Вы тут

«Людзі тут ведаюць, што ім трэба»


Другая ў свеце жанчына-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, намеснік старшыні Камітэта Дзяржаўнай Думы па абароне Святлана САВІЦКАЯ знаходзіцца ў гэтыя дні ў Мінску ў якасці міжнароднага назіральніка ад МПА СНД і Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. У нядзелю яна падзялілася з журналістамі сваімі ўражаннямі ад выбараў Прэзідэнта: 12-30

— Раніцай я пабывала на адкрыцці аднаго з участкаў, прысутнічала пры апячатванні урнаў. Да гадзіны дня наведала яшчэ прыкладна сем участкаў. Я не ўпершыню з'яўляюся назіральнікам ад СНД і ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і магу параўноўваць. Цяпер галасаванне праходзіць нават спакайней, адчуваецца, што людзі, якія прыходзяць на ўчасткі, ужо ведаюць усіх кандыдатаў. За ўвесь час, пакуль была на галасаванні, бачыла толькі аднойчы, каб выбаршчык падышоў да інфармацыйнага стэнда і пачаў чытаць біяграфіі кандыдатаў. Гэта сведчыць пра тое, што людзі прыйшлі, відавочна, ужо зрабіўшы для сябе выбар. Напрыклад, у Расіі вельмі часта людзі прыходзяць і пачынаюць вывучаць інфармацыю, і толькі потым вырашаюць, за каго галасаваць. Ніякіх парушэнняў я пакуль не заўважыла. Увогуле, я ніколі не бачыла сур'ёзных парушэнняў у вашай краіне, іх не было і на ранейшых выбарах, калі быў «накат» з боку Захаду. Людзі прыходзяць і галасуюць, ніхто на іх не цісне. Думаю, што беларусы выберуць таго кандыдата, якому больш за ўсё давяраюць. Мы сустракаліся з Лідзіяй Міхайлаўнай Ярмошынай, яна заўсёды сустракаецца з назіральнікамі з розных арганізацый і падрабязна, з веданнем справы расказвае пра сітуацыю, таму гэтыя сустрэчы бываюць вельмі карысныя. Яна вопытны чалавек, і я ведаю, што галасаванне арганізуецца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Заканадаўства змяняецца, але гэтыя змены адпавядаюць рэальнасці. Калі параўнаць беларускую выбарчую кампанію з расійскай, то ў нас няма парога яўкі, але яўка на прэзідэнцкія і парламенцкія выбары бывае вельмі высокая. Моладзь прыходзіць групамі. Тут я бачу, што прыходзяць паасобку альбо сем'ямі. Магчыма, гэта таму, што ў нас выбары праходзяць у вельмі вострай палітычнай барацьбе. І прыходзіцца сачыць, каб не было такіх негатыўных з'яў, як «карусель». Тут я ўвогуле ніколі падобнага не бачыла. Так, у Беларусі ёсць датэрміновае галасаванне і ёсць яго крытыка. Але, з іншага боку, лічу, што няхай лепш будзе датэрміновае, чым пазбавіць людзей магчымасці прагаласаваць у іншы дзень. Няхай тыя, хто хоча ў нядзелю кудысьці з'ехаць, прыйдуць і спакойна прагаласуюць загадзя. Беларусь — спакойная, упэўненая краіна, людзі тут даўно ведаюць, што ім трэба, каму давяраць, а каму не. Апошнія дзесяцігоддзі развіцця Беларусі паказваюць, што беларусы не памыляюцца. Я часта бываю ў Мінску (у мяне муж беларус), рэгулярна прыязджаю з 1972 года. Беларусь — дагледжаная еўрапейская краіна, у якой вельмі прыемна знаходзіцца. Не ведаю ніводнага расіяніна, які пабываў бы ў Беларусі і не застаўся ў захапленні. Многія вельмі задаволены адпачынкам у беларускіх здраўніцах, сэрвісам, узроўнем медыцыны. Вы паціху, але ўпэўнена робіце тое, да чаго трэба імкнуцца любой краіне. Расіі ёсць чаму павучыцца, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Расія — вялікая шматнацыянальная краіна, у нас шмат праблем, у кожнага рэгіёна — спецыфічныя асаблівасці, таму ўсю Расію «а ля Беларусь» не зробіш, але імкнуцца да нейкіх асноўных рэчаў, безумоўна, трэба. Дарэчы, многія нашы гарады, асабліва тыя, што знаходзяцца паблізу заходніх межаў, бяруць прыклад з беларускіх гарадоў, якія нават глыбінкай не назавеш, бо ўсе яны дагледжаныя, прыведзеныя ў парадак. Беларускія райцэнтры — гэта не перыферыя, гэта проста прыгожыя невялікія еўрапейскія гарады.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.