Вы тут

«Мне і цяпер хочацца танцаваць»: карэспандэнт «Звязды» завітаў у госці да 101-гадовай жыхаркі Віцебска


Бабуля здзівіла энергічнасцю, добрай памяццю, пачуццём гумару. Уявіце сабе: у такім паважаным узросце пенсіянерка мые ўручную, кухарыць, ходзіць у краму купіць нешта смачненькае. Да сацыяльнага работніка адносіцца, як да роднай дачкі. Заўсёды рада гасцям. Сустрэўшы на лесвічнай пляцоўцы нашага карэспандэнта, доўгажыхарка яго расцалавала. У яе аднапакаёвай кватэры чыста і ўтульна. І зусім не «пахне» старасцю.
14-17

«Плакала і прасіла... маму»

Бабулі 101 год споўніўся 2 жніўня. Яна добра памятае сваё далёкае дзяцінства.

— Нарадзілася ў вёсцы Гарбунова Віцебскага раёна. І мае продкі адтуль. Бацька адзін на ўсю вёску быў пісьменным. Мама памерла, калі мне і двух гадоў не было. Я добра памятаю, як я плакала і прасіла маму. Чаму ў іншых яна ёсць, а ў мяне няма? Бацька, як мог, супакойваў. Гаварыў, што мама паехала па пакупкі і хутка вернецца. Маўляў, яна прывязе мне стужак і «жучкоў» розных у валасы. Замаўляе, а сам плача... Потым ажаніўся зноў. Ад першай жонкі чацвёра дзяцей у яго было, і ад другой столькі ж. Працаваў бацька старшынёй сельсавета. Памёр, калі мне было каля 6 гадоў, — успамінае Марыя Кліменцьеўна Зіноўева.

Тое, што яна расказвала далей, сучасным дзецям, вядома ж, не зразумець. Яе — дачку фактычна начальніка ў вёсцы — пасля яго смерці прымусілі, так бы мовіць, у «полі працаваць». За кавалак хлеба пасвіла скаціну, даглядала чужых дзяцей, прыбірала.

Ужо ў 12 гадоў Марыя зарэгістравалася на біржы працы. Наводзіла разам з равеснікамі парадак на вуліцах, абкопвала дрэвы. Плацілі мала, але трэба было зарабляць, каб купіць самыя танныя абутак і адзенне.

— У 17 гадоў у лікбез спачатку паступіла. Там людзі рознага ўзросту на працягу 6 месяцаў вучыліся толькі чытаць і распісвацца. І з атэстатам маглі ў школу паступаць. Скончыла 5 класаў... У той час катастрафічна не хапала гандляроў. Нас, маладых, па тры чалавекі да крам «прымацоўвалі». Спачатку не давяралі гандляваць. Прымушалі на сабе пераносіць тавар розны: крупы, муку, хлеб. І ніхто ж не даў 3 капейкі на трамвай. Тады трамваі былі конныя: тры кані цягнулі вагон. Так, дорага каштаваў квіток. Пачак запалак — палову капейкі, марожанае — 9 капеек. Апошняе ў кубачак укладвалі, і вельмі смачнае яно было. Такога цяпер няма. Потым за 6 месяцаў навучылі прымаць тавар, з шалямі працаваць, карыстацца касавым апаратам, — з падрабязнасцямі расказвае доўгажыхарка.

Аднойчы, калі інкасатары прыехалі па выручку, высветлілася жахлівае. У касе Марыі не хапала шмат грошай. На іх можна было купіць тону хлеба...

14-16

Аператыўнік у... жаночым адзенні

Марыю маглі б пасадзіць. Але ж пашкадавалі. Начальнікі і калегі ўголас гаварылі, што яна, хай і сірата, але добра выхавана. Каб скрасці — гэта не пра яе.

— Я месца сабе не знаходзіла, так перажывала. Я ж у дзень крадзяжу толькі адзін раз у прыбіральню выйшла. А ўвесь астатні час знаходзілася ў гандлёвай зале... Падчас расследавання крымінальнай справы на тыдзень у краму мужчыну ў жаночай вопратцы паставілі. У выніку і злавілі злодзея на месцы злачынства. Ім аказаўся грузчык малады, які з вёскі родам. А з мяне знялі ўсе абвінавачванні! Такое маё шчасце было! — дзясяткі гадоў прайшло, а яна па-ранейшаму радуецца справядлівасці.

Як і таму, што ў 1936 годзе выйшла замуж за прыгожага мужчыну.

