Вы тут

Свет сучаснай кнігі


Распачаўшы рэспубліканскую акцыю «Сямейнае чытанне» (заснавальнікі — Міністэрства інфармацыі, Беларускі саюз жанчын, Выдавецкі дом «Звязда»), яе арганізатары і актыўныя ўдзельнікі вырашылі адказаць на самае галоўнае пытанне: а што ж чытаць? Якім павінен быць выбар галоўнай ці проста цікавай і патрэбнай кнігі? І ў пошуку адказаў на гэтае пытанне «Звяздзе» дапамогуць выдаўцы, бібліятэкары, пісьменнікі, а часам і проста чытачы. Сённяшні суразмоўца — дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», паэт і празаік Алесь Бадак.

13-25

— Завяршаецца чарговы год. Чым ён быў найбольш цікавы для «Мастацкай літаратуры»? Якая самая яркая кніга, на ваш погляд, характарызуе выдавецтва ў гэтым годзе?

— Думаю, адказаць на гэтае пытанне не проста складана, а нават немагчыма. І не толькі таму, што выбіраць трэба з цэлай сотні найменняў. Але яшчэ і таму, што выдавецтва актыўна працуе ў розных кірунках. Мы выдаём і класіку, і сучасных аўтараў, мастацкую літаратуру і дакументальную, дарослую і дзіцячую. Але, безумоўна, у першым шэрагу кніг, выдадзеных у гэтым годзе, стаяць чарговыя тамы Збору твораў Уладзіміра Караткевіча (нядаўна з'явіўся дзясяты) і «Залатой калекцыі беларускай літаратуры», якая на днях папоўнілася томам Кузьмы Чорнага. Калі ж гаварыць пра сучасную літаратуру, то, як можа ні дзіўна камусьці падасца, я ў першую чаргу назваў бы кнігу «Мой дзень пачынаецца», якую склалі вершы і апавяданні 45 маладых аўтараў. Вось мы часта гаворым пра тое, што сённяшнім маладым куды лягчэй выдавацца, чым гэта было, скажам, у 70-я ці 80-я гады мінулага стагоддзя. Вядома, яно так і ёсць, але ва ўсе часы і ў літаратуры былі тыя, хто ўмеў неяк прапіхнуць сябе, выдацца і раз, і два, і тры, хоць і таленту асаблівага ў іх можа не было. І ва ўсе часы былі тыя, якія не ўмелі абіваць парогі выдавецтваў і рэдакцый, хоць, магчыма, якраз яны і вартыя самай пільнай увагі ці, прынамсі, большай падтрымкі з разлікам на тое, што з іх з часам могуць атрымацца вельмі цікавыя і арыгінальныя пісьменнікі. Тое ж адбываецца і сёння. Таму хацелася, каб у зборніку «Мой дзень пачынаецца» было прадстаўлена як мага больш аўтараў. Ну а пасля такая аўтарская шматлікасць дазваляе скласці найбольш цэласнае ўяўленне пра маладую літаратуру.

— Алесь Мікалаевіч, а калі гаварыць пра асноўную плынь выдавецкай дзейнасці, асноўныя кірункі «Мастацкай літаратуры», то нечым яны адрозніваюцца апошнім часам?

— Я хутчэй сказаў бы, што сёння мяняецца сам падыход да фарміравання выдавецкіх планаў. Мы вельмі ўважліва ставімся да таго, што патрэбна нашым бібліятэкам, што найбольш запатрабавана Саюздрукам. Зразумела, гэта ніякім чынам не разыходзіцца з нашай выдавецкай палітыкай, якая скіравана найперш на выданне якаснай мастацкай літаратуры. Такія пастаянныя кантакты, аналіз вельмі дапамагаюць нам у вызначэнні тыражу той ці іншай кнігі, нават у стварэнні новых серый. Напрыклад, мы задумалі ў наступным годзе пачаць дзве новыя серыі: «Бібліятэка выбраных твораў» і «ПазаКласнае чытанне» («К» з вялікай літары, бо мы спадзяёмся, што гэтыя творы падлеткі, якім яны і адрасаваны, сапраўды, палічаць класнымі). Перад тым як распрацоўваць гэтыя серыі, мы, безумоўна, раіліся з бібліятэкамі.

— Сёння шмат гавораць пра рэйтынгі... Вы на іх зважаеце? Якія кнігі «Мастацкай» у рэйтынгу найбольш чытэльных выданняў ці ў ліку найбольшых продажаў у кнігарнях?

