Вы тут

Галасуюць рэгіёны


8.00. Мінск, выбарчы ўчастак №73 З асаблівай дысцыплінай. У 8 раніцы ўчастак для галасавання №73, які знаходзіцца ў 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай Рагачоўскай брыгадзе, гатовы прымаць выбаршчыкаў. Прасторнае памяшканне, сталы для членаў камісіі, назіральнікаў і старшыні з сакратаром. Дывановая дарожка ад сталоў вядзе да трох кабінак, завешаных чырвонымі фіранкамі. Перад імі па цэнтры ўрачыста выстаўлена празрыстая урна для бюлетэняў. Адметна, што перад сталамі, дзе выбаршчыкі атрымліваюць бланкі, крэслы стаяць толькі там, дзе пазначаны адрасы. А насупраць сталоў з нумарамі вайсковых часцей месцаў для сядзення няма — вось яна, ваенная дысцыпліна! 12-40

Адразу пасля адкрыцця аддаць свой голас на выбарах прыйшло некалькі радавых. «Галасаваць?» — сустракалі іх пытаннем члены камісіі. «Так точна!» — чулася ў адказ. «Якая часць?» Салдаты падыходзілі, засяроджана прад'яўлялі членам камісіі пашпарты, бралі бюлетэні, на хвіліну знікалі ў чырвоных кабінках, гэтак жа сур'ёзна ўкідвалі аркуш са сваім выбарам ва урну і моўчкі сыходзілі. Сур'ёзную салдацкую атмасферу раз-пораз разраджаў сваімі рэплікамі старшыня камісіі. Першым, хто прагаласаваў, стаў гвардыі радавы батарэі ўпраўлення артылерыйскай разведкі вайсковай часці Яўген Пячкоўскі. Хлопец прызнаўся, што прыйшоў на ўчастак у добрым настроі, а прагаласаваць так рана захацеў, каб засталося больш вольнага часу ў выхадны дзень. Ды і чаго адкладваць, калі даўно ўжо вырашыў, куды паставіць «птушачку» ў бюлетэні. — Наш участак прымае не толькі ваеннаслужачых тэрміновай службы, але і грамадзянскае насельніцтва, — расказаў старшыня ўчастковай выбарчай камісіі палкоўнік Сяргей ВАРАНОВІЧ. 

— Выбары праходзяць у нас празрыста, галосна, ніякіх заўваг як з боку назіральнікаў, так і з боку насельніцтва не было прад'яўлена, усё ідзе ў межах выбарчага заканадаўства. — Галасаваць трэба ў любым выпадку: гэта справа хоць добраахвотная, але ж грамадзянскі абавязак, — мяркуе радавы Павел Сілівончык, які таксама прыйшоў на ўчастак, каб аддаць свой голас. Праз паўгадзіны працы ўчастка сталі прыходзіць не толькі людзі ў форме, але і цывільныя. Пераважна пажылыя пары. Але нават сярод іх аказвалася нямала ваенных. Не дзіўна, бо брыгада знаходзіцца на тэрыторыі былога закрытага ваеннага гарадка, таму жывуць тут у большасці вайскоўцы. — Мы прыйшлі зрабіць выбар за родную Беларусь. Мы заўсёды рады гэтаму дню, і зычым усім, каб усё было цудоўна і каб быў мір на нашай зямлі! Гэта самае галоўнае, — гаворыць Міхаіл Серафімавіч Прока, які прыйшоў на ўчастак з жонкай. Сярод тых, хто прыйшоў галасаваць у першую гадзіну, былі і сем'і ваенных, але асабліва з іх вылучылася яшчэ адна пара. Старая ўжо жанчына вяла пад руку мужа. Яму было складана ісці, але ён усё адно прыйшоў і аддаў свой голас. Абое нетаропка і ўрачыста ўкідвалі бюлетэні ва урну, бо вырашаць лёс краіны — справа сур'ёзная і мітусні не церпіць.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН  

