Вы тут

Размінка для розуму


«МазгаБойня» — гэта ўжо даўно не проста «віктарына ў кавярні». «Псеўдаінтэлектуальныя вячоркі будзённага дня» — менавіта так, з гумарам, кажуць пра гульню яе стваральнікі.

Абстрагавацца ад мітусні, клопатаў, праблем ва ўтульным месцы збіраюцца людзі розных узростаў. Незвычайная гульня нагадвае «Што? Дзе? Калі?», але яна не такая афіцыйная, падобная да «Брэйн-рынгу», але больш масавая і вясёлая. Ды наогул, лепш не параўноўваць адно з адным, а проста ўсё пабачыць на свае вочы. І я накіравалася ў адзін з мінскіх клубаў — там якраз распачаўся дзявяты сезон «МазгаБойні».

13-24

Аднак, ажыятаж!

Пачатак а 19-й гадзіне. Каб заняць сабе месца, прыйшла ў клуб загадзя.

— Вечар добры! Вы з якой каманды? — пытаецца дзяўчына на ўваходзе.

— Не, я так, паглядзець, — адказваю я і думаю: ну вось, зараз «пагоняць» дадому.

— Тады, калі ласка, займайце месца вось тут, каля барнай стойкі, — усе столікі ў нас для камандаў. Зрэшты, чаму вы будзеце проста так сядзець? Праверце свае веды! — дзяўчына працягвае мне бланкі для адказаў.

Пашанцавала. Бяру лісточкі і спрабую адшукаць ручку. А людзі тым часам ідуць вялікай і бурнай плынню. Большасць з іх — маладыя хлопцы і дзяўчаты, але я бачу людзей і сталага ўзросту, а вось бегае дзяўчынка гадоў шасці. Як высвятляецца, абмежаванняў па ўзросце тут няма.

— «Міс Жытомір — 96»? Праходзьце прама і направа, ваш столік там.

«Нічога сабе, удзельнікі!» — думаю я і кручу галавой у пошуку той самай «міс». А, усё зразумела. Гэта такая назва каманды. Экспрэсіўна і арыгінальна, аднак. У прынцыпе, як і ў астатніх: «Метад тыку», «Ловім акуня», «Слон Генадзь», «Граф Кацейка», «Мякаць граніта навукі», «ДрымТым», «Месяцовы цукар», «Абы-хто»... Фантазіі камандам не займаць.

Кожная каманда займае месца за сваім столікам. Там можа сядзець адзін чалавек, а можа і дванаццаць, але ў сярэднім месцяцца па пяць-сем. У памяшканні становіцца горача, тут ужо сабралася больш за некалькі сотняў удзельнікаў.

Вядучы віншуе ўсіх з адкрыццём сезона і без пафаснай прадмовы пачынае гульню.

Пад... азартам

У гульні сем тураў, у кожным па сем пытанняў. Гучыць першае:

— Як вядома, чорны квадрат Малевіча — частка трыпціха. Назавіце астатнія работы з гэтай серыі.

Усе кінуліся раіцца, разважаць, прапаноўваць. Уключаюся і я: так, зараз узгадаю, узгадаю, мы ж праходзілі гэта на мастацтвазнаўстве. Бінга! Там яшчэ былі круг і крыж! Пішу адказ, а следам гучыць ужо іншае пытанне.

— Як перакладаецца на латынь «звычайны караблік»? (унізе змешчаны падказкі — выява ракавінкі і фотаздымак мужчыны).

Не, гэтага я ўжо дакладна не ведаю. Застаецца хіба што прасіць дапамогі ў гугла, але гэта не па правілах...

Хутка праходзіць першы тур, адзначаю, што пытанні былі не на веды, а на логіку і інтуіцыю. Агучваюць правільныя адказы. Высвятляецца, што «карабельчык» перакладаецца як... «Наўтылус Пампіліус»!

Тур другі. Камандам прапануюць падборку навін. На экран выводзяць фотаздымак саліста гурта «Mband», які нядаўна выступаў у Мінску. У яго вялікі «ліхтар» пад вокам. Пытанне — чаму? Народ смяецца і хуценька запаўняе карткі. Відаць, што большасць ведае. Адказ такі: гэта «падарунак» ад фаната, які шпульнуў у спевака бульбіну. Чым далей, тым цікавей.

Трэці этап — музычны. На сцэне з'яўляецца гурт «Artefact». Са сцэны льюцца песні «Моby», «Roxette», «HІ-FІ» і «Песняроў». І пакуль я магу сядзець і атрымліваць асалоду ад міні-канцэрта, удзельнікам трэба варушыць звілінамі.