— Безумоўна, рэйтынгі — гэта заўсёды цікава, карысна, гэта тое, што нельга абыходзіць увагай. Але пры гэтым трэба не забываць, што рэйтынгі бываюць розныя. Правядзіце аднолькавае апытанне сярод філолагаў, гэта значыць, сярод тых, для каго мастацкая літаратура мае непасрэднае дачыненне да іх прафесіі, а значыць, і літаратуру яны ацэньваюць, не ў апошнюю чаргу, з пункту гледжання яе навізны, арыгінальнасці, і людзей, для якіх літаратура — гэта магчымасць «забіць» некалькі хвілін вольнага часу, напрыклад, у дарозе. Вынікі, хутчэй за ўсё, будуць вельмі адрознівацца. Не сакрэт жа, што для адпачынку трэба што-небудзь просценькае, што не вельмі напружвае: лёгкі дэтэктыў, лёгкая фантастыка, лёгкі любоўны раман — прычым творы, якія ствараюцца па адным клішэ, нібы пад капірку. А арыгінальная літаратура не церпіць паўтораў, копій.

З іншага боку, калі гаварыць пра розныя рэйтынгі, то няцяжка прыйсці да высновы, што сёння не самым вялікім попытам карыстаецца паэзія. Але мы не можам яе не выдаваць, паколькі гэта адзін з самых важных літаратурных жанраў, які, нават пры, здавалася б, невялікіх тыражах, вельмі ўздзейнічае, уплывае на наша духоўнае, культурнае жыццё.

А ўвогуле, вельмі радуе, што ў ліку самых папулярных у продажы па-ранейшаму творы гістарычнай літаратуры — гэта сведчыць пра тое, што беларусы неабыякавыя да сваёй гісторыі. Праўда, тут усё-ткі, як і некалі, самы папулярны аўтар — Уладзімір Караткевіч. Вельмі шмат званкоў — ці выйшаў чарговы том яго Збору твораў, дзе можна набыць... Мне здаецца, сучасным аўтарам трэба актыўней шукаць менавіта сваю нішу ў гістарычным жанры, а не ісці па слядах папярэднікаў.

— Вельмі часта сёння ў друку гаворыцца пра прарыў дзіцячага кнігавыдання. Ды некалі «Мастацкая» далучыла да сябе такое аўтарытэтнае выдавецтва, як «Юнацтва»... Свет сучаснай дзіцячай кнігі, якім ён уяўляецца з вокнаў выдавецтва?

— Мяне вельмі радуе, што гэты свет вельмі разнастайны. Сёння можна гаварыць і пра дзіцячую прыгодніцкую літаратуру, і пра дзіцячую фантастыку, і пра дзіцячы дэтэктыў, і нават пра дзіцячую інтэлектуальную літаратуру. Пачытайце кнігі Раісы Баравіковай, Георгія Марчука, Пятра Васючэнкі, каб у гэтым пераканацца. А ёсць жа і больш маладыя аўтары, якія па-свойму малююць гэты свет — напрыклад, тая ж Алена Мальчэўская.

— Якога рукапісу вам як выдаўцу сёння нестае?

— Напэўна, рукапісу, які меў бы вельмі вялікі чытацкі попыт, пра які ўсе гаварылі б, спрачаліся ў інтэрнэце, на старонках нашых літаратурных выданняў і які пры гэтым быў бы высокамастацкай літаратурай.

— Такая важкая дзялянка, як пераклады чужых нацыянальных літаратур на беларускую мову... Работа над выданнем перакладной літаратуры заўсёды была ў полі зроку «Мастацкай». Выходзілі альманахі «Братэрства», «Далягляды». Як складваюцца абставіны ў гэтых абсягах цяпер?

— Калі перакладная дзіцячая літаратура ў нас выходзіць досыць рэгулярна, то перакладная дарослая, на жаль, ад выпадку да выпадку. На гэта ёсць свае прычыны: і тое, што не заўсёды проста вырашыць праблемы з аўтарскімі правамі, і тое, што папулярныя замежныя аўтары ў большасці сваёй ужо прысутнічаюць на нашым кніжным рынку на рускай мове. Але, я ўпэўнены, гэтая сітуацыя паступова будзе выпраўляцца, паколькі любы пераклад адметных твораў замежнай літаратуры толькі дапамагае далейшаму развіццю сваёй літаратуры. Якім бы ні быў насычаным кніжны рынак, месца на ім хопіць усім, проста трэба больш актыўна і самааддана працаваць.

— Значыць, трэба выбіраць «класнае чытанне»?..

— А чаму б і не?!

— І з яго павінен пачынацца дзень...

— І завяршацца ў сям'і ў цёплай і ўтульнай атмасферы, калі кніга, чытанне яднаюць пакаленні, саграваюць думкамі, вобразамі, уражаннямі.

— Нельга не пагадзіцца з вамі, Алесь Мікалаевіч.

Гутарыў Сяргей Шычко.

Як пасляслоўе. А вы, шаноўныя чытачы, якіх кніг чакаеце ад айчынных выдавецтваў? Дзяліцеся з намі сваімі думкамі, выкладайце іх з разлікам, што вас пачуюць і яны могуць стаць падставай для новых творчых здзяйсненняў. Да новых сустрэч! Прыемнага чытання!

Фота Наталлі Аляксандравай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».