8.00 — 10.30. Слаўгарадскі раён З усведамленнем адказнасці за выбар. 12-36

8.00. Слаўгарадскі ўчастак для галасавання №1 размешчаны ў актавай зале сярэдняй школы №1. Ён абслугоўвае больш як 2000 выбаршчыкаў — трэцюю частку насельніцтва Слаўгарада. Каля 600 чалавек ужо прагаласавалі датэрмінова. Участак святочна аформлены, з раніцы тут іграе бадзёрая музыка, з дынамікаў аптымістычна спявае Анжаліка Агурбаш пра Белую Русь. Народ ідзе бесперапынна. Галасаванне толькі пачалося, а ўчастак паспелі наведаць ужо каля 20 чалавек. Гэта ў асноўным тыя, хто адпрацаваў начную змену і з раніцы вырашыў выканаць свой грамадзянскі абавязак. — Спачатку вырашыў зайсці на ўчастак, а потым дамоў, — кажа Мікалай Мельніцкі. — Упэўнены, што мой голас можа паўплываць на будучыню краіны. — Мы нядрэнна жывём, чакаю, што будзем яшчэ лепей, — спадзяецца выбаршчыца Святлана Сцепаненка. Марыя і Дзяніс Краўцовы выхоўваюць дваіх непаўналетніх дзяцей. Як маладая сем'я, клапоцяцца аб лепшай будучыні для сваіх маленькіх Даміры і Віталіны і лічаць, што менавіта ад неабыякавай пазіцыі іх бацькоў шмат што залежыць. Лёля Іванаўна Бакушава прыехала на ўчастак разам з сынам, нявесткай і маленькімі ўнукамі. «Мне цяжка хадзіць, але цікава самастойна пабываць на ўчастку, — кажа яна. — Наогул, аддаць свой голас для ўсёй нашай вялікай сям'і — справа першай неабходнасці. Трэба зрабіць усё, каб над нашымі галовамі заставалася мірнае неба». — Людзі падыходзяць да сваёй місіі адказна, — кажа дырэктар школы №1, а па сумяшчальніцтве старшыня ўчастковай камісіі Ігар Кавалёў. — На датэрміновых выбарах адна жанчына спачатку азнаёмілася з размешчанай на стэндзе інфармацыяй пра кожнага кандыдата ў Прэзідэнты, потым падышла да нас, узяла бюлетэнь і кажа: «Гэта так добра, што ў нас усё мірна, што дзеці маюць магчымасць жыць спакойна». Актыўна ідуць на выбары пенсіянеры, нават зусім старыя. Дарэчы, для тых, у каго дрэнны зрок, мы падрыхтавалі лупы, а для зусім невідушчых ёсць спецыяльныя трафарэты з інфармацыяй па Брайлю. Выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, людзі накіроўваюцца ў буфет, дзе вельмі шырокі выбар кулінарнай прадукцыі. — Цэны на ўласную прадукцыю ў нас сёння зніжаны на 30-50%, — кажа начальнік аддзялення грамадскага харчавання Слаўгарадскага райпа Алена Цярэшчанка. — На ўсіх 16 выбарчых участках працуюць нашы буфеты або крамы.

8.30. Кастрычніцкі ўчастак для галасавання №4. Ён знаходзіцца ў Слаўгарадзе амаль па суседстве са школай №1. Тут будучага кіраўніка краіны выбіраюць жыхары 16 навакольных вёсак. Пакуль паспелі прагаласаваць сужэнцы Яшкіны з вёскі Міхайлова. Усяго на ўчастку 504 выбаршчыкі. Некалькі машын з членамі камісіі адправіліся ў аддаленыя вёскі, каб наведаць жыхароў дома. Гэта інваліды, старыя, хворыя — усе тыя, хто пажадаў, каб іх наведалі. Іх прозвішчы занесены ў асобны спіс. Для астатніх арганізаваны падвоз. — На выбарчых участках праходзяць канцэрты мастацкай самадзейнасці, праводзяцца кінасеансы, — адзначыла намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Святлана Язерская. — Дзе і ў які час яны праводзяцца, насельніцтва загадзя праінфармавана праз сродкі масавай інфармацыі. Мы не ўмешваемся ў працэс выбараў, назіраем толькі за тым, каб выконвалася культурная праграма і своечасова ажыццяўляўся падвоз прадукцыі ў буфеты.