— Мой муж ваенны быў. Прыходзіў у краму, а глядзеў на мяне! (Так яна са смехам адказала на пытанне, дзе яны пазнаёміліся. — Аўт.) Калі заляцаўся да мяне, быў малодшым лейтэнантам, у авіяцыі служыў механікам. Пра армейскія будні ён мала мне расказваў. Жылі мы ў мястэчку Ула — у дамах гаспадароў. Здымалі жыллё ў полькі. Яе муж працаваў на льнозаводзе. Трасту, памятаю, прыносіў. Мы ёй печку распальвалі... Бойня скаціны была ў мястэчку. Дык мужыкі з задавальненнем мянялі мясное на махорку. Апошняй у ваеннай часці можна было браць шмат. Вось я і займалася «бартарам». Яны табе за махорку любое мяса прынесці маглі: з косткамі і без іх... І на матэрыю махорку можна было лёгка абмяняць, — распавядае суразмоўніца пра «валюту» даваеннага часу.

Перад вайной муж з'ехаў у камандзіроўку. Пісаў, што ў чэрвені водпуск. Ён знік без вестак. І праз 70 гадоў пасля Перамогі бабуля сумуе без яго. З любоўю паказала фота, на якім яны разам. Падчас акупацыі Віцебска Марыя Кліменцьеўна вымушана была мыць пакоі, дзе жылі немцы, працаваць на кухні. Сказала, што горш за астатніх ставіўся да яе паляк у нямецкай форме. Пляваў у суп, якім кармілі... Жанчына адна з меней за 200 гараджан, якія засталіся ў Віцебску напярэдадні яго вызвалення чырвонаармейцамі.

Другім мужам стаў удавец, прараб, бацька чацвярых дзяцей. Самаму маленькаму з іх было 13 гадоў. Сумесных дзяцей у іх не было. Працавала Марыя Кліменцьеўна гандляром. І шалі выдавала на рынку, і мяса секла. Пайшла на пенсію, калі ёй было за 80 (!). Да гэтага гадоў 18 працавала на кухні ў дзіцячым садку. Ганарыцца тым, што там пра яе не забываюць, наведваюць. А яна і цяпер і закуску зробіць, і стол сама накрые...

Родныя не забываюць

Усё цікавіўся сакрэтам даўгалецця. Сказала доўгажыхарка, што ў ежы сябе не абмяжоўвае.

— І спяваць люблю. Цяпер на святы, калі ў кватэрах музыка, дык толькі так па галаве і б'е: бум і бум. А раней песні спявалі... А як гармонік зайграе, дык ногі самі ў танец несліся. Мне і цяпер хочацца танцаваць, — здзіўляе маладой душой бабуля.

Яна можа пахваліцца параўнальна добрым здароўем. У прыватнасці, акуляры не носіць. Чытае праз лупу. Спіць добра. Сказала, што Бог яе выратоўваў падчас дзвюх аперацый. Іх зрабілі гадоў 12 таму.

Бабуля яе па мацярынскай лініі пражыла 105 гадоў. Можа, усё ж такі гены адыгрываюць сваю ролю... Марыя Кліменцьеўна цікавіцца палітыкай. Вельмі перажывае за падзеі ва Украіне. Дзякуе Богу за тое, што жывыя і здаровыя яе шматлікія пляменнікі, пляменніцы, унукі і праўнукі. Не забываюць. Унук, напрыклад, рамонт зрабіў...

Сацыяльны работнік Тамара Хлусевіч распавяла, што яе падапечная заўсёды ў руху. Мые ўручную, кветкі даглядае старанна, нават у краму ходзіць. Хаця, зразумела, ёй работнік усё прыносіць. Але ж бабулі хочацца, як кажуць, «пайсці ў людзі».

— Паслугі сацыяльнага работніка даступныя па цане. Усяго 6,4 тысячы рублёў — кошт аднаго візіту. Апошніх можа быць 2-3 разы на тыдзень, калі патрабуецца, і больш... За кожным работнікам замацаваны да 10 старых. Каб нехта з іх быў незадаволены якасцю абслугоўвання, такіх выпадкаў не было. І, упэўнена, не будзе, бо мае падначаленыя адносяцца да гэтых адзінокіх людей, як да сваякоў, — тлумачыць Ірына Собаль, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Віцебска.

Паводле інфармацыі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, на Віцебшчыне 74 доўгажыхары. Сярод тых, каму споўнілася 100 гадоў і больш, усяго 5 мужчын (інфармацыя на 1 ліпеня. — Аўт.). Самы паважаны ўзрост — 113 гадоў — у жыхаркі Наваполацка. У краіне ж усяго больш за 550 доўгажыхароў. Няхай жывуць доўга!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.