Вы тут

Рэальныя гістарычныя асобы працуюць на сучасны нацыянальны тэатр


Дзякуй Богу, іх у нас шмат — тых асоб, якіх можна ўшанаваць у мастацкіх творах, праз дзейнасць якіх асэнсаваць лёс краіны, з якіх браць прыклад у сваім жыцці. Яны шмат што могуць нават цяпер, калі падумаць. Ці калі паглядзець — ну хоць бы на афішы беларускіх тэатраў. Яны нават могуць быць выратаваннем для айчыннага тэатра: варта палічыць, колькі твораў з сучаснай драматургіі прысвечана рэальным асобам.

12-21

У сярэдзіне 90-х гадоў быў створаны балет «Страсці» на музыку Андрэя Мдзівані ў пастаноўцы Валянціна Елізар'ева. Рагнеда ажыла: адна справа чытаць пра яе ў падручніках (ды калі тое было), іншая — суперажываць у тыя драматычныя моманты, калі разам з ёй разбіваліся надзеі яе радзімы. Нездарма яна прыйшла і ў драматычны тэатр разам са спектаклем «Палачанка» Аляксея Дударава ў пастаноўцы Андрэя Андросіка. Аляксей Дудараў стаў аўтарам і «Чорнай панны Нясвіжа», і «Князя Вітаўта» ў Купалаўскім тэатры. Апошні герой нават меў свой трыумф у сучаснай Беларусі. Паводле лібрэта Дударава кампазітар Вячаслаў Кузняцоў напісаў балет «Вітаўт». Нацыянальная тэма прынесла стваральнікам спектакля і Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Можа быць, поспех натхніў кампазітара і тэатр на чарговую задуму — нас чакае балет пра гераіню фільма «Соф'я Слуцкая», рэальную князёўну.

Нацыянальная тэма, аказалася, даволі запатрабаваная гледачом. З аднаго боку — гістарычныя пастаноўкі, як правіла, уражваюць дэкарацыямі і касцюмамі. Але ж ёсць яшчэ адзін момант: калі яны могуць дапамагчы зразумець сучасныя падзеі ці крыніцы шмат якіх праблем, з якімі сутыкнулася нацыя ў працэсе станаўлення. Гэта значыць, звяртаюць пытанні ўжо ў сучаснасць, да нас. Дзеля гэтага нават у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага яго кіраўнік Сяргей Кавальчык паставіў спектакль «Пане Каханку» (драматургія А. Курэйчыка). І аказалася — нацыянальная гісторыя і наогул нацыянальная тэма не проста дапамагае тэатру апраўдваць сваё званне, але і прыцягваць людзей у залу. І можна здзіўляцца: чаму так атрымліваецца, за кошт чаго? Можа быць, асобы, іх учынкі, поспехі ці нават пакуты мелі сэнс, які больш выразна бачыцца на адлегласці? Ці яны самі па сабе каштоўныя ў любой пастаноўцы — і пра што яшчэ трэба думаць, калі сама тэма дапамагае выбудоўваць светапогляд людзей?

Тут варта ўзгадаць леташнюю прэм'еру тэатра імя Горкага: спектакль «Пясняр» (драматургія В. Дранько-Майсюка, пастаноўка В. Ераньковай) звяртае да адной з тых асоб, якія стваралі Беларусь за савецкім часам, у ХХ стагоддзі. Але калі разабрацца, то любяць яе якраз таму, што справа аказалася вельмі яркай. Гэта, напэўна, дадавала асаблівую адказнасць стваральнікам: Уладзіміра Мулявіна яшчэ добра памятаюць і любяць. Але гэтая п'еса паказвае некалькі Песняроў, імя кожнага вартае асаблівага твора. Таму з'явілася пытанне да стваральнікаў гэтага спектакля: чым выклікана запатрабаванасць герояў гісторыі ў тэатры?