9.45. Васькавіцкі ўчастак для галасавання №14, які знаходзіцца ў аграгарадку Папоўка. Яшчэ на вуліцы знаёмімся з 79-гадовай Тамарай Кісялёвай, якая ідзе, абапіраючыся на два кійкі. Яна адмовілася ад галасавання дома. Лічыць, што яшчэ мае сілы самастойна прыйсці на ўчастак. Тым больш што жыве непадалёк. — Ад выбараў чакаю аднаго — міру для сваіх дзетак, унукаў і праўнукаў, якіх у мяне ўжо 10, — падкрэсліла яна. Вадзім Панамароў жыве ў Рудні і галасаваць прыехаў разам са сваёй сяброўкай Аленай. «Хочацца, каб нешта змянілася ў адукацыі, — падзяліліся яны спадзяваннямі. — Нездарма ж наша краіна далучылася да Балонскага працэсу».

10.00. Вёска Рудня Слаўгарадскага раёна. Члены выбарчай камісіі наведваюць Таццяну Гаварушкіну. Пенсіянерка жыве адна і выказала жаданне прагаласаваць дома. Ёй раяць прайсці ў суседні пакой, каб ніхто не бачыў, насупраць якога прозвішча яна паставіць галачку, але жанчына рашуча адмаўляецца, спасылаючыся на тое, што яна даўно вызначылася са сваім выбарам і ёй не трэба хавацца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by  

8.40. Віцебск, выбарчы ўчастак №55 «Галоўнае — здароўе, і каб у краіне ўсё добра было». У віцебскую гарадскую клінічную бальніцу №1 карэспандэнт «Звязды» прыйшоў прыкладна за 20 хвілін да адкрыцця ўчастка — у 7.41 раніцы. На гэтым участку выбаршчыкі — толькі грамадзяне, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні. — На сёння ў нашай медыцынскай установе ў спісе выбаршчыкаў 94 чалавекі. Усяго разам з тымі, каго шпіталізавалі ўчора, а калі здарыцца такое, то і сёння, думаю, будзе каля 120. Члены камісіі абавязкова цікавяцца, ці не прымалі ўдзел гэтыя грамадзяне ў датэрміновым галасаванні. Каб не атрымалася, што голас за нейкага з кандыдатаў аддалі двойчы. У гэтым кабінеце выканаюць свой грамадзянскі абавязак большасць з выбаршчыкаў. Тым, хто па стане здароўя не можа рухацца, прынясуць скрыначкі для галасавання прама ў палату, — распавядае Дзмітрый Казлоўскі, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі №55 Кастрычніцкага раёна г. Віцебска, галоўны ўрач бальніцы. За некалькі хвілін да афіцыйнага адкрыцця ўчастка туды зайшлі першыя выбаршчыкі. Працэдура галасавання нічым не адрозніваецца ад іншых участкаў. Члены камісіі знаходзяць прозвішча выбаршчыка ў спісе, просяць прад'явіць дакумент, які пацвярджае асобу. Запаўненне бюлетэня адбываецца ў імправізаванай кабінцы... Побач — празрыстая урна. За парадкам сочыць міліцыянер. Пацыенты задаволеныя, што сваё канстытуцыйнае права могуць рэалізаваць нават у бальнічнай палаце. — Першы раз галасую не дома. Трапіў у бальніцу, а прагаласаваць жа трэба ўсё роўна. І добра, што ёсць такая магчымасць, — гаворыць пенсіянер Міхаіл Васільевіч Патапенка. — Я працую на абутковым прадпрыемстве «Марка». Для мяне такое галасаванне — у бальніцы — упершыню. Але ж усё тое самае, як і на звычайным участку. Толькі, бадай, гандлю няма, — адзначыла рабочая Ірына Міхайлаўна Духовіч.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanski@zviazda.by

