Вы тут

Наша зборная перамагла славакаў


Напярэдадні перадапошняга матча ў адборачным цыкле чэмпіянату Еўропы 2016 года, які нашы футбалісты правялі ў Жыліне, Аляксандр Хацкевіч заявіў, што «ў матчы са славакамі вы ўбачыце нешта новае». І настаўнік, і яго падапечныя стрымалі слова і сапраўды паказалі зусім іншы футбол.

13-22

...На чацвёртай дабаўленай хвіліне Марцін Шкртэл упаў на калені ва ўласнай штрафной, замахнуўся і чатыры разы смачна ўдарыў кулаком па газоне. Гэта быў жэст бяссілля — за секунды да істэрыкі абаронцы «Ліверпуля» варатар зборнай Беларусі Андрэй Гарбуноў чарговы раз выратаваў беларусаў ад гола. «Аказалася, што наша каманда безадказна падышла да матча. У першай палове гульні не змаглі супрацьстаяць беларусам. Сапернік аказаўся на самай справе моцным, я нават здзіўлены», — прызнаваўся пасля гульні трэнер славакаў Ян Козак.

Сітуацыя складвалася не вельмі радасная: па-першае, амаль палову гульні правялі ўдзесяцёх, па-другое — на чужым полі, а па-трэцяе — супраць зборнай, у складзе якой ёсць гульцы славутых і грозных еўрапейскіх камандаў — «Ліверпуля», «Напалі» і «Мілана».

А ў нашых тым часам з абоймы здаровых футбалістаў услед за Глебам, Шытавым, Бегуновым, Калачовым, Маеўскім і Карніленкам выпаў і Ягор Філіпенка.

Букмекеры і футбольныя спецыялісты яшчэ да пачатку матча прадракалі беларусам паражэнне. Да гэтага іх прымушалі не толькі траўмы лідараў нашай зборнай, але і тое, што славакі перад пятнічнай гульнёй былі звышматываваныя. Гэта быў іх шанц датэрмінова аформіць выхад на Еўра-2016 ды яшчэ зрабіць гэта дома, на вачах у сваіх балельшчыкаў.

Беларусы ж пазбавіліся турнірнай перспектывы яшчэ пасля матча са зборнай Украіны, але гэта не перашкодзіла ім змагацца за пераможны вынік у канкрэтным матчы са славакамі. Каманда дзейнічала па прынцыпе «чым горш, тым лепш»: ні дэфіцыт выканаўцаў, ні чырвоная картка (пасля другога на працягу сямі хвілін папярэджання) Мартыновіча на 65-й хвіліне не перашкодзілі нашым суайчыннікам аформіць перамогу — 1:0.

Адзіны мяч у сустрэчы забіў Станіслаў Драгун, крыху пазней ён жа адзначыўся і ўдалай гульнёй каля сваіх варот, калі адбіў мяч, які ўжо перасякаў лінію. Некалькі неверагодных сэйваў здзейсніў варатар Андрэй Гарбуноў, ды і ў цэлым зборная паказала агрэсіўную, накіраваную на вынік гульню.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Аляксандр Хацкевіч:

— У нас многае атрымлівалася і ў пачатку гульні, і на працягу ўсяго першага тайма, і ў другім, да выдалення. Мы згулялі ў агрэсіўны футбол, ён прынёс нам вынік.

Выдаленне Мартыновіча паўплывала на гульню, але не на вынік, гэта самае галоўнае. Астатняе — умоўны лад. Мы пачалі і другі тайм вельмі актыўна. Зразумела, што ўвесь час прэсінгаваць і гуляць на чужой палове поля цяжка. Але фрагментарна мы гэта рабілі і пасля перапынку. Так, нам трэба было перастроіцца, да таго ж Коля Сігневіч папрасіў замену, сталі гуляць без нападаючых. Потым пайшоў прымітыўны футбол, небяспечныя моманты былі каля нашых варот, але асабліва славакі не напружвалі, а наш варатар выручаў.

Паўабаронца зборнай Беларусі Рэнан Брэсан:

— Гэта была добрая гульня ў нашым выкананні. Думаю, калі б не выдаленне, змаглі б забіць і другі мяч. Але галоўнае, што перамаглі і паказалі, на што здольная зборная. Шкада, вядома, што шанцаў на выхад з групы ў нас няма.

Паўабаронца зборнай Славакіі Роберт Мак:

— У мяне была выдатная магчымасць. Ужо бачыў мяч у варотах, але яго нейкім чынам дасталі з лініі. Нічога не зробіш, але мы не дамагліся мэты. Лік 0:1 склаўся з мноства фактараў. Да прапушчанага мяча дзейнічалі разнастайна, нядрэнна абараняліся. Пасля ўся лёгкасць кудысьці сышла. Магчыма, занадта асцярожна згулялі ў другім тайме. Усё гэта расчароўвае, таму што каманда хацела скончыць з усім дома ў Жыліне. Цяпер едзем у Люксембург — найважнейшы матч у кваліфікацыі, абавязаны там перамагчы.

Пройгрышам славакаў скарысталіся ўкраінцы, якія ў гасцях змаглі абыграць македонцаў (2:0) і зраўняцца па ачках са славацкай дружынай. Лідар групы С, зборная Іспаніі, без праблем разабралася з камандай Люксембурга — 4:0 і забяспечыла сабе пуцёўку на Еўра-2016.

Нагадаем, у фінальную частку Еўра-2016 выйдуць каманды, якія занялі 1-2-е месцы ў дзевяці кваліфікацыйных групах, а таксама найлепшая са зборных, якія занялі 3 месцы (па дадатковых паказчыках). Астатнія 8 камандаў, якія фінішуюць трэцімі, правядуць стыкавыя матчы, вызначыўшы яшчэ чатырох удзельнікаў фінальнага турніру кантынентальнага першынства.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

pressball.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.