Вы тут

Адметныя: як прадставіць Беларусь за мяжой?


Уявіце сабе: вы трапляеце за мяжу, ідзяце па вуліцы, бачыце помнік, спыняецеся. І з цеплынёю думаеце: «Наш!»... Так можна пабачыць помнікі Янку Купалу ў Нью-Ёрку, Маскве, Ашдодзе (Ізраіль), мемарыяльную дошку Купалу ў Рызе і Вільнюсе, можна прайсціся па вуліцы Радзівілаў у Парыжы, пабачыць мемарыяльную дошку Скарыну ў чэшскай Падуі, а помнік — у Празе... Але ці дастаткова ведаюць за мяжой выдатных дзеячаў беларускай культуры? Як яшчэ можна ўшанаваць памяць тых, хто зрабіў шмат для развіцця нашай культуры за межамі Беларусі?

Захады да вырашэння гэтых пытанняў абмяркоўвалі за круглым сталом у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Прыкладам таго, як можна ўшаноўваць нашых славутых землякоў, можна лічыць беларуска-славацкі праект «Шляхамі Янкі Купалы». Паводле слоў дырэктара музея Янкі Купалы Алены Ляшковіч, «гэта была рэканструкцыя гістарычнай вандроўкі Янкі Купалы 1935 года». Шмат намаганняў для яго рэалізацыі зрабіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі ў Беларусі ў 2008-2013 гг. Мар'ян Серватка, які яшчэ пераклаў вершы беларускага паэта: «Я прапаноўваю нашым краінам супрацоўнічаць. Перад нашымі народамі ёсць шмат вялікіх і маленькіх крокаў, і гэта немагчыма прыпыніць», — сказаў ён

Гэта не адзіны праект, арганізаваны з мэтай папулярызацыі беларускай культуры. Не так даўно стварылі Нацыянальны цэнтр культуры пры Пасольстве Беларусі ў Францыі. Прыносіць плён таксама пошук за межамі Беларусі — напрыклад, у Беластоку знайшлі невядомыя творы Язэпа Драздовіча. Усё гэта зроблена для таго, каб не толькі нашы суседзі, але і суайчыннікі разумелі, наколькі наша культура каштоўная, і што яна цікавая еўрапейцам.

«Мемарыялізацыя фіксуе беларускую прысутнасць у свеце. Мы павінны працаваць са спадчынай, якая, на жаль, часта застаецца за мяжой. У Беларусі толькі 10 кніг Скарыны з 440. Тое ж самае з жывапісам Шагала, Малевіча, Кандзінскага. Гэта ўсё вяртаецца фрагментарна. Тым не менш справа вывучэння і вяртання — першачарговая. Мы самі ўсё не асілім — нам патрэбна дапамога замежжа», — сказаў Алесь Суша, намеснік дырэктара па навуцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

«Нават тое, што робіцца, на жаль, робіцца несістэмна. Калі мы не будзем весці працу, запрашаць да нас, ездзіць у іншыя краіны, — нічога не зменіцца. Мы павінны ведаць сябе, свой значны ўнёсак у сусветную культуру», — гаворыць саветнік Галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Віталь Корнеў.

«Пачынаць трэба са школы, займацца мэтанакіраванай папулярызацыяй беларускай культуры ў сваёй жа краіне. Усё, што праводзіцца дзеля гэтага, пакуль кропкавае. Гэта і наша бяда, і наша віна, што няма сістэмнага падыходу да мемарыялізацыі і захавання імёнаў», — лічыць галоўны спецыяліст Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Лебедзь.

Палюбіць сваю культуру — гэта першы крок да яе разуменняі, пасля чаго хочацца падзяліцца думкамі і набыткамі з іншымі. І калі будзе створана «сілавое поле», то далучыцца і «культурная дыпламатыя».

Сёння ўжо ёсць планы на тое, каб прайсці шляхамі Якуба Коласа ў Парыжы, усталяваць некалькі мемарыяльных дошак Янку Купалу ў Славакіі. Налета збіраюцца прэзентаваць у Фінляндыі кнігу «Беларусь — Фінляндыя». Акрамя гэтага, у 2017 годзе ў Татарстане з'явіцца помнік Янку Купалу (яго эскізнае рашэнне ўжо зрабіў скульптар Павел Вайніцкі), а сёлета ў 16 гарадах Латвіі праходзяць 2 месяцы беларускай культуры; у Літве, Латвіі і Чэхіі пройдуць канферэнцыі па творчасці Францыска Скарыны. Застаецца толькі спадзявацца, што ўсе гэтыя задумы спраўдзяцца і прынясуць плён, бо «культура — гэта не тое, што раздзяляе. Гэта тое, што нас аб'ядноўвае».

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».