9.30. Гродна, выбарчы ўчастак №10 Асэнсавана і са сфарміраваным поглядам. Гімназія №10, дзе знаходзіцца выбарчы ўчастак з такой жа лічбай — гэта адна з найстарэйшых навучальных устаноў Гродзеншчыны, летась ёй споўнілася 70 гадоў. Зразумела, што размяшчэнне ўчастка ў гістарычным цэнтры горада над Нёманам пэўным чынам адбіваецца і на складзе выбаршчыкаў. Пры гэтым старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Алена ЗІНЧУК зазначае, што актыўную грамадзянскую пазіцыю праяўляюць не толькі выбаршчыкі з вялікім жыццёвым і працоўным вопытам, але і людзі маладога і сярэдняга ўзросту. Яны актыўна ўдзельнічалі і ў датэрміновым галасаванні, і з самага яго пачатку ў асноўны дзень выбараў. — У гэтым з першага дня галасавання ёсць магчымасць пераканацца ўсім назіральнікам за ходам выбараў. Яны кантралююць усе пратаколы, лічбы, якія ім неабходна ведаць. Ніякіх парушэнняў не выяўлена, — паведаміла Алена Андрэеўна. З боку назіральнікаў было некалькі пытанняў арганізацыйнага плана. У прыватнасці наконт дакладных лічбаў выбаршчыкаў і акрэдытаваных назіральнікаў. Вольга РУДАЯ, назіральніца ад грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын»: — Усё адбываецца згодна з Выбарчым кодэксам. Людзі прыходзяць і выказваюць сваю думку, прычым ніхто іх перад гэтым ніяк не схіляе да выбару. Хачу адзначыць, што выбаршчыкі прыходзяць на ўчастак з поглядам, які ў іх ужо сфарміраваўся — яны не шукаюць вачыма інфармацыю аб кандыдатах, не звяртаюцца па нейкія падказкі. Дзіна ПАНАСЕВІЧ, назіральніца ад працоўнага калектыву: — Я тут з першага дня галасавання, і ніякіх парушэнняў не было. Пануе вельмі камфортная, добразычлівая атмасфера. А вось думка пенсіянера, педагога па адукацыі Валянціна Аляксандравіча ЛЫТНЕВА: — Прыйшоў на выбары з добрым настроем, каб і мой голас садзейнічаў далейшаму развіццю нашай краіны. Веру, што ў нас будзе добра. Дарэчы, да ўвагі выбаршчыка.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

11.00. Аграгарадок Сёмкава, Мінскі раён, участак №77 Галасавалі разам з кандыдатам. У гэты час тут шмат людзей. Многія галасуюць сем'ямі. Вольга і Сяргей Жолудавы прывялі з сабой дзяцей — Дар'ю і Арыну. — Мы жывём у вёсцы Сёмкава, працуем тут на фабрыцы мяккіх цацак. Не прапусцілі ніводных прэзідэнцкіх выбараў. Прыйшлі чарговы раз прагаласаваць за сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей, — гаворыць Сяргей Уладзіміравіч. — Дзяцей узялі з сабой, каб на сваім прыкладзе з маленства выхаваць у іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, — сцвярджаюць муж і жонка. Усяго на ўчастку зарэгістравана 2520 выбаршчыкаў. І па колькасці выбаршчыкаў, і па тэрыторыі ён самы вялікі ў Папярнянскім сельсавеце Мінскага раёна. Датэрмінова тут прагаласавалі 30% ад агульнай колькасці. — Жыхары аграгарадка Сёмкава і навакольных вёсак ідуць галасаваць з самай раніцы, — расказала старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Ніна Маранкова. — На тэрыторыі выбарчага ўчастка размешчаны санаторый «Прыморскі», з якога 22 адпачывальнікі выказалі жаданне прагаласаваць у нас. Нам падалі спіс ахвотных, завераны галоўным урачом установы, і людзі змаглі выканаць свой грамадзянскі абавязак на нашым участку. У аграгарадку Сёмкава, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, ёсць усё неабходнае для жыцця: некалькі гандлёвых крам, сярэдняя школа, пошта, комплексны прыёмны пункт, амбулаторыя, вядзецца жыллёвае будаўніцтва. Летась здалі дом для настаўнікаў, на чарзе — наступны. А прыйшлі выбаршчыкі, па іх словах, аддаць свой голас за праграму самага дастойнага кандыдата, каб жыць яшчэ лепш і заможней. Некаторыя казалі, што ім вельмі прыемна, што адзін з кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі — Сяргей Гайдукевіч зарэгістраваны ў аграгарадку Сёмкава.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by  