Драматург Васіль Дранько-Майсюк:

— Таму што і нашаму тэатру, і не толькі, заўсёды цікава выбраць героя. А асабліва пераканаўча ён паўстае тады, калі гэты герой не проста выдуманы ці казачны, а ён быў насамрэч, ёсць рэальныя факты з яго жыцця. У кантэксце народаў ці нацый такія героі асабліва важныя. Нездарма першай расійскай нацыянальнай операй лічаць «Жыццё за цара» Міхаіла Глінкі, дзе героем быў Іван Сусанін, рэальны чалавек, ператвораны дзякуючы мастацтву ў героя. Ва ўсіх краінах у пэўны час, калі трэба нацыю кансалідаваць ці нагадаць пра сябе, ствараюцца такія пастаноўкі.

У нас сапраўды рэальных герояў больш чым адзін. Але ўсё вырашае кампазіцыя п'есы, калі ў цэнтры адзін персанаж, які не хоча быць Песняром, а хоча забыць сваё «песняроўства», бо гэта вельмі пакутлівы шлях. Іншыя Песняры, якія з'яўляюцца, — гэта яго анёлы-ахоўнікі: іх задача зрабіць так, каб герой зноў успомніў, хто ён ёсць. Кожны з рэальных герояў па-свойму цікавы і нясе пэўную думку. Мне здаецца, што многія творчыя людзі адзінокія. Іх лепшыя сябры, людзі, з кім ім было б камфортней, або ўжо адышлі, або іх наогул няма. Духоўныя сябры Мулявіна — Купала, Колас, нашы паэты, на чые вершы ён ствараў свае незвычайныя песні. Мне хацелася, каб яны сустрэліся, таму што Уладзімір Мулявін, як вядома, вельмі любіў Купалу. Яго музыка па драматызме роўная гучанню паэзіі Купалы ці Коласа. Трэба было прыдумаць ход, дзякуючы якому яны маглі б сустрэцца. Ход быў пададзены менавіта праз трагічны факт, калі Уладзімір Георгіевіч быў паміж жыццём і смерцю, і ў такім памежным стане ён сустракаецца з паэтамі-Песнярамі, каб пасля застацца з імі назаўсёды. Гэтую форму выбраў я сам. Рэжысёр выказвала заўвагі і прапановы, якія ўлічваліся, пераасэнсоўваліся. Стваральнікі спектакля выбіралі з некалькіх варыянтаў п'есы, таму што хацелі, каб у ім гучалі кампазіцыі «Песняроў». Напрыклад, я вельмі рады, што гучыць «Ой, чаму ж я стаў паэтам», якую спявае Пясняр, калі сустракаецца з Багдановічам: песня нідзе не запісана, яе толькі на відэа можна знайсці. Некаторыя творы бліскучыя, аздабляюць пастаноўку. Я, напрыклад, не вялікі аматар песні «Крык птушкі», але яна тут апраўдана драматургічна. Песень гучыць вельмі шмат, нядаўна я пераглядваў спектакль і зразумеў, што канкрэтна для гэтага сцэнічнага твора іх столькі, колькі трэба.

Аб тым, ці лічыць Васіль Дранько-Майсюк удалым свой першы вялікі тэатральны вопыт, можна меркаваць па жаданні працягваць пісаць п'есы, дзе ажываюць асобы з рэальнай гісторыі. Аказалася, што яго ўжо не спыніць, не стрымаць:

— Толькі што напісаў п'есу «Сатурніянка», дзе галоўны герой — малады рэжысёр, які павінен паставіць спектакль пра Язэпа Драздовіча. Пра яго каханне да таямнічай Сатурніянкі, якая да яго прыходзіла, з якой яны танцавалі фантастычныя вальсы. Там ёсць паэт Міхась Машара, прадстаўнік зямной грубай сілы. І Леў з дывана мастачкі Алены Кіш. Спадзяюся, які-небудзь беларускі тэатр гэтай п'есай зацікавіцца.