— Калі вы не пазнаеце гэтую песню, нам будзе крыўдна, — кажа саліст гурта.

Прызнаюся, я не пазнала. Як высветлілася пасля, гэта быў уласны хіт выступоўцаў.

Вядучы жартуе:

— Хлопцы, вас тут з «Бітламі» параўналі — ганарыцеся!

Пасля музычнага штурму — невялікі перапынак і прамежкавыя вынікі. Пакуль у лідарах «Граф Кацейка», але яшчэ, як кажуць, не вечар.

Сакрэт поспеху

Вылаўліваю адну з удзельніц інтэлектуальнай «вечарыны». Марына прызнаецца, што на гульню трапіла выпадкова два гады таму, але ёй так спадабалася, што ўжо сёння яна прыйшла сюды з уласнай камандай — «Увядзіце назву».

— У сённяшнім імклівым жыцці складана знайсці час на сустрэчы з сябрамі. «МазгаБойня» вырашае гэтую праблему. Падчас гульні з кучы варыянтаў трэба вылучыць галоўныя і скласці з іх пазл. Таму пастаянна трэба быць у тонусе: глядзець навіны, слухаць музыку, цікавіцца мастацтвам, чытаць кнігі. Гульня, бясспрэчна, развівае.

Гучаць пытанні на веданне паэзіі, гісторыі, мастацтва, геаграфіі (прычым як «далёкай» — адгадаць, якая краіна на карце, так і «мясцовай» — назваць вуліцу Мінска, дзе месціцца пэўны будынак). Крыху адрозніваецца апошні тур — бліц. Там пытанні карацейшыя і часу на адказы даецца менш.

Глянула на гадзіннік — 21.00! Час праляцеў імгненна. Падлічваюцца вынікі. Перамагла каманда «5 сек». Для іх — невялікі падарунак ад арганізатараў. Зрэшты, дзе яны? Знаёмлюся з Кацярынай Максімавай (дзяўчынай, якая сустракала ўдзельнікаў на ўваходзе) і Аляксандрам Ханіным (вядучым мерапрыемства).

— Як з'явілася ідэя гульні?

— Ідэя пытанняў і адказаў не новая ў свеце. Многія лічаць, што «МазгаБойня» — поўная копія літоўскай гульні, але памыляюцца. Фармат нашай «МазгаБойні» прыдумвалі мы самі — канцэпцыю, назву, паслядоўнасць... Дзякуй Богу, паспелі ў свой час зарэгістраваць гандлёвую марку і лагатып. Зрэшты, нам ужо хутка споўніцца чатыры гады. І нас усё больш і больш.

— Ведаю, што геаграфія гульні ўжо выйшла за межы Беларусі...

— Так. Дзесьці праз тыдзень з «МазгаБойняй» пазнаёмяцца ў Берліне, а таксама ў Львове і ў Кіеве. Ужо даўно гуляюць і ў Расіі. Мы ўжо не кажам пра Беларусь! Тут гуляюць ва ўсіх вялікіх гарадах, акрамя хіба што Наваполацка ды Мазыра, але гэта, мы ўпэўнены, толькі пытанне часу.

— Зрэшты, як трапіць у вашу «тусоўку»?

— Трэба толькі жаданне. А далей збіраеце каманду ды рэгіструецеся на гульню. (Гэта можна зрабіць у нашай суполцы ў кантакце https://vk.com/mozgoboj.) Ажыятаж вакол яе вялікі. Таму размяркоўваем спісы на гульню па днях і месцах, пры гэтым максімальна ўлічваем пажаданні гульцоў.

— А саму гульню доўга рыхтуеце?

— Тут важна зачапіцца за цікавае. Вось ідзеш па вуліцы — чуеш класную песню і думаеш: так, трэба яе ў музычны тур. А ўжо афармленне, тэхнічныя пытанні вырашаем за тыдзень да гульні. «МазгаБойня» — наш маленькі мастацкі твор. Мы ў яе ўкладваем душу, і людзі гэта адчуваюць, таму з кожным годам нас становіцца больш. Зрэшты, збіраемся мы з кастрычніка па чэрвень. Кожная гульня праходзіць за тры-чатыры дні ў некалькіх установах. Кошт удзелу ў ёй сёння — 50 тысяч рублёў з чалавека.

Дзякую ім за цудоўны вечар. Ведамі падсілкавалася, музыку паслухала, адным словам, адпачнула з карысцю. Раю і вам самім у гэтым пераканацца.

Хрысціна Хілько

Фота Віталя МАТУСЕВІЧА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.