11.30. Гомель, выбарчы ўчастак №26 Навасёлы спадзяюцца, што іх дзецям будзе ўтульна жыць у сваёй краіне. Выбарчы ўчастак №26 знаходзіцца ў адзінай у абласным цэнтры ўстанове адукацыі, якая сумяшчае яслі, дзіцячы садок і сярэднюю школу №73. Дарэчы, у будынку ў дзень выбараў працуюць адразу тры ўчасткі для галасавання. Тут галасуюць людзі, якія жывуць у зусім новым, 104-м мікрараёне Гомеля, на вуліцах Оськіна і Дуброўнай. Выбаршчыкаў на ўчастку ў гэты час багата, але чэргаў няма. Алена Капа, старшыня выбарчай камісіі, імкнецца пагутарыць з народам, а малым, якія прыходзяць з бацькамі, шчодра раздае цукеркі. Гаворыць, што многія дзеці з цікавасцю назіраюць, як бацькі запаўняць бюлетэні, і нават імкнуцца дапамагчы дарослым. Рэклама ў СМІ сваю справу зрабіла. — Людзі ўсёй сям'ёй прыходзяць на выбары, з добрым настроем, усе ўсміхаюцца. У нас на ўчастку датэрмінова прагаласавала 33% выбаршчыкаў. Вельмі многа людзей прыйшлі ў суботу. У нас побач некалькі вялікіх медыцынскіх цэнтраў — многія працуюць у дзень выбараў. Прыходзілі датэрмінова і тыя, хто завяршае ў нядзелю дачны сезон або ад'язджае ў вёску да сваякоў. На ўчастку шмат наглядальнікаў — прадстаўнікі ад прафсаюзаў, грамадскіх аб'яднанняў, партый. Цікаўлюся ў бацькі, што прыйшоў галасаваць разам з сынам-школьнікам, з якім настроем прыйшлі на выбары. — Мяне завуць Косця Міхальцоў, а гэта мой тата Дзмітрый, — смела прадстаўляецца хлопчык. — Мы заўсёды на выбары з сынам ходзім, каб у 18 гадоў ён ведаў, як галасаваць. Спадзяёмся на стабільнасць у краіне: мне здаецца, што гэта вельмі важна для ўсіх. Любоў Кузьмінічна Шышова, якой 74 гады, таксама ніколі не прапускае дзень галасавання. Жанчыне не вельмі проста хадзіць, і ёй прапаноўвалі прыехаць па месцы пражывання. Але ж пенсіянерка ўпэўнена кажа: пакуль магу сама рухацца, буду прыходзіць на выбары. Праблемы новабудоўлі агульныя: не вельмі развітая інфраструктура. Маладыя людзі, якія тут жывуць, вельмі спадзяюцца, што сітуацыя ў краіне будзе развівацца станоўча і ўхуткім часе побач з іх новымі дамамі з'явяцца і вялікія крамы, і аптэкі, і дзіцячыя пляцоўкі, і спартыўныя залы. Пра гэта гавораць мне сужэнцы Андрэй і Надзея Фраловы, якія прыйшлі на выбары разам са сваімі маленькімі дачушкамі Дашай і Кацяй: — Вельмі хацелася б, каб нас не закранулі беспрацоўе і няўпэўненасць у будучыні. Мы спадзяёмся, што нашым дзецям будзе ўтульна жыць у нашай краіне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Фота аўтара іоst@zvіаzdа.bу  