Насамрэч, каб паўстаў спектакль, мала адной п'есы, патрэбна жаданне рэжысёра яе паставіць і воля тэатра бачыць такі спектакль у сваёй афішы.

Рэжысёр спектакля «Пясняр» Валянціна Еранькова, якой належала ідэя паставіць спектакль пра Уладзіміра Мулявіна, тлумачыць:

— Я веру ў знакавыя з'явы ў лёсе чалавека і лічу, што ўсё здараецца невыпадкова. На нейкія рэчы мы адгукаемся; бываюць моманты, калі спыняемся, каб штосьці асэнсаваць. Я сама не ведаю, як і чаму з'явілася ідэя ствараць спектакль пра Уладзіміра Мулявіна. Можа быць, яе паклікалі тыя мае думкі, якія назбіраліся ў сэрцы, а гэтая асоба магла (ці захацела?) мне дапамагчы іх выказаць? Гэты чалавек мяне заўсёды ўражваў: калі мы былі маладыя, то перасякаліся на сцэнічных пляцоўках, на канцэртах. Я захаплялася ім і ганарылася, што магу належаць да той культуры, якую ўвасабляюць «Песняры». Так атрымалася, што, калі я скончыла школу, мы з'ехалі ва Украіну. Але «Песняры» і іх песні прыходзілі паўсюдна, іх сталі ўспрымаць як увасабленне Беларусі. Дзякуючы ім я сэрцам стала ўспрымаць беларускую мову, адчуваць яе, яна мне спадабалася менавіта праз чысцюткае гучанне «Песняроў». Спектакль — гэта свайго роду мая падзяка гэтаму чалавеку. І калі я стала працаваць над ідэяй ажыццяўлення пастаноўкі — цікавіцца, слухаць, вяртацца ў мінулае, — то зразумела: столькі я ў жыцці прапусціла, і вось ёсць час да гэтага вярнуцца.

Я заўсёды складана стаўлюся да спектакляў ці фільмаў, прысвечаных рэальным асобам. Але калі сама стала працаваць над спектаклем «Пясняр», то зразумела, што гэта глыбока ва мне, я ўсё прапусціла праз сэрца. Адкрылася душа да той цудоўнай і багатай спадчыны, якую нам пакінулі і «Песняры» як творчы калектыў, і нашы паэты і пісьменнікі, якія натхнялі музыкаў. Гэта здолеў выказаць малады драматург Васіль Дранько-Майсюк. У яго вачах, у энергетыцы была такая ж творчая апантанасць. Прызнаюся шчыра: многія не верылі ў гэтую ідэю. Але склалася пастановачная каманда, якая давярала мне: Аляксей Еранькоў, Таццяна Лісавенка, Андрэй Меранкоў, Сяргей Жбанкоў, Аляксандр Ждановіч, Сяргей Чакерэс, Настасся Шпакоўская. У нас ва ўсіх была звышмэта і адчуванне, што нешта (ці нехта) нас вядзе. Можа, лёс кожнага з нас у гэтым пункце злучыўся. Можа, сам Мулявін апекаваўся, а можа, і ўсе Песняры Беларусі, якія ёсць у гэтым спектаклі.

Я лічу, што калі людзі сыходзяць з гэтага спектаклю са слязамі на вачах, а потым звяртаюцца да кніг, якія захацелася перачытаць, ці яшчэ раз слухаюць, як гучаць «Песняры» і спявае Мулявін, то гэта найлепшае сведчанне, што мы працавалі не дарэмна. Пасля працы над гэтым спектаклем ува мне самой шмат што ў жыцці і творчасці змянілася, гэта адбілася на грамадзянскай пазіцыі. Нейкія рэчы я раней не заўважала, а цяпер стала глыбей разумець, чым багатая наша зямля. Гэта той момант, калі пачуццё радасці жыцця ўзмацняецца адчуваннем любові да Беларусі.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.