Вы тут

Зямля і неба Фердынанда Рушчыца


У вёсцы Багданава Валожынскага раёна адбыўся мастацкі пленэр да 145-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца. У ім прынялі ўдзел мастакі Кастусь Качан, Алесь Суша, Уладзімір Васюк, Ігар Бархаткоў, Аляксандр Лубнеўскі, Уладзімір Пракапцоў, Аляксандр Грышкевіч, Уладзіслаў Петрык. Свае работы яны падораць вёсцы.

Раней прайшлі пленэр юных мастакоў-пейзажыстаў «Зямля і неба Фердынанда» і акцыя «Ноч музеяў» у Валожынскім раённым краязнаўчым музеі. Наведвальнікам былі прадстаўлены відэапрэзентацыі аб творчасці мастака, касцюмаванае шоу. У пленэры ўдзельнічалі і літоўскія дзеці з гімназіі імя Фердынанда Рушчыца, што ў горадзе Рудаміне.

Памятныя ж мерапрыемствы ў гонар мастака прадоўжацца 10 снежня. Да гэтага часу плануецца добраўпарадкаваць сямейныя могілкі Рушчыцаў, стварыць экспазіцыю, прысвечаную славутаму земляку ў памяшканні Багданаўскага аддзялення Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Фердынанд Рушчыц нарадзіўся ў 1870 годзе ў сядзібе, што стаяла на пагорку непадалёк ад вёскі Багданава. Рушчыц — знакаміты мастак-пейзажыст, графік, тэатральны дэкаратар, педагог, які пакінуў глыбокі след у мастацтве Беларусі і Польшчы. Заснаванае ў XVІ стагоддзі Багданам Сапегам памесце набыў адвакат Фердынанд Рушчыц — дзед будучага жывапісца. Двухпавярховы каменны дом змяшчаў вялікую бібліятэку, архіў, калекцыю карцін і скульптур, а таксама майстэрню мастака. Аднак жыла сям'я ў асноўным у драўляным флігелі. Улетку сядзіба напаўнялася гасцямі, родзічамі, вучнямі мастака. Станавілася цеснавата, і тады выручала «пустка», як называлі пустуючы каменны дом. Да яго падступаў парк, праз які працякаў ручай. Асаблівую чароўнасць парку надавала сажалка з востравам для баброў. На ім часта сядзеў з мальбертам Фердынанд, любуючыся старымі дубамі, клёнамі, каштанамі, ліпамі.

Сядзіба згарэла ў 1944 годзе. Да нашых дзён захаваліся толькі фундаменты панскага дома, сутарэнні, ручаёк ды старыя дрэвы. На месцы згарэўшага касцёла ў 1999-м пабудаваны новы храм святога Міхаіла Архангела. У Багданава завяршыўся зямны шлях майстра: пахавалі яго на ўскрайку вёскі, на сціплых сельскіх могілках. У 1938 годзе на магіле пастаўлены абеліск.

Фрагменты парку, месца пахавання, тэрыторыя былога касцёла, рэшткі кароўніка, што ўзведзены ў 1783 годзе, занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».