15.30. Брэст, школа-сад №7, выбарчы ўчастак №70 Актыўнасць усіх пакаленняў. 12-37

Першымі, каго ваш карэспандэнт сустрэла на выбарчым участку, была сям'я Васілюкоў. Дзмітрый і Вольга прыйшлі на выбары з сынамі — шасцігадовым Кірылам і маленькім Паўлам. Як яны самі пра сябе сказалі, тыповая беларуская сям'я. Вольга — настаўніца, цяпер у дэкрэтным водпуску, Дзмітрый працуе ў сістэме інкасацыі банка. — У нашага таты выхадны, што не часта здараецца ў нядзелю, — гаворыць Вольга Сцяпанаўна, — таму мы даўно вырашылі, што на выбары пойдзем ўсёй сям'ёй. Некалі мы малыя ў дзень галасавання абавязкова хадзілі на ўчастак са сваімі бацькамі, а цяпер прыйшла наша чарга выбіраць будучыню сваіх дзяцей, што мы і робім. Толькі Васілюкі пакінулі ўчастак, як падышла яшчэ адна маладая сям'я. Сяргей і Вікторыя Дзерунец прыйшлі з дачушкай Аляксандрай. Гэта іх першыя выбары, у якіх яны ўдзельнічаюць сям'ёй. Віншую з гэтай падзеяй Сяргея і Вікторыю і накіроўваюся з членамі камісіі Яўгеніяй Чарнецкай і Валянцінай Кароль з урнай па кватэрах. Папярэдне па тэлефоне папрасілі прадаставіць магчымасць прагаласаваць дома 16 грамадзян. Паднімаемся у адну з кватэр дома па Луцкай, 52. Нам адчыняе прыветлівая гаспадыня Валянціна Стаханава, у якой на руках двое ляжачых хворых: муж і маці. 83-гадовая Раіса Мікалаеўна Прохарава апошнія гады не ўстае з пасцелі. Але ўдзел у выбарах лічыць сваім галоўным грамадзянскім абавязкам. Раіса Мікалаеўна, заслужаная настаўніца БССР, 50 гадоў аддала педагагічнай працы, акрамя таго, вырасціла сваіх цудоўных дзяцей. Настаўніца-пенсіянерка сказала, што яна галасуе за шчаслівую будучыню дзяцей і ўнукаў, за далейшы росквіт краіны. Дома прагаласаваў і муж гаспадыні Віктар Уладзіміравіч, які па стане здароўя на ўчастак прыбыць не можа. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Ганна АМЕЛЬЯНЧУК паведаміла, што да 14 гадзін 30 мінут прагаласавала 62,4 працэнта выбаршчыкаў. Паводле назірання Ганны Мікалаеўны (яна і на мінулых прэзідэнцкіх выбарах працавала ў гэтай камісіі), сёлета людзі праяўляюць большую актыўнасць, чым нават на выбарах 2010 года. На яе думку, адыграў сваю ролю ўкраінскі фактар, у мікрараёне Кавалёва, дзе размешчаны 70-ты ўчастак, пражывае многа выхадцаў з Украіны. «А яшчэ, — адзначыла Ганна Амельянчук, людзі ўсведамляюць, што ад іх голасу залежыць будучыня краіны. Актыўнасць праяўляюць як пенсіянеры, так і сярэдняе пакаленне, і моладзь. Сёння прыйшлі 18 чалавек, якія галасуюць упершыню. І атрымалі ад нас віншаванне».

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Фота аўтара yackevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.