Вы тут

Стандарты міжнароднага ўзроўню


Генасамблея МЭК, якая праходзіць у Мінску, адкрывае новыя магчымасці для айчынных вытворцаў.

У Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця 79-й Генеральнай асамблеі Міжнароднай электратэхнічнай камісіі. Як адзначыў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, гэта падзея з'яўляецца знакавай для Беларусі і будзе садзейнічаць фарміраванню яе іміджу як дзяржавы з прывабнымі ўмовамі для вядзення бізнесу, сучасным узроўнем прамысловасці і навукі.

14-37

 Падчас цы­ры­мо­ніі ад­крыц­ця 79-й Ге­не­раль­най асамб­леі МЭК.

Высокая якасць у прыярытэце

Падчас урачыстага адкрыцця прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў у сваім выступленні падзякаваў прэзідэнту МЭК Дзюндзі Намура і генеральнаму сакратару, выканаўчаму дырэктару МЭК Францу Врэсвіку за падтрымку рашэння аб правядзенні Генасамблеі ў Беларусі. Паводле яго слоў, прамысловасць нашай краіны арыентуецца на выпуск якаснай прадукцыі, укараненне інавацый, мадэрнізацыю тэхналагічных і кіраўнічых працэсаў, а таксама эканомнае выкарыстанне рэсурсаў. Прычым найбольш актуальныя гэтыя пытанні менавіта зараз якраз таму, што на глабальным рынку як ніколі раней узмацняецца канкурэнцыя, а таксама развіваюцца інтэграцыйныя працэсы ў многіх рэгіёнах. Сёння развіццё любой эканомікі непарыўна звязана з рацыянальным выкарыстаннем усіх відаў рэсурсаў і энергазберажэннем, таму павышэнне эфектыўнасці выкарыстання энергіі з'яўляецца адной з базавых умоў устойлівага развіцця эканомікі. Андрэй Кабякоў адзначыў, што ўдзел Беларусі ў міжнародных арганізацыях па стандартызацыі дапамагае фарміраваць прадуманую тэхнічную палітыку краіны, што дазваляе скараціць выдаткі і спрыяе спрашчэнню для міжнароднага гандлю.

Вызначаць тэхналогіі будучыні

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка ў сваю чаргу адзначыў, што карысць для прамысловасці і бізнесу Беларусі ад правядзення мерапрыемства відавочная. Ён мяркуе, што падзея паспрыяе актывізацыі ўдзелу беларускіх экспертаў у міжнароднай стандартызацыі.

«Сфера дзейнасці Генеральнай асамблеі МЭК мае на ўвазе распрацоўку міжнародных стандартаў у галіне энергетыкі, электратэхнікі, электронікі, інфармацыйна-камунікацыйных прыбораў — усяго таго, што з'яўляецца асновай для развіцця тэхналогій будучыні. Можна сказаць, што тыя пасяджэнні, якія праходзілі ўвесь мінулы тыдзень да цырымоніі адкрыцця, вызначалі, якой заўтра будзе тэхніка і энергетыка», — растлумачыў Віктар Назаранка.

Ён таксама расказаў, што для экспертаў усяго свету асабліва важным з'яўляецца абмеркаванне таго, што зменіцца ў будучыні для спажыўцоў электрычнасці.

«Для нашай краіны асабліва важна развівацца разам з сусветнымі стандартамі. Каб быць канкурэнтаздольнымі, неабходна ствараць свае стандарты, на якія будуць арыентавацца іншыя краіны. Мы экспартаарыентаваная дзяржава, нам важна ведаць, што трэба ў іншых рэгіёнах, і таму мы павінны актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах, якія адбываюцца ў сферы стандартызацыі», — падкрэсліў Віктар Назаранка.

Прэзідэнт МЭК Дзюндзі Намура і генеральны сакратар МЭК Франц Врэсвік адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі Генасамблеі.

«Мы лічым, што гэтая сустрэча мае важнае значэнне для прамысловасці Беларусі. Гэта магчымасць для вашых экспертаў сустрэцца з калегамі з усяго свету. Больш за тое, у рамках сустрэч тэхнічных камітэтаў плануецца распрацоўка новых стандартаў, дзе беларускі бок можа ўзяць удзел», — адзначыў сакратар МЭК Франц Врэсвік.

Падчас 79-й Генеральнай асамблеі МЭК эксперты будуць абмяркоўваць пытанні ўкаранення аднаўляльных крыніц энергіі, рацыянальнага выкарыстання электрычнасці, сучасных прыбораў і абсталявання — усё тое, чым сёння могуць карыстацца і ўжываць у свеце найбольш развітыя краіны.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.