён вёў рэпартаж таемна, а гэта ўжо недапушчальна.

20.15.

Пасля закрыцця ўчасткаў па ўсёй краіне Лідзія Ярмошына агучыла першыя папярэднія звесткі з выбараў кіраўніка дзяржавы. 59 тысяч выбаршчыкаў з нашай краіны галасавалі сёлета на закрытых участках: у санаторыях, бальніцах, дамах адпачынку, а таксама ў арміі. 89% з іх (прыкладна 53 тысячы) аддалі свае галасы за Аляксандра Лукашэнку, звыш 2100 выбаршчыкаў прагаласавалі супраць усіх, на трэцім месцы — Таццяна Караткевіч.

Паводле звестак экзітпола, праведзенага Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі, Аляксандр Лукашэнка перамагае на выбарах і набірае 82,9% галасоў. На другім месцы — Сяргей Гайдукевіч з 4,8% галасоў, на трэцім — Таццяна Караткевіч (4,3%), а Мікалай Улаховіч набраў 2,1%. Супраць усіх — 5,9%. Было апытана прыкладна 10 тысяч рэспандэнтаў.

У экзітполе «Еўразійскага барометра» (штаб-кватэра ў Вене) прынялі ўдзел амаль 12 тысяч выбаршчыкаў. 303 выбарчыя ўчасткі наведалі супрацоўнікі гэтай арганізацыі. На экзітполах сацыялагічнай службы працавала звыш 900 інтэрв'юераў. Вынікі экзітпола ад гэтай арганізацыі: Аляксандр Лукашэнка набірае 80,3%, Таццяна Караткевіч — 5,6%, Сяргей Гайдукевіч — 5,1%, Мікалай Улаховіч — 1,9%. Супраць усіх прагаласавалі 7,1% выбаршчыкаў.

Маладзёжная лабараторыя сацыяльных даследаванняў агучыла такія вынікі экзітпола: Сяргей Гайдукевіч — 5,2%, Таццяна Караткевіч — 4,2%, Аляксандр Лукашэнка — 84,1%, Мікалай Улаховіч — 1,4%, супраць усіх — 4,4%. Усяго гэтая арганізацыя апытала 30 тысяч чалавек.

Вольга Мядведзева, Вераніка Пуставіт, Надзея Юшкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?